рака ў Бразіліі, на Бразільскім пласкагор’і. Даўж. 2800 км, пл.бас. каля 600 тыс.км². Вытокі ў горным масіве Сера-да-Канастра, у вярхоўях мае горны характар, потым цячэ ў шырокай даліне тэктанічнага паходжання. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз берагавы ўступ пласкагор’я да Атл.ак., утварае парогі і вадаспады Паўлу-Афонсу. Высокія ўзроўні вады ў ліст.—маі. Сярэдні расход вады ў вусці 3300 м³/с. Буйное вадасх. Трэс-Марыяс і ГЭС (у верхнім цячэнні), некалькі ГЭС на вадаспадах Паўлу-Афонсу (у ніжнім). Суднаходная ў сярэднім цячэнні і ад вадаспадаў да вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],
памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗІ́Ф, Сісіф,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж.Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛАПАДО́БНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
аднаклетачныя эндаэпітэліяльныя слізістыя залозы эпітэлію чалавека і жывёл. Знаходзяцца ў кішэчніку, паветраносных шляхах, матцы і яйцаводах, вывадных пратоках падстраўнікавай і слінных залоз, кан’юктывы вока. Сінтэзуюць, назапашваюць і выдзяляюць слізісты сакрэт, які ўвільгатняе паверхню эпітэлію. Утвараюцца са звычайных эпітэліяльных клетак. У верхняй частцы бакалападобнай клеткі, што ўкрыта мікраварсінкамі, назапашваюцца гранулы сакрэту (муцынаген), якія абвадняюцца і ператвараюцца ў масу слізі (муцын). Бакалападобныя клеткі набракаюць у верхняй частцы і звужаюцца каля асновы, дзе знаходзіцца ядро, набываюць бакалападобную форму. Потым верхняя частка разрываецца, слізь трапляе ў прасвет органа, бакавыя сценкі бакалападобнай клеткі спадаюцца, робяцца прызматычнымі і зноў назапашваюць сакрэт. Існуе думка пра безупыннае яго выдзяленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр.Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз.Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́Н (Грузенберг) Міхаіл Маркавіч
(9.7.1884, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 29.5.1951),
рэвалюцыянер, сав.дзярж. і паліт. дзеяч. У рэв. руху з 1900, чл. Бунда. У 1907—18 у ЗША: стварыў у Чыкага спец. школу для эмігрантаў, удзельнічаў у рабоце сацыяліст. партыі Амерыкі, быў казначэем Т-ва дапамогі рус. палітвязням. З 1919 ген. консул РСФСР у Мексіцы, адначасова працаваў у Камінтэрне. У 1923—27 у Кітаі — паліт. саветнік ЦВК, нац.рэв. партыі Гаміньдана, потым у СССРнам. наркома працы, нам. дырэктара ТАСС, з 1932 гал. рэдактар газ. «Moscow News» («Маскоўскія навіны»), у Вял.Айч. вайну ў рэдакцыі Саўінфармбюро. У 1951 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ШЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.
Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Бруна) (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),
нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц.сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),
спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.
Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.