сямейства насякомых атр. матылёў. У сусв. фауне каля 4 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце, найб. шматлікія ў вільготных трапічных лясах Азіі і Афрыкі. На Беларусі 12 відаў, сярод іх манашка, ваўнянка вярбовая (Leucoma salicis), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), няпарны шаўкапрад (Lymantria dispar) — шкоднікі пладовых і лясных дрэў.
Начныя матылі. Крылы ў размаху 25—70 мм. Цела патоўшчанае, густа апушанае. Ротавыя органы рудыментарныя (матылі не кормяцца). Кукалкі развіваюцца ў коканах. Вусені з пучкамі валаскоў на членіках, мнагаедныя, кормяцца лісцем пераважна дрэвавых раслін. Зімуюць у розных стадыях, часцей вусені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕР ((Wegener) Альфрэд Лотар) (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),
нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш.каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл.Вегенера гіпотэза (1912).
Тв.:
Рус.пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НДСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава палабскіх славян (бодрычаў, люцічаў, памаран) у 1040-я г. — 1-й трэці 12 ст. Уключала тэр. на ўзбярэжжы Балтыйскага м., паміж вусцямі рэк Лаба (Эльба) і Одра (Одэр). Цяпер тэр.ФРГ.
Заснавальнік — бодрыцкі кн. Готшалк [1044—66]. Ён і яго пераемнік кн.Круты [1066—93], каб процістаяць герм.-каталіцкай экспансіі, намагаліся стварыць незалежную слав. царкву. Пры Крутым дзяржава пашырылася да Паўночнага м. Сын Готшалка князь (у дакументах «кароль») Генрых (правіў з 1093) вярнуў у краіну ням. епіскапаў, што выклікала хваляванні. Канчаткова Вендская дзяржава распалася каля 1129.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЛЯРЫ́ (Corixidae),
сямейства водных насякомых атр. паўцвердакрылых. У сусв. фауне каля 600 відаў. Пашыраны ў азёрах, рэках, часовых вадаёмах. На Беларусі ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах трапляюцца пераважна вясляр асаблівы (Corixa species), вясляр зубчастаногі (Corixa dentipes) і вясляр штрыхаваты (Sigara striata).
Цела (даўж. 1,5—16 мм) прадаўгаватае, пляскатае зверху і пукатае знізу. Галава шырокая, вусікі кароткія. 3 пары ног, заднія пляскатыя, падобныя да вёслаў (адсюль назва). Добра плаваюць і лётаюць. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, глеем, лічынкамі камароў, дробнымі беспазваночнымі. Некаторыя знішчаюць шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВАБРУ́ХІ, кардулегастры (Cordulegasteridae),
сямейства насякомых атр. стракоз. 2 роды, 19 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. Жывуць булавабрухі ў зацененых месцах, каля берагоў рэк і ручаёў. На Беларусі зрэдку трапляецца булавабрух кольчаты, або вял. кольчатая страказа (Cordulegaster annulatus), занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. брушка булавабруха кольчатага 54—64 мм, задніх крылаў 41—47 мм. Буйныя чорныя стракозы з ярка-жоўтымі палосамі на грудзях і кольцамі на брушку. Крылы празрыстыя, трохвугольнікі на іх выцягнуты ўздоўж. Яйцы адкладваюць у вільготную глебу. Лічынкі жывуць у праточных водах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТКЕ́ВІЧ (Красцьян Ягоравіч) (?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),
бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́СТРАЯ,
рака ў Беларусі, у Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 688 км². Пачынаецца за 5 км на У ад в. Быстрая Горацкага р-на, вусце каляв. Дрыбін. Асн. прытокі: Рамясцвянка (злева), Дняпрэц, Лебядзёўка, Каліноўка, Жалезня (справа). Цячэ пераважна па Горацка-Мсціслаўскай раўніне.
Даліна трапецападобная, шыр. 800 м — 1 км. Пойма месцамі двухбаковая, шыр. 200—250 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—15 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. 6 км рэчышча ў верхнім цячэнні каналізавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ХА (Delphinapterus leucas),
млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагоў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.
Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЮ́К (Anthericum),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (A. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (A. liliago).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАПЕ́РЫЦА (Hottonia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Еўропе, М. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляецца вадаперыца балотная (H. palustris). Расце ў стаячай вадзе ў сажалках, канавах, на балотах.
Шматгадовыя травяністыя павольнаплаваючыя расліны без каранёў, з падводным косаўзыходным сцяблом даўж. 15—60 см. Лісце перыстарассечанае, кальчаковае, у разетцы каля асновы доўгага кветаноса, які ў час цвіцення ўздымаецца над вадой. Кветкі белыя ці ружаватыя, у зеве жоўтыя, сабраныя ў гронкападобныя суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. (прыдатныя для аквакультуры) і меданосныя расліны.