РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры,

1) карэнная перабудова населенага пункта, абнаўленне горада (яго планіроўкі, забудовы і добраўпарадкавання), выкліканыя сац.-эканам., сан.-гігіенічнымі і арх.-маст. патрабаваннямі. У Зах. Еўропе Р. вядомы з эпохі Адраджэння. На Беларусі першыя Р. гарадоў зроблены ў 16 — пач. 17 ст. на аснове рэгулярных планаў пад уплывам горадабуд. ідэй Адраджэння (Нясвіж, Слуцк Мінскай, Быхаў Магілёўскай абл.). У канцы 18—19 ст. Р. вялася з вырашэннем задач землекарыстання, арх.-планіровачнай будовы паводле дакладнай рэгулярнай схемы адпаведна горадабуд. прынцыпам стылю класіцызму, забудовы цэнтр. раёнаў гарадоў на новай рацыянальнай аснове. З 2-й пал. 20 ст. Р. прадугледжваецца генпланамі развіцця гарадоў, ажыццяўляецца на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі.

2) Аднаўленне першапачатковага аблічча па рэштках, выяўл. матэрыялах ці апісаннях помніка (Р. помніка архітэктуры, горадабуд. ансамбля, твора скульптуры ці дэкар.-прыкладнога мастацтва). Таксама Р. — гэта і праект такога аднаўлення (у выглядзе рысунка, чарцяжа, апісання), напр., Р. цэркваў Спаса-Ефрасіннеўскай у г. Полацк (П.​А.​Рапапорт), Барысаглебскай у Гродне (М.​М.​Варонін), Дабравешчанскай у Віцебску (Г.​А.​Лаўрэцкі), замка ў г.п. Мір Карэліцкага р-на (В.​В.​Калнін), гіст. ч. Мінска — Верхняга горада (С.​Г.​Багласаў), шэрагу драўляных замкаў, палацаў, сядзіб (Ю.​А.​Якімовіч) і інш. Навук., глыбока аргументаваная Р. помніка можа быць важным матэрыялам яго наступнай рэстаўрацыі. У адрозненне ад рэстаўрацыі Р. не абавязкова прадугледжвае практычнае аднаўленне помніка.

3) Перабудова будынка з мэтай паляпшэння яго функцыянавання ці выкарыстання ў новым прызначэнні.

Т.​В.​Габрусь.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),

умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная к-та, H2SO4; адзін з асн. прадуктаў хім. прам-сці.

Бязводная (100%-ная) С.к. — бясколерная масляністая вадкасць, шчыльн. 1830,5 кг/м³ (20 °C), tпл 10,4 °C, tкіп 296,2 °C (кіпіць з раскладаннем). З вадой і трыаксідам серы SO3 (гл. Серы аксіды) змешваецца ў любых суадносінах. У водных растворах практычна цалкам дысацыіруе на іоны. Канцэнтраваная С.к. — моцны акісляльнік (асабліва пры награванні); акісляе многія металы (напр., медзь, ртуць), неметалы (вуглярод, серу і інш.), бромісты і ёдзісты вадарод. Разбаўленая ўзаемадзейнічае з актыўнымі, размешчанымі ў электрахім. радзе напружанняў да вадароду, металамі з вылучэннем вадароду. Утварае солі сульфаты і гідрасульфаты, а таксама эфіры (сульфаты арган.). У прам-сці С.к. атрымліваюць кантактным і нітрозным (вежавым) спосабамі. Зыходнае рэчыва для атрымання С.К. — дыаксід серы, які акісляюць да SO3 кіслародам пры 440 °C у прысутнасці каталізатара (кантактны спосаб) або аксідамі азоту, растворанымі ў С.к. (нітрозны спосаб). Выкарыстоўваюць у вытв-сці мінер. угнаенняў, розных мінер. кіслот і солей, лек. і мыйных сродкаў, фарбавальнікаў, хім. валокнаў, выбуховых рэчываў, а таксама для ачысткі нафтапрадуктаў, у металургіі і гідраметалургіі урану, медзі, нікелю і інш. металаў, як электраліт у свінцовых акумулятарах, асушальнік і інш. С.к. — вельмі агрэсіўнае рэчыва (клас небяспечнасці 2), выклікае цяжкія апёкі скуры, пара пашкоджвае слізістыя абалонкі і лёгкія; ГДК аэразолю С.К. ў атм. паветры 0,1 мг/м³ (сярэднясутачная); смяротная канцэнтрацыя 0,18 мг/л (экспазіцыя 60 мін).

