ЗІ́ВЕРТ,

адзінка эквівалентнай дозы выпрамянення ў СІ. З. роўны эквівалентнай дозе, пры якой здабытак паглынутай дозы ў біял. тканцы стандартнага складу на сярэдні каэфіцыент якасці роўны 1 Гр. Абазначаецца Зв. Пераважна выкарыстоўваюцца адзінкі 1 мкЗв = 10​-6 Зв i 1 мЗв = 10​ Зв.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГАМІЦЭ́ТЫ

(Zygomycetes),

клас ніжэйшых грыбоў. 4 парадкі: мукаральныя (Mucorales), эндаганальныя (Éndogonales), энтамафтаральныя (Entomophthorales), заапагавыя (Zoopagales). 40 родаў, больш за 500 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі каля 20 відаў з парадкаў мукаральных і энтамафтаральных. Сапратрофы, ёсць паразіты. Пасяляюцца ў глебе, на агародніне, псуюць харч. прадукты, выклікаюць мукарамікозы жывёл і чалавека, гніенне с.-г. прадукцыі. Некат. віды з родаў мукор, фікаміцэс і інш. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. і харч. прам-сці, віды энтамафтаральных — для біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Міцэлій добра развіты, шмат’ядзерны, няклетачны, у спелым стане падзелены на клеткі. У клетачных абалонках ёсць хіцін, хітазан, часам глюкан. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак) з утварэннем зігаспораў (адсюль назва). Зігота ўтварае спарангій з рознымі па палавым знаку спорамі ў адрозненне ад бясполага спарангія. Бясполае размнажэнне нерухомымі спарангіяспорамі або канідыямі. Органы бясполага размнажэння марфал. разнастайныя (сістэм. прыкмета).

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГАМО́РФНАЯ КВЕ́ТКА,

кветка, у якой праз вось суквецця можна правесці толькі адну плоскасць сіметрыі, напр., у бабовых, губакветных, архідных. Узнікла ў працэсе эвалюцыі як вынік прыстасаванасці да апылення насякомымі, якія могуць пранікаць у кветку адзіным шляхам.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ГМАНДЗІ, Жыгмандзі (Zsigmondy) Рыхард Адольф (1.4.1865, Вена — 23.9.1929), аўстрыйскі фізікахімік. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1887) і Мюнхенскі ун-т (1889). З 1903 у Гётынгенскім ун-це (праф. з 1908). Навук. працы па калоіднай хіміі. Прапанаваў класіфікацыю калоідных часцінак, устанавіў мікрагетэрагенную прыроду калоідных раствораў і даследаваў іх уласцівасці. Сканструяваў шчылінны аптычны (для назірання броўнаўскага руху часцінак калоідных раствораў, 1903) і імерсійны (1913) ультрамікраскопы. Вынайшаў мембранны (1918) і звыштонкі (1922) фільтры для ультрафільтрацыі калоідных раствораў. Нобелеўская прэмія 1925.

Р.Зігмандзі.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́Г-МАШЫНА, зік-машына (ням. Siekenmaschine),

станок (машына) для ўтварэння на тонкіх лістах, трубах паглыбленняў і выступаў (зігаў) шляхам абкаткі паміж двума прафіляванымі ролікамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. На З. робяць таксама праўку і каліброўку зігаў.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГО́ТА

(ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГФРЫ́ДАН Іван

(Зігфрыд Іаган),

бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЕ́ДАНІС (Ziedonis) Імант Янавіч

(н. З.5.1933, пас. Рагацыемс Тукумскага р-на, Латвія),

латышскі пісьменнік. Нар. паэт Латвіі (1977). Скончыў Латв. ун-т (1959). Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Зямля і мара» (1961), «Дынаміт сэрца» (1963), «Як свечка гарыць» (1971), «Скразняк» (1975), «З кветкай цудоўнай лілеі ў руцэ» (1979), «Напад матылькоў» (1988), кн. «Паэмы пра малако» (1977), кніг нарысаў «Дзённік паэта» (1965), «Курземітэ» (кн. 1—2, 1970—74), філас. мініяцюр «Эпіфаніі» (кн. 1—2, 1971—74) і інш., адметных зваротам да духоўнага аблічча сучасніка і нар. традыцый. Дзярж. прэмія Латвіі 1967. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Р.Барадулін, В.Сёмуха.

