ПАЛЕАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), палеацэн (ад палеа... + грэч. kainos новы),

ніжні аддзел палеагенавай сістэмы (перыяду) агульнай стратыграфічнай шкалы, які па часе адпавядае палеацэнавай эпосе геал. гісторыі Зямлі (гл. Геахраналогія). Перакрываецца адкладамі эацэнавага аддзела (эпохі) і падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду). Вылучаны ням. палеабатанікам В.​Шымперам у 1874. Падзяляецца на ніжні і верхні пададдзелы. На тэр. Беларусі выяўлены адклады верхняга пададдзела, да якіх паводле спорава-пылковага аналізу С.​С.​Маныкін у 1973 аднёс сумскую світу.

З палеацэнавага часу на Пд Беларусі пачаўся шэраг палеагенавых трансгрэсій. У палеацэне марскі заліў лагунападобнага выгляду пранік на тэр. Беларусі з боку Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Апусканне тэрыторыі было нязначным, а суша вакол марскога заліва слабапрыўзнятая, парослая ў прыбярэжнай частцы пышнай расліннасцю (пальмы, магноліі, лаўры, дубы і інш.). У час расшырэння трансгрэсіі і паглыблення цэнтр. ч. мора на крайнім ПдУ Беларусі намнажаліся пясчаныя пароды зеленавата-шэрыя, розназярністыя, кварцавыя, з рэдкімі зернямі глаўканіту, у тоўшчы якіх трапляюцца пясчанікі таго ж складу з халцэдонавым цэментам. Пры абмяленні мора намнажаліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты, пясчаністыя апокі і інш. Мяркуюць, што ў канцы палеацэну мора пакінула тэр. Беларусі. Яго асадкі падвергліся нязначнаму размыву. Магутнасць адкладаў палеацэну на Беларусі 15—20 м, макс. да 41 м. На правым беразе р. Сож на Пн ад г. Ветка Гомельскай вобл. палеацэнавыя адклады выходзяць на паверхню. З адкладамі палеацэну звязаны карысныя выкапні: шкловыя (кварцавыя) пяскі, апокі (у буд-ве як цеплаізалятар, чыстыя гатункі — моцныя адсарбенты).

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973;

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

А.​Ф.​Бурлак.

т. 18, кн. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ карысных выкапняў,

спосаб здабычы карысных выкапняў непасрэдна з паверхні зямлі. Ажыццяўляецца з вырабатак — кар’ераў. Складаецца з падрыхтоўкі паверхні, асушэння радовішчаў, горна-капітальных, раскрыўных і здабыўных работ. Падрыхтоўка паверхні звязана з ліквідацыяй перашкод, якія ўскладняюць адкрытыя распрацоўкі радовішчаў (планіроўка паверхні, выдаленне расліннасці і г.д.). Асушэнне радовішчаў — комплекс мерапрыемстваў для аховы радовішчаў ад прытоку вады, у т. л. шляхам адпампоўвання і водапаніжэння. Горна-капітальныя работы — пабудова капітальных траншэй для трансп. камунікацый кар’ера, разразных траншэй для першапачатковай работы і расстаноўкі абсталявання (экскаватараў, гідраманітораў і інш.), капітальнае раскрыццё першапачатковага агалення карыснага выкапня. Раскрыўныя работы — аддзяленне ад масіву і транспарціроўка ў адвалы покрыўных парод. Здабыўныя работы — працэс непасрэднага выбірання карыснага выкапня з горнага масіву. Адкрытая распрацоўка радовішчаў забяспечвае здабычу каля 75% цвёрдых карысных выкапняў, у т. л. да 100% прыродных буд. матэрыялаў, 75—80% бурага вугалю, 65—75% нярудных, 45—50% рудных выкапняў, большасць рассыпных карысных выкапняў. Прадукцыйнасць працы ў кар’ерах у 2—6 разоў вышэйшая, чым у шахтах, вытв. магутнасць у 3—5 разоў большая, буд-ва іх у 2—5 разоў хутчэйшае. На Беларусі адкрытая распрацоўка радовішчаў выкарыстоўваецца пры здабычы прыродных буд. матэрыялаў (буд. і абліцовачнага каменю, буд. пяску і пясчана-жвіровых матэрыялаў, сыравіны для керамічнай цэглы, лёгкіх запаўняльнікаў, шкла і цэменту, мелу і інш.). Дзейнічаюць буйнейшыя ў Еўропе кар’еры па здабычы даламітаў (радовішча Гралева ў Віцебскай вобл.) магутнасцю 6 млн. т у год, гранітаў (радовішча Мікашэвічы ў Брэсцкай вобл.) магутнасцю каля 5 млн. м³ у год і інш.