Літ.:

Васильев Б.Т., Отвагина М.И. Технология серной кислоты. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ,

сукупнасць аб’екта кіравання і прылад, што падтрымліваюць (змяняюць) структуру і рэжым функцыянавання аб’екта адпаведна зададзенай праграмы (мэты кіравання). У склад С.к. ўваходзяць таксама інфарм. каналы прамой і адваротнай сувязі. Падзяляюцца на біял., тэхн. і сац.-эканамічныя. Асн. задачы: збор і перадача інфармацыі аб аб’екце кіравання, перапрацоўка інфармацыі, выдача кіруючых уздзеянняў на аб’ект кіравання. Вывучае С.к. кібернетыка.

Даследаванне С.к. ажыццяўляецца шляхам пабудовы матэм. мадэляў (гл. Гульняў тэорыя, Масавага абслугоўвання тэорыя, Распазнаванне вобразаў). Пабудова С.к. ажыццяўляецца з улікам прынцыпу аптымальнасці (гл. Аптымальная сістэма). Пры функцыянаванні С.к. істотнае значэнне мае фактар нявызначанасці, калі стан сістэмы можа змяняцца ў выніку розных уздзеянняў, выкліканых унутр. ці знешнімі прычынамі, што вырашаецца шляхам надання сістэме ўласцівасцей адаптацыі (адаптыўныя сістэмы) да ўмоў функцыянавання. Да С.к. адносяцца: у тэхніцы — сістэмы аўтам. кіравання складаных тэхн. аб’ектаў (напр., металарэзных станкоў, самалётаў, робатаў і інш.); у біялогіі — жывыя арганізмы рознага ўзроўню арганізацыі, у сацыяльна-эканам. развіцці — прамысл. прадпрыемствы, грамадскія арг-цыі, а таксама аўтаматызаваныя сістэмы кіравання гэтых аб’ектаў.

На Беларусі даследаванне і праектаванне С.к. праводзіцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Кузин Л.Т. Основы кибернетики. Т. 1—2. М., 1973—79;

Гайшун И.В. Многопараметрические системы управления. Мн., 1996;

Гринберг А.С., Савич Л.Н., Тимошек Л.Е. Прикладные системы обработки информации в управлении. Ч. 1. Мн., 1998;

Афанасьев В.Н., Колмановский В.Б., Носов В.Р. Математическая теория конструирования систем управления. 2 изд. М., 1998.

А.​А.​Несянчук, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],

індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.

Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм. карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛОВАЗЛУЧЭ́ННЕ,

свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і болей паўназначных слоў, якое служыць для выражэння адносін паміж паняццямі, што абазначаны гэтымі словамі. Напр., «сонечны дзень», «бегчы лесам», «нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі». У адрозненне ад сказа не мае прэдыкатыўнага значэння, не перадае закончанага выказвання. У маўленні С. выступае ў якасці часткі паведамлення. Найб. агульныя разрады С. вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў (двухслоўныя, ці простыя, і шматслоўныя, ці складаныя) і тыпу адносін паміж імі (спалучальныя і падпарадкавальныя). Утварэнне і ўжыванне спалучальных С. («гарады і вёскі», «слухаў, але не рэагаваў») падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа. Падпарадкавальныя С. па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на сінтаксічна свабодныя і сінтаксічна несвабодныя («пераплёты кніг» — «некалькі кніг»). У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць С. дзеяслоўныя («скласці план»), назоўнікавыя («папера для чарчэння»), прыметнікавыя («варты ўзнагароды»), прыслоўныя («далёка ад дому»), лічэбнікавыя («трое ў шынялях»). Усе падпарадкавальныя С. маюць бінарную структуру, падзяляюцца на гал. частку і залежную («ліст ад маці», «стары ясень каля нашай хаты»). У бел. мове выкарыстоўваюцца 3 асн. спосабы пабудовы падпарадкавальных С.: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).