І.Я.Зіеданіс.

т. 7, с. 65

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Лаўрэнцій

(сапр., верагодна, Куколь; 1550-я г., мяст. Тустынь, цяпер Івана-Франкоўскай вобл., паводле інш. звестак с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — каля 1634),

бел. педагог, царкоўны дзеяч, перакладчык. Брат С.Зізанія. Працаваў выкладчыкам у правасл. брацкіх школах Львова (да 1592), Брэста (1592—95), Вільні (1595—97), хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага (1597—1600), князёў А.Астрожскага (1600—03) і Я.Карэцкага (да 1618). У 1596 у Вільні ў брацкай друкарні выдаў азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», у якую ўключыў «Лексіс...» — тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараслав. мовы, набліжаў навучанне да жывой мовы народа, пашыраў кругагляд вучняў, а таксама «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слова».

Граматыка і азбука З. зрабілі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсх. і паўд. славян. З 1619 настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэч. мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву рукапіс кнігі «Катэхізіс», дзе на бел. мове выклаў звесткі аб прыродзе і даў сваё тлумачэнне царк. догматаў (яго погляды абвешчаны ерэтычнымі). У перапрацаваным выглядзе «Катэхізіс» выд. ў Маскве ў 1627, перавыд. ў Гродне 1783, 1787 і 1788. У 1627 вярнуўся на Украіну, у сваіх казаннях выкарыстоўваў звесткі са стараж. філасофіі і гісторыі.

Тв.:

Лексис Лаврентія Зизанія... Київ, 1964;

Грамматіка словенска. М., 1980 (факс. выд.).

Літ.:

Ботвинник М.Б. Лаврентий Зизаний. Мн., 1973.

М.Б.Батвіннік.

т. 7, с. 65

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Стафан

(сапр., верагодна, Куколь; каля 1570, с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — ?),

бел. педагог, пісьменнік-палеміст, царк. прапаведнік 16 — пач. 17 ст. Брат Л.Зізанія. Выкладаў у Львоўскай (з 1586, з 1592 рэктар; адзін з яе заснавальнікаў) і Віленскай (1593—99) правасл. брацкіх школах. У 1595 у Вільні выдаў «Катэхізіс» на бел. і польск. мовах (не збярогся), які на правасл. саборы ў Навагрудку (1596) асуджаны як ерэтычны. З. пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы; апраўданы Брэсцкім царк. саборам 1596. Аўтар рэліг.-філас. твораў «Лист Іеремеи патріархи константинопольскаго напоминалный» (1596), «Казанье святого Кирилла патріаръхи іерусалимъскаго...» (Вільня, 1596; перавыд. ў Маскве пад назвай «Книга Кириллова», у Гродне 1786, 1791 пад назвай «Кириллова книга»). У буквары Л.Зізанія 1596 змешчаны твор З. «Изложеніе о православной вѣрѣ» — маленькі катэхізіс пытанняў і адказаў. Творы З., скіраваныя супраць каталіцкага духавенства і папы рымскага, варожа сустракаліся і правасл. артадоксамі. Характэрнай для яго светапогляду была ерэтычная ідэалогія сярэдневякоўя, ён імкнуўся даць сваю інтэрпрэтацыю Бібліі, прапаведаваў верацярпімасць, рацыяналістычна падыходзіў да ацэнкі з’яў прыроды і навакольнага свету. З 1599 у Троіцкім правасл. манастыры ў Вільні, дзе прыняў імя Сільвестра. У выніку барацьбы з уніятамі быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню.

Літ.:

Алексютович Н.А. Культурно-просветительская деятельность братьев Зизаниев // Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.

М.Б.Батвіннік.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)