арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл.таксамаПептыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,
поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.
У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙104, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЛО́ДАЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
баявы надводны карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак. Як П.к. выкарыстоўваюцца авіяносцы, цяжкія атамныя ракетныя крэйсеры (напр., «Пётр Вялікі»), процілодачныя крэйсеры (сярод іх быў авіянясучы крэйсер «Мінск»), вял. і малыя П.к., вартавыя караблі, эскадраныя мінаносцы (у т. л. былы «Віцэ-адмірал Дрозд»), а таксама (пры адпаведным узбраенні) інш. караблі і катэры.
З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, найб. пашырыліся ў 2-ю сусв. вайну. Дзейнічаюць самастойна і ў складзе процілодачных сіл флатоў. Для выяўлення падводных лодак і сачэння за імі аснашчаны гідраакустычнай, гідралакацыйнай і інш. апаратурай, а для іх знішчэння — процілодачнымі ракетамі, тарпедамі, рэактыўнымі і газадынамічнымі бамбамётамі для кідання глыбінных бомбаў. Для самаабароны маюць ракетныя і артыл. комплексы, у т. л. зенітныя, і інш. ўзбраенне.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Процілодачны карабель. Атамны ракетны крэйсер «Пётр Вялікі» (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТАЯ РЭСПУ́БЛІКАў Францыі,
палітычны рэжым паводле дзеючай канстытуцыі 1958 (падрыхтавана ўрадам Ш. дэ Голя, прынята рэферэндумам 28.9.1958, уведзена ў дзеянне 5.10.1958). Для рэжыму П.р. характэрны вял. паўнамоцтвы выканаўчай улады, асабліва прэзідэнта (адначасова вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі) пры абмежаванні правоў парламента. Прэзідэнт мае права распусціць Нац. сход (ніжнюю палату парламента) і прызначыць новыя выбары, а ў выпадку надзвычайных абставін — прыняць на сябе ўсю паўнату ўлады. Урад адказны перад парламентам і фарміруецца з прадстаўнікоў партый, чые фракцыі складаюць большасць у Нац. сходзе. Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра (звычайна лідэра партыі, што перамагла на выбарах у Нац. сход) і па яго рэкамендацыі міністраў. З кастр. 1962 прэзідэнта выбіраюць прамым усеагульным галасаваннем. Франц. П.р. — прамежкавы паміж парламенцкай рэспублікай і прэзідэнцкай рэспублікай тып рэсп.дзярж. ладу («паўпрэзідэнцкая рэспубліка»). Гл.таксама раздзел Дзярж. лад у арт.Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТНАЯ ПЛА́ТА,
пласцінка з электраізаляцыйнага матэрыялу (гетынаксу, тэксталіту, керамікі і інш.), на паверхню якой фотахімічным ці інш. спосабам нанесены тонкія электраправодныя дарожкі (пячатныя праваднікі) з кантактнымі пляцоўкамі для далучэння навясных электра- і радыёэлементаў, у т. л.мікрамодуляў і інтэгральных схем.
Бываюць адна- і двухбаковыя, адна- і шматслойныя П.п. Прызначаюцца для пячатнага мантажу, пры якім на П.п. ўстанаўліваюцца элементы электроннай апаратуры (транзістары, дыёды, рэзістары і інш.). Для замацавання навясных элементаў на плаце іх вывадныя пляцоўкі сумяшчаюць з кантактнымі пляцоўкамі П.п. (паверхневы мантаж) ці ўстаўляюць вывады гэтых элементаў у спец. адтуліны, якія праходзяць праз кантактныя пляцоўкі (драцяны мантаж), і прыпайваюць да іх. Такі мантаж дазваляе зменшыць габарыты і масу апаратуры, выкарыстоўваць механізаванае і аўтаматызаванае абсталяванне і высокапрадукцыйныя тэхнал. працэсы пры яе масавай вытв-сці. Гл.таксамаПячатная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НАВАЯ НОЧ,
у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз.таксамаарабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш. Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш.гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁФІ́ЗІКА,
галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.
Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.Дз.Папалексі і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
кветкавая расліна сям. бабовых. Адзіны від роду. Пашырана ў Міжземнамор’і. Трапляецца на камяністых схілах, у цяснінах, лясах з вечназялёных дубоў, ядлоўцаў і хвоі. Культывуецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Міжземнамор’і, Індыі.
Вечназялёнае дрэва выш. 6—15 м з шарападобнай кронай. Жыве 200—300 гадоў. Лісце шчыльнае, перыстае. Кветкі дробныя, сабраныя ў гронкі Плод — струк. Струкі Р.д. (цараградскія, або кіпрскія, рожкі) даўж. 10—25 см, маюць сакавітую, салодкую (да 50% цукру) мякаць, якая спажываецца ў ежу, ідзе на корм жывёле, з яе гатуюць сок, сіроп, сыравіну для атрымання спірту. Падпражанае насенне — сурагат кавы. Семя мае пастаянную масу (каля 200 мг), таму са стараж. часу яго выкарыстоўвалі як адзінку вагі (карат) у ювелірнай справе. Р.д. таксаманаз. адзін з відаў роду празопіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІНА (Таццяна Яўгенаўна) (16.8.1908, г. Няміраў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.9.1992),
бел. мастак. Скончыла Адэскі маст.ін-т (1935). З 1936 працавала на кінастудыях «Мастэхфільм» і маст. фільмаў у г. Адэса (Украіна). З 1941 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Працавала ў галіне сцэнаграфіі, а таксама ў станковым жывапісе. Найб. значныя работы — эскізы дэкарацый да спектакляў «Тры апельсіны» К.Гоцы (1946), Дні нашага нараджэння» І.Мележа (1958), «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1959), опер «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1948), «Машэка» Р.Пукста (1957), «Сцяпан Разін» А.Касьянава (1971). Лепшым сцэнаграфічным творам уласцівы рамант. сімволіка, імкненне выявіць атмасферу часу і дзеяння лаканічнай дэталлю. Аўтар станковых твораў: пейзажы «Возера Нясвіж» (1954), «У садзе» (1960); нацюрморты: «Восеньскі нацюрморт» (1956), «Кветкі ў кошыку» (1960), «Кветкі ў вазе» (1962), «Сашыны цацкі» (1966) і інш.