Літ.:

Міхневіч А.Я. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове. Мн., 1965;

Падгайскі Л.П. Словазлучэнне ў беларускай мове. Мн., 1971;

Наркевіч А.І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1981;

Бандарэнка Т.П. Аднатыпныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1981;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБСТРА́Т (ад позналац. substratum аснова, літар. — падсцілка),

сукупнасць адносна простых, якасна элементарных утварэнняў, узаемадзеянне якіх абумоўлівае ўласцівасці пэўнай сістэмы ці працэсу; агульная аснова ўсіх з’яў і працэсаў. Паняцце «С.» блізкае да субстанцыі, таму першапачаткова ў філасофіі іх не адрознівалі, але кожнае з іх датычыцца розных аспектаў рэчаіснасці. У адрозненне ад субстанцыі як фундаментальнай сутнасці быцця, якая забяспечвае ўнутр. адзінства канкрэтных рэчаў, з’яў і працэсаў, пад С. разумеюць найб. элементарны (ніжні) слой рэальнасці. У некат. матэрыяліст. вучэннях С. прызнаваліся непадзельныя атамы, у ідэаліст. — нематэрыяльная энергія (энергетызм), «элементы свету» (эмпірыякрытыцызм) і інш. Адрозніваюць метафізічна-матэрыяліст. тлумачэнне С., дзе С. разглядаецца як элементарны нязменны першапачатак і зыходны носьбіт усіх уласцівасцей, стану і атрыбутаў аб’ектыўнай рэальнасці, і дыялектыка-матэрыяліст. разуменне С., дзе прызнаецца змяняльная прырода С. як вынік узаемадзеяння форм руху і субстратнага аспекту матэрыяльнага быцця. Ў гэтых межах паняцце С. выкарыстоўваецца для характарыстыкі якаснай неаднароднасці сістэмнай арганізацыі матэрыі і разнастайнасці структурных узроўняў розных форм руху. С. фіз. працэсаў лічацца элементарныя часціцы і палі, фундаментальныя ўздзеянні якіх (гравітацыйныя, электрамагнітныя, слабыя і моцныя) абумоўліваюць фізіка-хім. формы руху. С. хім. рэакцый выступаюць атамы, якія захоўваюць устойлівасць пры стварэнні і пераўтварэнні розных відаў рэчываў. С. у біялогіі — аснова, да якой прымацаваны нерухомыя арганізмы (для мікраарганізмаў і раслін адначасова з’яўляецца пажыўным асяроддзем); апорны элемент навакольнага асяроддзя, напр., грунт вадаёмаў для бентасу. У біяхіміі С. — рэчыва, на якое ўздзейнічае фермент. С. сац. форм руху з’яўляецца чалавек, мэтанакіраваная дзейнасць якога ляжыць у аснове ўсіх сац. змен.

А.​Б.​Савеня.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙТХЕД (Whitehead) Алфрэд Норт (15.2.1861, г. Рэмсгіт, Вялікабрытанія — 30.12.1947),

англійскі логік, філосаф і матэматык. Праф. Кембрыджскага і Лонданскага (з 1914), Гарвардскага (з 1924) ун-таў. Адзін з заснавальнікаў лагістычнай школы ў філасофіі матэматыкі, якая ў значнай ступені вызначыла развіццё матэматычнай логікі («Principia mathematica», т. 1—3, 1910—13, з Б.​Раселам). Для эвалюцыі філас. поглядаў У. характэрны пераход з пазіцый неарэалізму да аб’ектыўнага ідэалізму, набліжанага да платанізму. Імкнуўся да ўзгаднення філасофіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі, да рацыянальнага абгрунтавання навукі і яе ролі сярод інш. сістэм ведаў (мастацтва, рэлігія, філасофія). Уяўляў прыроду ў выглядзе адзінства падзей («элементарных фактараў пачуццёвага вопыту») і аб’ектаў («вечных элементаў у прыродзе»), што, на яго думку, дазваляе разумець прыроду як працэс і сумясціць палажэнні пра незалежнасць прыроды ад думкі і пра тоеснасць прыроды і вопыту. Лічыў, што ўсё існае з’яўляецца часткай вопыту: індывідуальнага для канечных рэчаў і божага для свету наогул. Сусв. працэс разглядаў як «вопыт Бога», у якім «вечныя аб’екты» пераходзяць з ідэальнага божага свету ў свет фізічны і якасна вызначаюць падзеі. Сцвярджаў, што паколькі падзея мае часовы, зменлівы характар, яна арганічная; прапанаваў замяніць паняцце матэрыі паняццем «арганізм». Лічыў, што аб’ектам вывучэння навукі з’яўляюцца арганізмы (напр., біялогія вывучае больш буйныя арганізмы, фізіка — меншыя). Для сацыялагічных поглядаў У. характэрны разуменне ідэй як гал. рухальных сіл грамадства і абсалютызацыя ролі вучоных у сац. развіцці.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные работы по философии. М., 1990;

Символизм, его смысл и воздействие. Томск, 1999.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАСІ́НТЭЗ (ад фота... + сінтэз),

