ПРО́ФІЛІ МЕТАЛІ́ЧНЫЯ,

даўгамерныя вырабы рознага папярочнага сячэння (вугалкі, швелеры, лісты, трубы, рэйкі і інш). Атрымліваюцца пракаткай (пракатныя профілі), прасаваннем (прасаваныя профілі), гібкай (гнутыя профілі). Адрозніваюць пракатныя профілі з пастаянным сячэннем па даўжыні, пераменныя профілі (памеры па даўжыні ці форма папярочнага сячэння мяняюцца) і спецыяльныя. Прасаваныя профілі ў залежнасці ад канфігурацыі папярочнага сячэння падзяляюцца на суцэльныя і пустацелыя. Іх вырабляюць таксама са сталі, тытанавых, магніевых, медных, нікелевых і інш. сплаваў. Гнутыя профілі атрымліваюць на профілягібачных станах з ліставога металу (сталь, каляровыя металы і сплавы). Шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Профілі металічныя: 1 — квадратны; 2 — круглы; 3 — паласавы; 4 — вуглавы; 5 — двухтаўровы; 6 — швелерны; 7 — чыгуначная рэйка; 8 — трамвайная рэйка; 9 — шпунтавы; 10 — паласа для турбінных лапатак.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,

форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],

форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.​Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.

Літ.:

Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр. Зах. Беларусі — ў 1950-я г.

Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г. асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс. чал., маюць 7512 тыс. га зямель, у т. л. 3717 тыс. га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.

Да арт. Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),

у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз. аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр. груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.

І.​У.​Чаквін (у этнаграфіі), А.​Г.​Лукашанец (у мовазнаўстве).

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),

1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.​Б.​Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.

2) Інстр. муз. п’еса.

Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст. інстр. п’еса створана Дж.​Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.​Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.​Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.​І.​Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.

У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, Л.​Гуціна, У.​Дамарацкага, А.​Залётнева, Э.​Зарыцкага, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.​Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];

Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛЕТЫ́ЗМ,

разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.

Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.​Ф.​Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛ,

1) у геамарфалогіі адносна вузкая, выцягнутая і невысокая форма рэльефу. Адрозніваюць валы: створаныя дзейнасцю хваль (берагавыя), ракі (прырэчышчавыя), ледавіка (марэнныя, напорныя), вулканаў (кальцавыя), селю (селевыя) і інш. 2) У тэктоніцы выцягнутая дадатная структура ў межах платформаў. Аб’ядноўвае лакальныя падняцці — антыкліналі, брахіантыкліналі, купалы. Даўж. да соцень км, шырыня дзесяткі км, выш. да соцень метраў. Пл. 200—10 000 км². На плітах стараж. платформаў звычайна абмежаваны флексурамі. Валы, прымеркаваныя да разломных зон, называюцца шыўнымі. Сістэма валоў, аб’яднаных агульнай падэшвай, утварае складаныя валы. На Беларусі вылучаны дзесяткі валоў даўж. 24—150 км, шыр. 3—25 км, з амплітудай падняцця 50—600 м, радзей да 1 км. Вылучаюцца пераважна па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы (фаменскай) або па паверхні крышт. фундамента. Найб. пашыраны ў Прыпяцкім прагіне. Да валоў часта прымеркаваны радовішчы нафты, газу, солі.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,

парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б. СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.

Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3 разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.

Белыя шыракагрудыя індыкі.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)