П.​З.​Хоміч.

Схема адкрытай распрацоўкі радовішча: 1 — кар’ер; 2 — капітальная траншэя; 3 — разразная траншэя; 4 — нахіленая выпрацоўка для транспарціроўкі карыснага выкапня; 5 — адвал пустых парод.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.​Л.​Драгун.

Схема геатэрмальнай электрастанцыі: 1 — свідравіна; 2 — кандэнсацыйная турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — градзірня; 5 — кандэнсатар; 6 і 7 — цыркуляцыйная і вакуумная помпы.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],

вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.

У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл. Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.

Літ.:

Коломийцов Ю.В. Интерферометры Л., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Колесников А.Е. Ультразвуковые измерения. 2 изд. М., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

прыродныя воды з мінералізацыяй больш за 1 г/л, а таксама воды любой мінералізацыі са спецыфічнымі ўласцівасцямі (радыеактыўнасць, рН, т-ра) або біялагічна актыўнымі мікракампанентамі (бром Br, жалеза Fe, вуглякіслы газ CO2, серавадарод H2S, радон Rn і інш.). Падзяляюцца на воды слабай (да 2 г/л), малой (2—5 г/л), сярэдняй (5—15 г/л) і высокай (15—35 г/л) мінералізацыі і расолы (>35 г/л). У бальнеатэрапіі М.в. ўжываюць на ванны, піццё, інгаляцыі, арашэнні.

На Беларусі М.в. выяўлены ва ўсіх гідрагеал. басейнах: Аршанскім, Брэсцкім, Прыбалтыйскім, Прыпяцкім, у межах Беларускага і Варонежскага гідрагеал. масіваў, дзе прымеркаваны да адкладаў юры, трыясу, пярмі, карбону, дэвону, кембрыю, верхняга пратэразою, а таксама трэшчынаватай зоны парод крышт. фундамента; на глыбінях ад 200—300 м да 600—800 м і больш. Магутнасць гарызонтаў ад некалькіх метраў да 260—530 м. Водаўмяшчальныя пароды — пяскі, пясчанікі, трэшчынавата-закарставаныя даламіты, мергелі, гіпсы, ангідрыты, трэшчынаватыя і выветралыя покрыўна-лававыя, метамарфічныя і інтрузіўныя. Больш пашыраны М.в., лячэбнае ўздзеянне якіх адбываецца за кошт макракампанентаў хім. саставу і мінералізацыі. Паводле хім. саставу воды хларыдна-натрыевыя, хларыдна-сульфатныя, кальцыева-натрыевыя, гідракарбанатна-хларыдныя натрыевыя, сульфатныя рознага катыённага саставу і інш. Са спецыфічнымі кампанентамі вылучаюцца радонавыя, серавадародныя, бромныя, борныя і воды з вял. колькасцю гумусавых рэчываў. Разведаны 103 радовішчы М.в. Эксплуатацыйныя рэсурсы складаюць больш за 20 тыс. м³/сут; выкарыстоўваюцца санаторыямі, прафілакторыямі, водалячэбніцамі («Беларусь», «Бярэсце», «Васільеўка», «Крыніца», «Лётцы», «Нарач», «Прыдняпроўскі», «Радон» і інш.). Выпускаюцца пітныя лячэбна-сталовыя воды больш як 60 найменняў («Мінская», «Бабруйская», «Усмешка», «Дарыда», «Рэчыцкая», «Фрост», «Ільдзінка», «Барысаўская», «Бярэзінская», «Брэсцкая» і інш.). Бліжэйшымі аналагамі бел. М.в. з’яўляюцца: «Міргарадская», «Крымская» (Украіна), «Іжэўская», «Кашынская», «Омская» (Расія), «Друскінінкайская» (Літва), «Вярска» (Эстонія).

М.​С.​Капора.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,

электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.

Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.

Б.​І.​Фірага.

Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).