утварэнне клеткамі вышэйшых раслін, водарасцей і некат. бактэрыямі арган. рэчываў з удзелам энергіі святла; працэс аўтатрофнага харчавання арганізмаў. Адзіны працэс, які прыводзіць да павелічэння свабоднай энергіі біясферы за кошт знешняй крыніцы — Сонца і забяспечвае існаванне раслін і гетэратрофных арганізмаў, у т. л. чалавека. З’яўляецца асновай для атрымання прадуктаў харчавання, кармоў, тэхн. сыравіны, а назапашаная ў яго прадуктах энергія (розныя віды паліва) — асн. крыніца энергіі для чалавецтва.

Адбываецца з дапамогай пігментаў (хларафілаў і інш.), што знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах клетак. Аснова Ф. — акісляльна-аднаўленчы працэс, у якім электроны пераносяцца ад донара-аднаўляльніка (вада, вадарод і інш.) да акцэптара (напр., вуглякіслы газ) з утварэннем адноўленых злучэнняў (вугляводы) і выдзяленнем кіслароду (калі акісляецца вада). Адзін з асн. прадуктаў фотахім. светлавых стадый Ф., дзе назапашваецца энергія клеткі, — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ).

Штогод на Зямлі ў выніку Ф. ўтвараецца 100 млрд. т. арган. рэчыва, назапашваецца каля 450×10​15 ккал энергіі, паглынаецца каля 170 млрд. т. вуглякіслага газу і выдзяляецца каля 115 млрд. т. свабоднага кіслароду. Састаў атмасферы, неабходны для жыцця на Зямлі, утварыўся і падтрымліваецца ў працэсах Ф. кругаваротам кіслароду, вугляроду і інш. элементаў. Ён прадухіляе павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы і перагрэў Зямлі (т.зв. парніковы эфект); выдзелены ў выніку фотахім. рэакцый кісларод неабходны для жыццядзейнасці арганізмаў. для аховы жывога ад ультрафіялетавага выпрамянення (кіслародна-азонавы экран атмасферы).

Літ.:

Фотосинтез: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1987;

Мокроносов А.Т., Гавриленко В.Ф. Фотосинтез: Физиол.-экол. и биохим. аспекты. М., 1992.

С.​С.​Мельнікаў.

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХЛАПАМА́НІЯ»,

«хлапаманства» (ад польскага chłop селянін, мужык), саркастычная назва цікавасці асобных прадстаўнікоў сац. эліты (найперш шляхты) Беларусі і Украіны да нар. мовы і культуры ў 19 — пач. 20 ст. Найб. пашырана ў 1850—60-я г. Тэрмін «Х.» спачатку з’явіўся ў польскамоўным перыяд. друку, адкуль запазычаны і рус. друкам. На Беларусі «Х.» выявілася ў вывучэнні мовы і фальклору, дэманстратыўным з’яўленні шляхты ў вясковым асяроддзі ў сял. вопратцы і ўжыванні бел. мовы, складанні на ёй лістоў да сялян і літургічных спеваў. Паводле сведчання ўдзельніка бел. «Х.» В.Савіч-Заблоцкага, ёю захапіліся каля 50 чал. (пераважна графы, князі, дзеці генералаў і камергераў), у іх ліку былі і католікі, і праваслаўныя. У 1868—70 у Пецярбургу дзейнічала асветніцкая арг-цыя бел. «хлапаманаў» «Крывіцкі вязок» (разагнана ўладамі). У 1910—я г. «Х.» лічылася фін. і маральная падтрымка бел. нац. руху з боку М.І.Радзізіл. На Украіне «хлапаманы» (У.Б.Антановіч, Ф.​Р.​Рыльскі, П.​І.​Жыцецкі і інш.) стварылі ў пач. 1860-х г. свае гурткі (грамады) у Кіеве, Чарнігаве, Палтаве, Харкаве і інш., але ў сувязі з урадавымі рэпрэсіямі ў 1863 спынілі дзейнасць. Сац. з’явы, аналагічныя «Х.», — тыповыя для працэсу фарміравання нацый сярод народаў Цэнтр. і Усх. Еўропы, напр., у венграў, чэхаў, славенцаў і інш.

Кр.:

Суспільно-політичний рух на Україні в 1863—1864 рр.: [Матеріали і док.). Київ, 1964;

Савіч-Заблоцкі В. Пісьмы да М.​П.​Драгаманава // Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.

П.​У.​Церашковіч.

т. 17, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)