АЛЮМІНА́ТЫ,

солі няўстойлівых алюмініевых кіслот: ортаалюмініевай H3AlO3 і метаалюмініевай HAlO2 і інш. Алюмінаты шчолачных металаў растваральныя ў вадзе, іх водныя растворы няўстойлівыя з-за гідролізу да Al(OH)3; інш. алюмінаты цяжка раствараюцца ў вадзе. Алюмінаты двухвалентных металаў і рэдказямельных элементаў хімічна і тэрмічна трывалыя. У прыродзе алюмінаты — мінералы: высакародная шпінель Mg[Al2O4], ганіт (цынкавая шпінель) Zn[Al2O4], хрызаберыл Be[Al2O4]. Атрымліваюць алюмінаты сплаўленнем ці спяканнем Al2O3 з аксідамі металаў або награваннем сумесі тэрмічна няўстойлівых соляў. Выкарыстоўваюцца ў папяровай прам-сці, у вытв-сці спец. керамікі, аптычнага шкла, ядз. тэхніцы, пры афарбоўцы тканін, алюмінаты кальцыю — у вытв-сці партландцэментаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),

спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭКЛІ́ЗА (ад анты... + грэч. klisis нахіл),

вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.

Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомы Беларуская антэкліза (у цэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).

М.​Н.​Нагорны.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́НЫ (Parnassius),

род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (P. mnemosyne) і апалон (P. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.

Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.

Апалоны: 1 — апалон; 2 — чорны.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОД,

мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАГРА́ФІЯ (ад бронхі + ...графія),

кантрастны метад даследавання бронхаў. Робяць пад мясц. ці агульнай анестэзіяй. У звычайных умовах пры рэнтгеналагічных даследаваннях бронхі застаюцца нябачнымі. Для атрымання відарыса ў дыхальныя шляхі (пасля абязбольвання) уводзяць кантрастныя рэчывы. Пры двухбаковай бронхаграфіі кантраставанне кожнага лёгкага робяць па чарзе. Паказанні для бронхаграфіі: хранічны або зацяжны запаленчы працэс у бронхалёгачнай сістэме пры наяўнасці прыкмет арган. пашкоджання бронхаў, удакладненне характару і распаўсюджання звужэння трахеі і бронхаў, стамальныя і дадатковыя вусці бронхаў, выяўленыя пры эндаскапіі, удакладненне лакалізацыі і сувязі з бронхалёгачнай сістэмай ценеўтварэнняў у грудной клетцы, хранічны запаленчы працэс у сегментах лёгкага.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ БЕСКУРГА́ННЫ МО́ГІЛЬНІК,

археалагічны помнік апошняй чвэрці 1 — 2-й пал. 3 ст. на тэр. г. Брэста (былая в. Трышын, цяпер вул. Маскоўская). Выяўлена 75 пахаванняў плямён вельбарскай культуры. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання. Рэшткі крэмацыі ссыпалі на дно ямы або ў спец. урны. Знойдзены гліняны посуд, прасліцы, жал. нажы і замкі, бронзавыя фібулы, дэталі паяснога набору, шкляныя пацеркі, метал. бранзалеты і падвескі. Некаторыя даследчыкі звязваюць могільнік з адным з этапаў фарміравання слав. этнасу.

Знаходкі з Брэсцкага бескурганнага могільніка: 1, 4 — фібулы; 2 — касцяны грабеньчык; 3 — бронзавая спражка; 5, 6, 8—10 — ляпны посуд; 7 — глінянае прасліца.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗУ́ЛЬНІК (Ligalaria),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Еўропы і Азіі (пераважна ва Усх. і Цэнтр. Азіі). На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: бузульнік Віча (L. veitchiana), зубчасты (L. dentata), Пржавальскага (L. przewalskii) і прыгожы (L. speciosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з кароткім тоўстым карэнішчам і прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, зубчастае, чаргаванае, прыкаранёвае — на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, аранжавыя, у кошыках (адзіночных або сабраных у гронкі, мяцёлкі і шчыткі); краявыя кветкі язычковыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Кветкава-дэкар. расліны.

Бузульнік.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКАЛІ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ, буколіка (ад грэч. bukolikos пастухоўскі),

жанр антычнай паэзіі эліністычнага і рымскага часу (3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) — невял. вершы, у якіх апяваліся ўцехі вясковага жыцця, праца і каханне пастуха на ўлонні прыроды (такія вершы наз. ідылія або эклога). Маст. вытокі жанру ў нар. песнях сіцылійскіх пастухоў пра каханне, якое прывяло напаўміфічнага пастуха Дафніса да гібелі. Пачынальнік грэч. Букалічная паэзія — Феакрыт, ідыліі якога цесна звязаны з нар. песнямі, міфамі; рымскай — Вергілій (цыкл вершаў «Буколікі»). Букалічная тэма атрымала развіццё ў стараж.-грэч. рамане («Дафніс і Хлоя» Лонга), у новаеўрап. л-ры 14—18 ст. (гл. Пастараль).

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬТЭР’Е́Р,

парода свойскіх сабак. Выведзена ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем англ. бульдога з тэр’ерам пры наступным чыстапародным развядзенні. Гадуюць сабакаводы-аматары. Пашыраны на Беларусі.

Сабака магутны, мускулісты, гарманічнага целаскладу, масай да 32 кг. Масць белая або плямістая. Адважны, можа адолець і больш моцнага праціўніка, першы не нападае, надзейны вартавы. Мае добрыя ахоўныя і паляўнічыя якасці. Гадуюць таксама карлікавага бультэр’ера (выш. ў карку да 35,5 см і маса да 9 кг) і стафардшырскага бультэр’ера (рост 35,5—40,5 см, маса ад 11—12 да 15—17 кг), які ў старажытнасці выкарыстоўваўся для цкавання быкоў і мядзведзяў, пазней — для сабачых баёў.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)