СЕМЯНІ́ХІН Уладзімір Сяргеевіч (9.2.1918, г. Сумы, Украіна — 27.11.1990),

расійскі вучоны ў галіне аўтаматыкі і тэлемеханікі. Акад. АН СССР (1972; чл.-кар. 1968). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1941). З 1963 кіраўнік шэрагу НДІ. Адначасова з 1966 праф. Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. У 1971—74 нам. міністра радыёпрамысловасці. Навук. працы ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання і спец. прыладабудавання. Дзярж. прэміі СССР 1970, 1976.

У.С.Семяніхін.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

электрычная сінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме. Мех. энергія, якая пераўтвараецца С.г. у энергію пераменнага току, падаецца на ротар ад першаснага рухавіка — турбіны, рухавіка ўнутр. згарання і інш. С.г. з прыводам ад паравой або газавай турбіны наз. турбагенератарам, з прыводам ад гідраўл. турбіны — гідрагенератарам. Генератары дызельных электрастанцый прыводзяцца ў дзеянне дызельным рухавіком. Адрозніваюць 1- і 3-фазныя С.г. агульнапрамысл. і спец. прызначэння. Магутнасць да 1 ГВт і вышэй.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМЯШЧА́ЛЬНАСЦЬ псіхалагічная,

аптымальнае спалучэнне (падабенства або ўзаемадапаўняльнасць) і несупярэчлівасць псіхал. якасцей двух або некалькіх людзей. Адна з умоў інтэграцыі і яднання групы, калектыву, правільнага падбору лідэраў і кіраўнікоў. Асобае значэнне набывае ў складаных умовах сумеснай жыццядзейнасці (касмічны палёт, экспедыцыя, альпінісцкі паход і інш.). Забяспечвае высокі ўзровень эфектыўнасці сумеснай дзейнасці. Несумяшчальнасць можа стаць перадумовай канфліктаў і зрываў у агульнай рабоце. Праверка на С. праводзіцца пры дапамозе спец. апаратуры і практычных дзеянняў.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТОВА́РИЩ»,

грамадска-палітычная газета Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Выдаецца са снеж. 1994 у Мінску на бел. і рус. мовах штотыднёва. Асвятляе дзейнасць ПКБ, міжнар. камуніст., рабочага і нац.-вызв. руху, пытанні грамадска-паліт., сац.-эканам. і культ. жыцця краіны. Мае рубрыкі: «Партыйнае жыццё», «У братэрскіх партыях», «Падзеі і факты», «Эканоміка», «Народ і ўлада», «Весці рэгіёнаў», «Старонкі гісторыі» і інш. Штоквартальна выходзяць спец. тэарэт. «Палітычны дыялог» і маладзёжны выпускі.

С.​В.​Вазняк.

т. 15, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАП (галандскае trap),

1) лесвіца на караблі. Бывае вяровачны, драўляны і металічны; пастаянны і здымны; нахільны ці вертыкальны. Адрозніваюць парадны Т. — пад’ёмны забортны для сувязі ў час стаянкі паміж суднам і прычалам або інш. суднам; штормтрап — вяровачная лесвіца, якая выкарыстоўваецца на неспакойным моры або на стаянцы для сувязі паміж суднамі. Таксама Т. наз. прыстаўная (пад’язная) лесвіца для пасадкі (высадкі) у самалёт, верталёт.

2) Спец. лесвіца рознага прызначэння (напр., гімнастычны Т.).

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБАПРАВО́Д,

сістэма з металічных (часам поліэтыленавых, жалезабетонных і інш.) труб, злучаных паміж сабой з дапамогай зваркі, муфтаў, фланцаў; аснова трубаправоднага транспарту. Прызначаны для транспартавання вадкіх, газападобных і цвёрдых рэчываў, а таксама кантэйнераў, гатовых вырабаў, пошты, дакументацыі і інш. (гл. Водаправодная сетка, Газаправод, Гідраўлічны транспарт, Каналізацыйная сетка, Нафтаправод, Пнеўматычны транспарт). Аснашчаны спец. арматурай (краны, засаўкі і інш.), рэгулюючымі і запорнымі прыстасаваннямі, кантрольна-вымяральнымі прыладамі. Для пракладкі Т. выкарыстоўваюць трубаўкладчыкі.

т. 15, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРЭНКУ́Р (ням. Terrainkur ад франц. terrain мясцовасць + ням. Kur лячэнне),

метад лячэння дазіраванай па адлегласці, часе, з улікам ступені нахілу маршруту хадзьбой па спец. арганізаваных маршрутах; таксама назва самой дарожкі для такой хадзьбы.

Умацоўвае і аднаўляе зніжаную функцыю мышцаў, ліквідуе вянозны застой, паляпшае абмен рэчываў. Выкарыстоўваюць у пач. стадыях сардэчна-сасудзістых захворванняў (асабліва пры аслабленні скарачальнай функцыі сардэчнай мышцы), некат. хваробах органаў дыхання, пасля траўм ніжніх канечнасцей, з мэтай аздараўлення.

т. 16, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТАНО́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

незалежная і самастойная публічная ўлада паводле канстытуцыйнай дактрыны шэрагу краін (Францыя, Калумбія і інш.), якая мае паўнамоцтвы па прыняцці або істотнай змене канстытуцыі дзяржавы. Займае месца ў раздзяленні ўлад нараўне з заканадаўчай, выканаўчай і судовай. У.у. ажыццяўляюць самі заканад. органы, спец. орган У.у. — устаноўчы сход, непасрэдна выбарчы корпус (праз рэферэндум), устаноўчы сход разам з выбарчым корпусам. У выключных выпадках У.у. прымае на сябе кіраўнік дзяржавы або ўрада.

т. 16, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

умацаванне здароўя чалавека і яго правільнае фіз. развіццё, адна з састаўных частак агульнай сістэмы выхавання. Садзейнічае агульнаму развіццю асобы разам з разумовым, маральным, эстэт. і прац. выхаваннем. Асн. сродкі Ф.в. — заняткі фіз. практыкаваннямі, разнастайныя віды турызму і спорту, загартоўванне арганізма, прытрымліванне гігіенічнага рэжыму побыту і працы, авалоданне спец. ведамі (у галіне методык фіз. практыкаванняў, сродкаў загартоўвання і гігіены), якія садзейнічаюць фіз. ўдасканаленню чалавека. Гл. таксама Фізічная культура.

т. 16, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́СЫ,

горад, цэнтр Чаркаскай вобл. Украіны. Вядомы з 1394, горад з 1795. 307 тыс. ж. (2001). Чыг. станцыя. Порт на Крамянчугскім вадасховішчы. Прам-сць: хім. (мінер. ўгнаенні, іонаабменныя смолы, валокны, пластмасы, рэактывы), харч. (кансервавая, цукр., малочная, мясная, тытунёвая), лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная), машынабудаванне і металаапрацоўка (спец. тэхнал. абсталяванне і інш.), мэблевая; вытв-сць буд. матэрыялаў. ЦЭЦ. Пед. ін-т. Тэатры: муз.-драм., лялек. Філармонія. Краязнаўчы музей. Планетарый.

Чаркасы. Палац культуры.

т. 17, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)