ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1936 як арцель «Металабытрамонт». Вырабляў калёсы, падковы, конскую збрую, кухонны посуд, метал. тару, рамантаваў гадзіннікі, веласіпеды, матацыклы і інш. быт. тэхніку. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ва Ульянаўскую вобл. У 1944 аднавіў вытв-сць. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): пыласосы, шпрыцы аднаразовыя, гучнагаварыцелі рознапраграмныя, мэбля з лазы, вёдры і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і інш. тавары нар. ўжытку — усяго больш за 100 найменняў.
т. 5, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́МПДЭН, Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл I. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-АД’ЮТА́НТ,
1) воінскае званне (чын) у рас. арміі ў пач. 18 ст. — 1808. Уведзена Пятром I для асоб, якія былі старшымі ад’ютантамі пры цару (узначальвалі ваенна-паходную канцылярыю), пры генерал-фельдмаршале і яго памочніку (выконвалі абавязкі ад’ютанта і вялі справаводства пры штабе) і пры поўных генералах.
2) Ганаровае званне вышэйшых афіцэраў у свіце рас. імператара ў 1808—1917. Надавалася поўным генералам і генерал-лейтэнантам, часам інш. ваен. чынам за ваен. заслугі і дзярж. дзейнасць.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДАТО́ДЫ [ад грэч. hydōr (hydatos) вада + hodos шлях],
вадзяныя вусцейкі на лісці раслін, якія забяспечваюць выдаленне з расліны кропельна-воднай вільгаці і солей (гутацыю). Утвораны комплексам клетак і размешчаны часцей за ўсё па краях ліста, на зубчыках. Выдаленне вады праз гідатоды ідзе пасіўна, пад уплывам каранёвага ціску, ці актыўна, з дапамогай эпітэмы (парэнхіма ліста непасрэдна пад гідатодамі з буйнымі міжклетнікамі). Гідатоды характэрныя для раслін, пашыраных у вільготным клімаце. Функцыю гідатодаў могуць выконваць спец. залозістыя валаскі.
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭРГЕ́НТЫ (ад лац. detergeo ачышчаю),
група паверхневаактыўных рэчываў, што выкарыстоўваюцца пераважна як мыйныя сродкі. Маюць дэзінфіцыруючыя ўласцівасці, некат. выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці, Д. з зараджанымі (дадэцылсульфат натрыю) або незараджанымі (трытоны) палярнымі канцамі — у біяхіміі пры растварэнні і ачыстцы мембранных бялкоў. Ачышчальны эфект Д. дасягаецца за кошт парушэння іх амфіпатычнымі малекуламі гідрафобных уласцівасцей малекул бялкоў, ліпідаў і інш. рэчываў. Прамысловыя Д., што трапляюць са сцёкавымі водамі ў прыроднае асяроддзе, — небяспечныя забруджвальнікі.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТО́К,
пажыўныя рэчывы, якія назапашваюцца ў яйцаклетках жывёл і чалавека ў выглядзе гранул (радзей суцэльнай масы) і служаць для жыўлення зародка на працягу яго развіцця. Мае ў сабе бялкі, тлушчы, вугляводы, рыбануклеінавую кіслату, мінер. рэчывы; асн. яго масу складаюць ліпа- і глікапратэіды. Наяўнасць Ж. ў яйцаклетках абумоўлівае іх значна большыя памеры ў параўнанні са сперматазоідамі. Сінтэз Ж. бывае энда- або экзагенным у залежнасці ад таго, дзе ён ажыццяўляецца: у яйцаклетцы або па-за ёй.
т. 6, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУЙКО́Ў (Мікалай Пятровіч) (снеж. 1922, пас. Ялоўскі Ярскага р-на Удмурцкай Рэспублікі — 1.3.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Камандзір асобнага кулямётнага артыл. батальёна лейтэнант Ж. у баі за вышыню каля в. Мормаль Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. ў рашаючы момант закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Калі праціўнік зноў адкрыў агонь, ст. сяржант П.М.Мазілін паўтарыў подзвіг Ж., і батальён авалодаў вышынёй. У в. Мормаль на месцы іх подзвігу пастаўлены помнік.
т. 6, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,
рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км². Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.
т. 6, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́БУС, гіробус
[ад грэч. gyros круг + лац. (omni)bus для ўсіх],
бязрэйкавая машына, якая рухаецца за кошт кінетычнай энергіі, назапашанай у махавіку. Выкарыстоўваецца як дапаможны трансп. сродак для перавозкі пасажыраў (грузаў) на невял. адлегласці і абслугоўвання выбухованебяспечных аб’ектаў. Раскручваецца махавік эл. або пнеўматычным рухавіком на зарадных пунктах. Выкарыстоўваюцца таксама (з 1955) электражыробусы, аснашчаныя асінхронным рухавіком-генератарам, сучлененым з махавіком, і цягавымі электрарухавікамі. Доследныя ўзоры Ж. (ЗША) абслугоўваюць пасаж. трасы да 12 км.
т. 6, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЯЛЫ́ШЫН (Забялышына),
вёска ў Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Хоцімск—Клімавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на ПнЗ ад г.п. Хоцімск, 163 км ад Магілёва, 39 км ад чыг. ст. Клімавічы. 928 ж., 374 двары (1997). Спіртзавод, вінаробны цэх. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Іаана Прадцечы (1843).
т. 6, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)