РАБО́ТА ў тэрмадынаміцы,

фізічная велічыня, якая характарызуе пераўтварэнне энергіі з аднаго віду ў другі, што адбываецца ў тэрмадынамічнай сістэме.

Вызначаецца праз абагульненыя каардынаты (напр., аб’ём, напружанасць эл. ці магн. поля) — знешнія параметры тэрмадынамічнай сістэмы і абагульненыя сілы (напр., ціск) — велічыні, залежныя ад каардынат і ўнутр. параметраў сістэмы (т-ры ці энтрапіі). Пры раўнаважным адыябатным працэсе Р. роўная змене ўнутранай энергіі, пры ізатэрмічным працэсе — змене свабоднай энергіі. Пры пераходзе сістэмы з аднаго стану ў другі Р. залежыць ад працэсу (шляху), якім ажыццяўляецца пераход, таму пры кругавым працэсе Р. можа не быць роўнай нулю, на чым грунтуецца прынцып дзеяння цеплавых рухавікоў. Гл. таксама Колькасць цеплаты, Першы закон тэрмадынамікі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)