КАПО́ (Copeau) Жак (4.2.1879, Парыж — 20.10.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, тэатр. дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай франц. рэжысуры. Вучыўся ў Сарбоне. У 1913 у Парыжы заснаваў т-р «В’ё каламб’е» («Тэатр старой галубятні»; кіраваў да 1924). Ставіў п’есы Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, К.​Гоцы, М.​Гогаля, П.​Мерымэ, творы сучасных яму драматургаў («Крамдэйр стары» Ж.​Рамэна, 1920; «Мішэль Аклэр» Ш.​Вільдрака, 1922). Імкнуўся ствараць паэт. філас. спектаклі, адстойваў выхаваўча-этычнае значэнне мастацтва. У 1915 адкрыў тэатр. школу. Як акцёр выканаў ролі: Жака («Як вам гэта спадабаецца» Шэкспіра), Івана Карамазава («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). У 1936—40 працаваў у т-ры «Камеды Франсэз». Аўтар п’ес «Ранішні туман» (1897), «Родны дом» (1924) і інш.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭГ, Крэйг (Craig) Эдуард Гордан (16.1.1872, г. Стывенідж, Вялікабрытанія — 29.7.1966), англійскі рэжысёр, мастак і тэарэтык т-ра; прадстаўнік сімвалісцкага т-ра. Сын Э.Тэры. На сцэне з 1889. У 1908—17 узначальваў т-р «Арэна Гальдоні» ў Фларэнцыі. Мастак і пастаноўшчык спектакляў у Лондане, Берліне, Нью-Йорку, Маскве («Гамлет» У.​Шэкспіра; 1911, МХАТ, з К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім). Сцвярджаў ідэю рэжысёрскага т-ра, канцэпцыю «звышмарыянеткі», што патрабавала ад «акцёра-паэта» творчасці ў строгіх межах рэжысёрскай задумы. Пашырыў выразныя магчымасці т-ра новай сцэн. тэхнікай: стварыў сістэму шырмаў, якая лёгка трансфармавала прастору сцэны. Значна паўплываў на т-р Зах. Еўропы 20 ст. Тэарэт. погляды выклаў у кнігах «Сцэнічнае мастацтва» (1905), «Мастацтва тэатра» (1912).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН [London; сапр. Бёрнстайн

(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),

амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.​Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.​Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.​Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.​Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.

т. 9, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́Н Давід Мелкумавіч (17.4.1904—17.7.1976),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1942). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Арм. драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Бурджаляна ў Тбілісі (1923). З 1924 у Дзярж. т-ры Арменіі імя Г.​Сундукяна. Акцёр вял. ўнутр. драматызму. Яго творчасці ўласцівы лаканізм, дакладны адбор выразных сродкаў, глыбіня псіхал. характарыстык: Рустам («Намус» А.​Шырванзадэ), Тусян («Забіты голуб» Нар-Доса), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра), Паратаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога) і інш. Выступаў як рэжысёр. З 1926 здымаўся ў кіно: «Горны марш» (1939), «Асабіста вядомы» (1958), «Народжаныя жыць» (1961) і інш. Аўтар кн. «Людзі і сустрэчы» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,

буйнейшы прыватны драм. т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн. тэатр. прадпрымальнікам Ф.​Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.​Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.​Чэхава, «Навальніца» А.​Астроўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.​Андрэева, «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.​Арленеў, А.​Астужаў, М.​Блюменталь-Тамарына, У.​Давыдаў, М.​Клімаў, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, І.​Масквін, М.​Радзін, В.​Тапаркоў і інш.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНК (Munk) Анджэй (16.10.1921, г. Кракаў, Польшча —21.9.1961),

польскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1950), у 1957—60 выкладаў у ёй. З 1949 аператар і рэжысёр кінахронікі. Паставіў дакумент. фільмы: «Накірунак—Новая Гута» (1951), «Слова чыгуначнікаў» (1953), «Зоркі павінны гарэць» (1954, з В.​Лясевічам) і інш. У 1955 дэбютаваў у маст. кіно. Вядомасць М. прынеслі фільмы «Чалавек на рэйках» (1957), «Eroica» (1958), «Касавокае шчасце» (1959, у сав. пракаце — «Шэсць ператварэнняў Яна Пішчыка»), «Пасажырка» (1961—63, завершаны Лясевічам). Яго фільмы адметныя вострымі і напружанымі сітуацыямі, гратэскам, сатыр. і трагікамічнай формай. Прэміі міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1955, 1958, 1964), Карлавых Варах (1957), Канах (1964). Дзярж. прэмія Польшчы 1954.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КМАН Ізраіль Цурыелевіч (20.2.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1990),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1942). З 1946 на кінастудыі «Беларусьфільм». Працаваў пераважна ў дакумент. кіно. Аператарскай манеры ўласцівы псіхалагізм у стварэнні партрэтных характарыстык, тонкае адчуванне светлавой гамы. Рэжысёрская творчасць адметная публіцыстычнасцю. Выступаў і як сцэнарыст. Сярод фільмаў: дакумент. «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. і аператар у сааўт.), «Пастух» (1969, сцэн. у сааўт.), «Мы — сіняблузнікі» (1970), «Пакуль не загрыміць гром» (1973), «Прытча пра кола і біясферу» (1974; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Варна, Балгарыя), «Чырвоны сшытак» (1980); маст. «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959, аператар з А.​Аўдзеевым). З 1990 у ЗША.

В.​І.​Смаль.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЦАВА Юлія Іпалітаўна (7.8.1901, Масква — 1989),

расійская і ўкр. актрыса і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Дзярж. ін-т муз. драмы (1922). Першая роля ў фільме «Аэліта» (1924). З 1930 працавала са сваім мужам рэж. А.​Даўжэнкам, з якім паставіла фільмы «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949, Дзярж. прэмія СССР) і інш. Сярод значных работ С. фільмы паводле сцэнарыяў Даўжэнкі «Паэма пра мора» (1958), «Аповесць палымяных гадоў» (1961, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Зачараваная Дзясна» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне, 1965), «Незабыўнае» (1968), «Такія высокія горы» (1974), «Свет у трох вымярэннях» (1980) і інш. Знялася ў фільмах «Леон Куцюр’е» (1927), «Бура» і «Джымі Хігінс» (1928), «Дзве жанчыны» (1930) і інш.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІ́ЦЫН (сапр. Гёзе) Віктар Якаўлевіч

(2.5.1897, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.12.1976),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага маст. т-ра (1918—24). З 1924 артыст Маскоўскага Маст. акад. т-ра. Мяккі лірычны акцёр. Сярод роляў: Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.​Чэхава), Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Рапяцілаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), губернатар («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Сціва Аблонскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога) і інш. Паставіў спектаклі: «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (1934), «Ідэальны муж» О.​Уайльда (1946), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1957) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949, 1951, 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1974.

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ЛЕР (Strehler) Джорджа (14.8.1921, г. Трыест, Італія — 25.12.1997),

італьянскі рэжысёр. Скончыў Акадэмію аматараў драм. мастацтва ў Мілане (1940). У 1947—68, з 1972 арганізатар і кіраўнік (сумесна з П.​Грасі) 1-га ў Італіі стацыянарнага драм. т-ра «Пікала-тэатр» (Мілан), у 1968—72 кіраўнік уласнай тэатр. трупы. Адрадзіў прыёмы італьян. камедыі дэль артэ, працягваў сцэн. традыцыі Б.​Брэхта. Сярод пастановак: «Слуга двух гаспадароў» (1947) і «Камп’ела» (1975) К.​Гальдоні, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1955), «Трохграшовая опера» (1956), «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1972), «Вялікая магія» Э.​Дэ Філіпа (1989), «Востраў рабоў» П.​Марыво (1995) і інш.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)