СТРЭ́ЛЕР (Strehler) Джорджа (14.8.1921, г. Трыест, Італія — 25.12.1997),

італьянскі рэжысёр. Скончыў Акадэмію аматараў драм. мастацтва ў Мілане (1940). У 1947—68, з 1972 арганізатар і кіраўнік (сумесна з П.​Грасі) 1-га ў Італіі стацыянарнага драм. т-ра «Пікала-тэатр» (Мілан), у 1968—72 кіраўнік уласнай тэатр. трупы. Адрадзіў прыёмы італьян. камедыі дэль артэ, працягваў сцэн. традыцыі Б.​Брэхта. Сярод пастановак: «Слуга двух гаспадароў» (1947) і «Камп’ела» (1975) К.​Гальдоні, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1955), «Трохграшовая опера» (1956), «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1972), «Вялікая магія» Э.​Дэ Філіпа (1989), «Востраў рабоў» П.​Марыво (1995) і інш.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)