т. 12, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РЫКАЎ Васіль Іванавіч (24.1.1848, г. Краснаярск, Расія — 19.3.1916),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярб. АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1869—75) у П.​Чысцякова. Чл. т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі, 1881), Саюза рус. мастакоў. Гал. тэма творчасці — лёс народа ў складаныя пераломныя эпохі гісторыі Расіі. Ужо ў ранніх творах звяртаўся да гіст. тэматыкі («Княжацкі суд», 1874; «Апостал Павел тлумачыць догматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы», 1875). З 1877 жыў у Маскве. Наведаў Германію, Францыю, Аўстрыю (1883—84), Швейцарыю (1897), Італію (1900), Іспанію (1910). У лепшых палотнах раскрываў трагічныя супярэчнасці гісторыі, логіку яе руху, барацьбу гіст. сіл у пятроўскі час, у гады расколаў, нар. рухаў: «Раніца стралецкай кары» (1881), «Меншыкаў у Бярозаве» (1883), «Баярыня Марозава» (1887). У манум. па форме карцінах С. стварыў наватарскі тып кампазіцыі, у якой рух людской масы, ахопленай складанай гамай перажыванняў, перадае глыбокі, унутр. сэнс падзеі. Вял. ўвагу аддаваў перадачы выгляду плошчаў і вуліц старой Масквы, запоўненых натоўпам, адзення, прадметаў побыту, вышыўкі, разьбы па дрэве і інш. Агульны каларыт яго твораў, заснаваны на гармоніі чыстых фарбаў, рытме колеравых плям, фактуры і манеры мазкоў, служыў сродкам перадачы агульнага настрою, атмасферы падзеі, псіхал. характарыстыкі персанажаў. У 1888—90 жывапісам не займаўся. У карцінах 1890-х г. звярнуўся да падзей нац. гісторыі, у якіх праяўляўся гераічны дух і магутнасць рус. народа: «Пакарэнне Сібіры Ермаком» (1895), «Пераход Суворава праз Альпы» (1899), ствараў партрэты («Сцяпан Разін», 1903, і інш.), займаўся акварэллю.

Літ.:

Кеменов В.С. Историческая живопись Сурикова, 1870—1880-е гг. М., 1963;

Яго ж. В.​Суриков: Альбом. Л., 1978;

В.​И.​Суриков: Письма. Воспоминания о художнике. Л., 1977.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Сурыкаў. Меншыкаў у Бярозаве. 1883.

т. 15, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА Размешчана на З Беларусі, на ПнЗ Гродзенскай вобл., таксама на тэр. Польшчы і Літвы. Мяжуе з Гродзенскім узв., Лідскай раўнінай і Верхнянёманскай нізінай. На тэр. Беларусі даўж. з 3 на У 60—75 км, з Пн на Пд да 45 км, пл. каля 1,7 тыс. км². Выш. 110—140 м.

Прымеркавана да Мазурска-Беларускага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент залягае на глыб. 100—300 м. Месцамі перакрыты юрскімі (магутнасць да 4(1 м), познамелавымі (больш за 100 м), палеагенавымі (да 20 м) і антрапагенавымі (60—140 м) адкладамі, На паверхні пераважаюць флювіягляцыяльныя і лімнагляцыяльныя пяскі, жвір, радзей жвірова-галечныя сумесі, галацэнавыя азёрныя і балотныя адклады. На фарміраванне рэльефу значна паўплываў паазерскі ледавік, у час раставання якога ў межах С.н. ўтварылася вял. прыледавіковае Сярэднянёманскае воз. Пры адступанні паазерскага ледавіка ўзровень возера паніжаўся са 123 м да 115 м. У больш позні галацэнавы час сфарміравалася даліна р. Нёман, якая ў межах С.н. мае эразійны ўрэз да 25—28 м.

Сучасны рэльеф С.н. — зандравая раўніна з 2 узроўнямі (больш высокі 130—140 м прымыкае да Лідскай раўніны). Паверхня плоская, плоскаўзгорыстая, ускладнена тэрмакарставымі западзінамі, эолавымі формамі, невял. зарастаючымі азёрамі. Карысныя выкапні: гліны, буд. пяскі, торф. Т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 545 мм за год. Гал. р. Нёман з прытокамі Котра (з Пыранкай і Нявішай), Гожка, Чорная Ганча. Найб. азёры Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя, тарфяна-балотныя, поймавыя. Лясістасць каля 40%. Пашыраны хваёвыя, бярозавыя, яловыя і чорнаальховыя лясы. Найб. лясныя масівы Гродзенская і Катранская пушчы. У межах С.н. заказнікі рэсп. значэння: біял. Гожаўскі, Парэцкі і Сапоцкінскі, ландшафтны Азёры.

В.​Р.​Сінякова.

Сярэднянёманская нізіна ў Гродзенскім раёне.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСФАРМА́ТАР (ад лац. transformo пераўтвараю) электрычны, электрычны апарат без рухомых пастак для пераўтварэння пераменнага току аднаго напружання ў пераменны ток другога напружання пры нязменнай частаце. Дзеянне Т. грунтуецца на з’яве электрамагнітнай індукцыі. Існуюць Т. адна- і трохфазныя; сілавыя для перадачы і размеркавання электраэнергіі, спец. сілавыя для электразваркі, выпрамных установак і інш.; трансфарматары вымяральныя, высакавольтныя выпрабавальныя, імпульсныя, узгадняльныя, для ператварэння колькасці фаз, частаты, у т. л. радыёчастотныя, і інш. Магутнасць Т. да соцень мегавольтампер, ккдз магутных сілавых Т. 0,98—0,99.

Складаецца з магнітаправода з ліставой трансфарматарнай сталі, размешчаных на ім адной першаснай, адной і больш другасных ізаляваных абмотак. Есць Т., у якіх першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку (аўтатрансфарматары). Ток, які пераўтвараецца, падаецца на першасную абмотку, створаны ім пераменны магн. паток наводзіць у другаснай абмотцы эрс узаемаіндукцыі. Адносіны першаснага напружання да другаснага роўныя адносінам колькасці віткоў у абмотках і наз. каэф. трансфармацыі. Калі першаснае напружанне большае за другаснае, Т. паніжальны, у адваротным выпадку — павышальны. Адпаведныя сілавыя Т. ўстанаўліваюць на павышальных і паніжальных трансфарматарных падстанцыях. Для ахаладжэння Т. значнай магутнасці іх магнітаправод і абмоткі ставяць у метал. бак са спец. трансфарматарным маслам, ахаладжэнне Т. невял. магутнасці натуральнае (паветранае). У радыёэлектроннай апаратуры найб. пашыраны герметызаваныя Т., выкарыстоўваюцца таксама Т. ў бяскорпусным выкананні.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д выпускае Т. сілавыя масляныя магутнасцю да 1000 кВА, сілавыя сухія да 1000 кВА, маламагутныя сухія 0,063—2,5 кВА рознага прызначэння.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматара электрычнага: 1, 2 — першасная і другасная абмоткі; 3 — асяродак; Φ0 — асноўны магнітны паток; Φ1, Φ2 — патокі рассеяння; I1, I2, U1, U2 — токі і напружанні ў першаснай і другаснай абмотках; Rн — супраціўленне нагрузкі.

т. 15, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЦКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў М. Азіі ў 18 — пач. 12 ст. да н.э. Засн. хетамі. Утварылася з малаазійскіх паліт. аб’яднанняў 20—19 ст. да н.э. (Канес, Хатусас, Бурушханда). Пры хецкім цару Анітасе (каля 18 ст. да н.э.), які заваяваў г. Неса і Хатусас, пачалося аб’яднанне абласцей Анатоліі. У часы Стараж. царства (1750—1450 да н.э.) хеты стварылі дзяржаву на тэр. Цэнтр. Турцыі з сталіцай у г. Кусар. Канчаткова Х.ц. склалася пры Лабарне I [1680—1650 да н.э.], калі ўладанні хетаў дасягнулі Чорнага м. Сталіца была перанесена ў г. Хатусас (гл. Багазкёй). Пры Мурсілі I [1620—1590 да н.э.] ваен. магутнасць Х.ц. дасягнула найвыш. ўздыму. У 1595 да н.э. захоплены і разрабаваны Вавілон. Пасля смерці Мурсілі I на працягу 100 гадоў у Х.ц. вялася міжусобная барацьба. У 16 ст. да н.э. складзены хецкія законы. У 14 — пач. 12 ст. да н.э. (т.зв. перыяд Новага царства) на чале дзяржавы стаялі хурыты. Цар Супілуліума I [1380—1340 да н.э.] падпарадкаваў дзяржаву Мітані і зрабіў сваім васалам Угарыт. З канца 14 ст. да н.э. Х.ц. і Егіпет змагаліся за гегемонію ў Пярэдняй Азіі. