АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.​Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.​Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.​І.​Бернік.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАГО́НІЯ (грэч. kosmogonia ад космас + грэч. goneia зараджэнне),

раздзел астраноміі, які вывучае паходжанне і развіццё касм. цел і іх сістэм. Грунтуецца на выніках астр. назіранняў з Зямлі і з космасу, а таксама на навук. даных фізікі, геалогіі, геафізікі, геахіміі.

К. як навука зарадзілася ў 18 ст. — гіпотэзы І.Канта (1755), П.С.Лапласа (1796), пазней Дж.Х.Джынса (1916); далейшае развіццё атрымала ў працах О.Ю.Шміта (прапанаваў ідэю акумуляцыі планет з газава-пылавога воблака, якое абкружала Сонца). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў адрозніваюць некалькі этапаў зараджэння Сонца і планет. Першапачаткова адбываецца згушчэнне воблака міжзорнага рэчыва (складаецца з малекул вадароду H2, вады H2O, гідраксільнай групы OH і інш. і пылу). Найб. шчыльныя часткі воблака з масамі парадку зоркавых пачынаюць сціскацца. Воблака распадаецца на фрагменты, адзін з якіх у далейшым параджае Сонца і Сонечную сістэму. У цэнтры фрагмента, што сціскаецца, утвараецца згушчэнне пылу і газу, якое з’яўляецца ядром акрэцыі (захоп навакольнага разрэджанага асяроддзя, прыток якога паступова павялічвае масу ядра). Калі маса цэнтр. згушчэння дасягае прыблізна 0,1 сонечнай масы, рэчыва становіцца непразрыстым, т-ра павялічваецца і пыл выпараецца. Гэта адбываецца праз 10​4—10​5 гадоў пасля пачатку згушчэння фрагмента. Цэнтр. згушчэнне ўтварае газавую пратазорку. Потым пачынаецца яе гравітацыйнае сцісканне. На працягу гэтага перыяду ўжо існуе дыскападобная газава-пылавая пратапланетная туманнасць, цэнтрам якой з’яўляецца пратазорка. Маса туманнасці каля 0,01—2 сонечных мас. У туманнасці ідзе фарміраванне планет-гігантаў тым жа шляхам — з утварэннем дыскаў, з якіх у далейшым утвараюцца спадарожнікі-планеты. Гравітацыйнае сцісканне Сонца доўжыцца 10​8 гадоў. У гэты час дзьме моцны зоркавы вецер, што вымятае газ з унутр. часткі пратапланетнай туманнасці. Пылавое воблака ўсё больш канцэнтруецца да сярэдняй плоскасці. Пылінкі сутыкаюцца, утвараюцца буйныя часцінкі. Ідзе працэс акумуляцыі цвёрдых цел. Фарміруецца некалькі асабліва буйных цел — цэнтраў акрэцыі, вакол якіх утвараюцца планеты зямной групы. З рэшткаў рэчыва, выкінутага на край Сонечнай сістэмы, узнікаюць каметы і астэроіды пояса Койпера (гл. Малыя планеты). Гл. таксама Касмалогія.

Літ.:

Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Введение в космогонию: Происхождение крупномасштабной структуры Вселенной. М., 1978;

Іх жа. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЛО́ГІЯ (ад космас + ...логія),

вучэнне пра Сусвет як адзінае цэлае і пра ўсю ахопленую назіраннямі вобласць свету як яго частку. Вывучае пытанні размеркавання і руху матэрыі ў прасторы, развіцця фіз. карціны Сусвету, геам. ўласцівасці прасторы-часу; яе развіццё звязана са стварэннем агульнай тэорыі адноснасці (1915; гл. Адноснасці тэорыя). Развівалася як раздзел астраноміі, сучасная К. выкарыстоўвае законы фізікі, астрафізікі, а таксама агульныя палажэнні філасофіі.

Грунтуецца на аднародных і ізатропных мадэлях, прапанаваных А.Фрыдманам (1922, 1924), у якіх выкарыстоўваецца дапушчэнне: у Сусвеце няма якіх-н. вылучаных пунктаў і напрамкаў. Асноўны вывад тэорыі Фрыдмана: Сусвет не застаецца нязменным у часе, ён расшыраецца або сціскаецца. Чырвонае зрушэнне ў спектрах далёкіх галактык сведчыць пра расшырэнне Сусвету (амер. астраном Э.​Хабл, 1929). З улікам назіральных даных працягласць касмалагічнага расшырэння 10—20 млрд. гадоў. Адкрыццё рэліктавага цеплавога выпрамянення з абс. т-рай 2,7 К (1965) пацвярджае «гарачую» мадэль Сусвету, паводле якой у пачатку касмалагічнага расшырэння шчыльнасць энергіі (масы) і т-ра мелі экстрэмальна вял. значэнні. Геам. ўласцівасці прасторы залежаць ад сярэдняй шчыльнасці масы р: у залежнасці ад таго ρ > ρk ці ρ < ρk дзе ρk~ 10​−28 кг/м³ — крытычная шчыльнасць, трохмерная прастора мае дадатную ці адмоўную крывізну, а яе аб’ём канечны («закрытая» мадэль) ці бесканечны («адкрытая» мадэль); пры ρ=ρk — плоская мадэль. Характар эвалюцыі залежыць ад тыпу мадэлі. Паводле існуючых ацэнак ρ~ρχ. К. вывучае фіз. працэсы на розных этапах касмалагічнага расшырэння. Тэарэтычна растлумачана ўтварэнне хім. элементаў, а таксама ўзнікненне буйнамаштабнай структуры (галактык) у Сусвеце. На аснове выкарыстання адзіных мадэлей у фізіцы элементарных часціц для апісання працэсаў у першыя імгненні касмалагічнага расшырэння прапанаваны інфляцыйны касмалагічны сцэнарый, які дае магчымасць растлумачыць шэраг праблем (аднароднасць, ізатрапію Сусвету і інш.). Адна з важнейшых праблем — праблема касмалагічнай сінгулярнасці — чакае свайго вырашэння. Нягледзячы на паспяховае развіццё тэорыі «ранняга» Сусвету, стварэнне канчатковага касмалагічнага сцэнарыя — справа будучага.

Літ.:

Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;

Вайнберг С. Первые три минуты: Современный взгляд на происхождение Вселенной: Пер. с англ. М., 1981;

Линде А.Д. Физика элементарных частиц и инфляционная космология. М., 1990;

Minkevich A.V. Problem of cosmological singularity and gauge theories of gravitation // Acta Physica. Polonica B. 1998. Vol. 29, № 4.

А.​В.​Мінкевіч.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.​Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.​А.​Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСЭ́Н (Poussin) Нікала (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),

французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.​Варэна. Зазнаў уплывы А.​Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.​Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў у Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.​Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).

Тв.:

Рус. пер. — Письма. М.; Л., 1939.

Літ.:

Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;

М., 1964;

Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.

С.​У.​Пешын.

Н.Пусэн. Кармленне немаўляці Юпітэра. 1640.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЭСТО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Мірны дагавор 1920 (Тартускі дагавор), падпісаны 2 лют. ў г. Тарту (Эстонія) паміж РСФСР і Эст. Рэспублікай, спыніў удзел Эстоніі на баку Антанты ў вайне супраць Сав. Расіі (дагавор аб прыпыненні ваен. дзеянняў падпісаны ў Тарту 31.12.1919). Складаўся з 20 артыкулаў і шэрагу дадаткаў. Забяспечыў прызнанне Сав. Расіяй незалежнасці і самастойнасці эст. дзяржавы, вызваленне Эстоніі ад адказнасці па даўгавых і інш. абавязацельствах Расіі, перадачу Эстоніі ўсёй рас. маёмасці на яе тэр. (у т. л. суднаў, акцый фірмаў) і 15 млн. руб. з залатога запасу Расіі, што гарантавала пакрыццё золатам папяровых эст. грошай. Да Эст. Рэспублікі адышлі землі, прылеглыя да ўсх. берага р. Нарва, і раён Пячоры (Петсеры) з крэпасцю Ізборск (гл. карту). Дагаворам устанаўліваліся дыпламат. і консульскія адносіны. Ён дзейнічаў да ўваходжання Эстоніі ў склад СССР (лета 1940), у 1990—91 стаў адной з юрыд. падстаў для аднаўлення эст. дзяржаўнасці. Сучасная мяжа паміж Рас. Федэрацыяй і Эстоніяй устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 23.8.1944 і пастановамі Вярх. Саветаў РСФСР і Эст. ССР, прынятымі ў 1957. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 4 мая ў Маскве паміж СССР і Эстоніяй тэрмінам на 3 гады. Бакі абавязваліся ўстрымлівацца ад нападаў і дзеянняў, накіраваных супраць тэр. цэласнасці і паліт. незалежнасці, ад удзелу ў пагадненнях і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор працягнуты да 31.12.1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 28 вер. ў Маскве паміж СССР і Эст. Рэспублікай па ініцыятыве сав. боку ва ўмовах пачатку 2-й сусв. вайны. Бакі абавязваліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Эстонія дазволіла СССР мець на а-вах Саарэмаа (Эзель), Хіума (Дага) і ў г. Пальдыскі ваен.-марскія базы і аэрадромы на правах арэнды і сав. вайск. часці для іх аховы. У чэрв. 1940 на падставе гэтага пакта Сав. Саюз увёў свае войскі ў Эстонію, у выніку чаго там адбылася змена дзярж. улады і ладу, а рэспубліка была ўключана ў склад СССР (жн. 1940).

Літ.:

Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией. Литвой и Эстонией, авг. 1939 г.—авг. 1940 г. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

фарміраванне ў чалавека здольнасці ўспрымаць, тварыць і ацэньваць эстэтычнае ў рэчаіснасці і мастацтве. Зыходзячы з таго, што аснову эстэтычнага складае пачуццёвая дасканаласць, то вынікам паспяховага Э.в. можа служыць выпрацоўка ў чалавека высокага ўзроўню развіцця эстэт. патэнцыялу асобы, гал. кампанентамі якога выступаюць эстэт. патрэбнасць, пачуццё эстэтычнае, узровень эстэт. перажывання, густ эстэтычны, ідэал эстэтычны. Э.в. садзейнічае выяўленню творчых патэнцый і развіццю творчых здольнасцей чалавека ва ўсіх сферах дзейнасці, спрыяе ўнясенню эстэт. пачатку ў грамадска карысную працу, духоўна ўзвышае чалавека, упрыгожвае яго побыт, садзейнічае фіз. ўдасканаленню асобы, яе здольнасці да творчага і гуманнага пераўтварэння свету і чалавечых адносін.

Э.в. грунтуецца на эст. каштоўнасці (высокадухоўнай па сваёй сутнасці), таму і абумоўлівае здольнасці чалавека ў разуменні і перажыванні ўсяго спектра з’яў рэчаіснасці і чалавечай свядомасці — прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага і г.д. Э.в. звязана з маст. выхаваннем, якое зыходзіць са здольнасці чалавека ўспрымаць маст. каштоўнасці. У сав. час падкрэслівалася мэтанакіраванасць працэсу Э.в., пад якой разумелася сац. адаптацыя моладзі да грамадскіх, у т. л. эстэт. ідэалаў соцыуму. Сав. сістэма Э.в. мела шэраг дасягненняў. Сярод практыкаў і тэарэтыкаў Э.в. вызначаліся Дз.​Б.​Кабалеўскі. М.​І.​Кіяшчанка, А.​У.​Лармін, А.​С.​Макаранка, Б.​М.​Неменскі, У.​Ф.​Суна, А.​М.​Сямашка, В.​А.​Сухамлінскі і інш.

На Беларусі тэарэт. пытанні Э.в. распрацоўваюць М.​І.​Крукоўскі, А.​Б.​Ладыгіна, У.​Ф.​Мартынаў, Э.​І.​Нядзведская, В.​А.​Салееў і інш. пед. аспекты — Я.​Д.​Грыгаровіч, І.​І.​Рыданава, В.​Л.​Грачова, Н.​Н.​Грышановіч, Н.​Д.​Мінц, В.Ф Галанцава, В.​П.​Коцікава, Н.​М.​Якаўлева. З 1980-х г. сістэматычна праводзяцца навук.-практ. і тэарэт. канферэнцыі па актуальных пытаннях Э.в.

Літ.:

Крюковский Н.И. Homo pulcher — Человек прекрасный. Мн., 1983;

Салеев В.А. Сущность эстетического воспитания // Адукацыя і выхаванне. 1992. № 3;

Яго ж. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;

Эстэтычнае выхаванне ў сучаснай беларускай культуры. Мн., 1993;

Мартынов В.Ф. Философия красоты. Мн., 1999;

Котикова О.П. Эстетическое воспитание старшеклассников. Мн., 1999;

Неменский Б.М. Познание искусством. М., 2000;

Концепция эстетического воспитания детей и молодежи РБ // Асновы мастацтва. 2000. № 7;

Ковалевская А.А. Музыкально-эстетическое воспитание: дифференцированный подход. Мн., 2002.

В.​А.​Салееў.

т. 18, кн. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СЕЛЬДА.

Ясольда, рака ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Пінскім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць (бас. р. Дняпро). Даўж. 250 км, пл. вадазбору 7790 км². Пачынаецца з Дзікага балота меліярац. каналам за 4 км на Пн ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце каля в. Качановічы Пінскага р-на. Цячэ ў вярхоўі па Прыбугскай раўніне, далей па нізіне Прыпяцкага Палесся праз азёры Спораўскае і Мотальскае. Асн. прытокі: канал Вінец (справа), Жыгулянка, Агінскі канал (злева). Густата рачной сеткі 0,47 км/км². Даліна невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 2—4 км, найб. шыр. 6—8 км. Схілы спадзістыя, выш. 2—8 м, парэзаныя сеткай асушальных каналаў, далінамі дробных рэк і ручаёў. Пойма двухбаковая, забалочаная, куп’істая, каля рэчышча павышаецца; у сярэднім цячэнні шыр. 0,8—1,2 км, у ніжнім 1,5—6 км. У разводдзе затапляецца на тэрмін ад 2 да 4 месяцаў на глыб. 0,7—1,5 м; шыр. разліву ў вусці да 30 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 39,1 км і на тэр. Бярозаўскага р-на ад в. Сялец да в. Стрыгін на працягу 15 км каналізаванае. На неканалізаваных участках рэчышча звілістае і моцназвілістае, шыр. 10—40 м, найб. 80 м (каля в. Купяцічы Пінскага р-на). Берагі нізкія, забалочаныя, пасля ўпадзення р. Жыгулянка стромкія, месцамі абвалаваныя, выш. да 1 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 50% гадавога сцёку. Веснавое разводдзе з канца сак. да 1-й паловы мая (звычайна 75 сут, часам да 115 сут). Сярэдняя выш. пад’ёму над межанным узроўнем ад 1,5—1,7 м у вярхоўі да 2,5 м у ніжнім цячэнні, найб. адпаведна 1,7 і 3,1 м. Працягласць летне-асенняй межані ад 3 да 6,5 мес. Зімовая межань параўнальна ўстойлівая, у асобныя гады ўзроўні зімовых паводак перавышаюць узроўні веснавога разводдзя. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 2—3 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35,8 м³/с, найб. каля в. Сінін Пінскага р-на 573 м³/с (1958), найменшы 1,36 м³/с (1956). Я. ўваходзіць у водную сістэму, якая злучае басейны рэк Прыпяць і Нёман Агінскім каналам. У пойме Я. наліўное вадасх. Сялец. Рака суднаходная ад вусця да моста на дарозе Пінск—Лагішын. Водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г. Бяроза.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Ясельда.

т. 18, кн. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛОГІЯ

Першыя сістэматызаваныя гідрагеалагічныя даследаванні на тэр. Беларусі праведзены ў 1873—98 Зах. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам генерала І.​І.​Жылінскага, якая вывучала ўмовы асушэння балот Палескай нізіны. У сав. час комплексныя гідрагеал. даследаванні адноўлены, грунтоўна яны праведзены ў басейне р. Свіслач (1928), у выніку чаго выяўлены крыніцы водазабеспячэння Мінска. У 1929—35 дзейнічаў Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, з 1935 — сектар гідрагеалогіі і інжынернай геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1936 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. У 1944 складзены першы кадастр падземных вод. У 1945—46 складзены дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал. здымка, з 1970 — гідрагеахім. здымка.

З пачатку 1990-х г. шырока вядуцца даследаванні па пошуку, народнагаспадарчым і медыкабальнеалагічным выкарыстанні мінер. падземных вод краіны. У выніку адкрыта шмат тыпаў мінер. вод, на базе якіх ствараюцца водалячэбніцы ў санаторыях, дамах адпачынку, прафілакторыях; створана новая галіна гаспадаркі — разліў у бутэлькі лячэбных вод; калектыў даследчыкаў (С.​П.​Гудак, Э.​С.​Кашыцкі, А.​В.​Кудзельскі, М.​У.​Нячаеў, П.​З.​Хоміч, М.​Г.​Ясавееў) адзначаны Дзярж. прэміяй Рэспублікі Беларусь (1998). У 1990—2000-я г. асн. акцэнт у навукова-прыкладных даследаваннях рабіўся на гідраэкалагічныя вышуканні; распрацавана навук. абгрунтаванне новай навукі гідрагеаэкалогіі, якая аб’ядноўвае гідрагеалогію, экалогію, геалогію, геаграфію і інш. навукі. Рэсурсы і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюць у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (Г.​В.​Багамолаў, М.​Ф.​Казлоў, А.​В.​Кудзельскі, В.​І.​Пашкевіч, У.​М.​Шымановіч, М.​Г.​Ясавееў), у Бел. н-д. геолагаразведачным ін-це (С.​П.​Гудак, А.​П.​Лаўроў, Г.​Л.​Фурсікаў), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (У.​С.​Альхавік, У.​А.​Зубок, У.​Дз.​Коркін), Гомельскім ун-це (В.​Г.​Жогла), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (В.​П.​Рагуновіч, В.​С.​Усенка, М.​М.​Чарапанскі) і інш.

Літ.:

Кудельский А.В., Пашкевич В.И., Ясовеев М.Г. Подземные воды Беларуси. Мн., 1998;

Кудельский А.В., Ясовеев М.Г. Минеральные воды Беларуси. Мн., 1994.

М.​Г.​Ясавееў.

т. 18, кн. 2, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)