ВО́ЖЫК-РЫ́БА (Diodon hystrix),

рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.

Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),

залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.

Тыповая вольтамперная характарыстыка паўправадніковага дыёда з p—n-пераходам: U — напружанне на дыёдзе; I — ток праз дыёд; U* і I* — найбольшае дазволенае адваротнае напружанне і адпаведны адваротны ток; Uст — напружанне стабілізацыі.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),

бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Л.Воранава. Флора. 1994.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ХРА (ад грэч. ōchros бледна-жоўты),

прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3∙nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,

форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНО́СЛІВАСЦЬ у біялогіі,

здольнасць жывых арганізмаў вытрымліваць экстрэмальныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя: абіятычнага, біятычнага і антрапагеннага. Асабліва важныя засухаўстойлівасць і тэрмаўстойлівасць відаў. Па тэрмаўстойлівасці адрозніваюць стэнатэрмныя віды, якія прыстасаваліся да абмежаваных ваганняў тэмператур (напр., водныя расліны і жывёлы), мегатэрмныя — да высокіх тэмператур (напр., насенне і споры), мікратэрмныя — да нізкіх (напр., здольнасць раслін не траціць жыццядзейнасці пасля прымаразкаў) і эўрытэрмныя — да значных ваганняў тэмператур (напр., пугач, або філін). Высокая вынослівасць з’яўляецца перадумовай выжывальнасці, нізкая вынослівасць пры ўмовах заўсёднага змянення (у т. л. антрапагеннага) навакольнага асяроддзя прыводзіць да скарачэння відаў і амаль да поўнага вымірання.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́САДКА ў металаапрацоўцы,

кавальская апрацоўка загатоўкі частковай яе асадкай з мэтай стварэння мясц. патаўшчэнняў за кошт памяншэння даўжыні. Бывае гарачая і халодная.

Гарачая высадка пры серыйнай вытв-сці робіцца на гарызантальна-ковачных і электравысадачных машынах (гл. Ковачная машына), пры дробнасерыйнай вытв-сці — на ковачных молатах або прэсах у кольцах ці штампах. Гарачай высадкай вырабляюць пакоўкі шасцерняў, клапанаў, фланцаў, валікаў і г.д. Халодная высадка на халодна-высадачных аўтаматах, вертыкальных крывашыпных і фрыкцыйных прэсах выкарыстоўваецца для вырабу балтоў, заклёпак, шруб, цвікоў, гаек і інш. вырабаў з дакладнымі памерамі і добрай якасцю паверхні.

Халодная высадка заклёпкі: пачатак (1) і канец (2) аперацыі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл. Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць да неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл. таксама Невычарпальныя прыродныя рэсурсы.

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРО́ЎСКІ ((Werowski) Ігнацы Юзаф) (13.7.1783, Вільня — 8.8.1841),

польскі акцёр. Дэбютаваў у 1802 у Мінску ў групе М.​Кажынскага, у якой і працаваў да 1812, выступаў таксама ў Гродне і Віцебску. З 1812 у Вільні, з 1815 у Варшаве. Акцёр высокай прафес. культуры, імкнуўся ў творчасці да гіст. канкрэтнасці і жыццёвай верагоднасці сцэн. вобразаў, да натуральнасці ў паказе на сцэне чалавечых пачуццяў. Выконваў ролі трагедыйныя (Атэла — «Атэла» У.​Шэкспіра; Сід — «Сід» П.​Карнеля; Замора — «Альзіра» Вальтэра), камічныя (Брындус — «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» В.​Багуслаўскага), герояў і палюбоўнікаў у класічным і рамантычным рэпертуары, меладраматычных ліхадзеяў, спяваў у оперы.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

ацяпленне за кошт энергіі спальвання гаручых газаў. Сістэмы газавага ацяплення складаюцца з газаправодаў, запорна-рэгулявальнай арматуры і аўтам. прылад бяспекі карыстання газам.

Адрозніваюць мясцовае (газ спальваецца ў ацяпляльных прыладах непасрэдна ў памяшканнях, што ацяпляюцца) і цэнтральнае (спальванне газу ў прамысл. устаноўках). Для мясцовага газавага ацяплення выкарыстоўваюць канвекцыйныя і прамяніста-канвекцыйныя прылады, якія адрозніваюцца спосабам падачы вонкавага паветра для гарэння газу і выдалення прадуктаў згарання, а таксама прамяністыя прылады (інфрачырвоныя выпрамяняльнікі). Пры цэнтр. газавым ацяпленні падаецца паветра, змяшанае з прадуктамі згарання або падагрэтае імі.

Выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадз. збудаваннях пры часовым знаходжанні людзей.

В.​Р.​Баштавой.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)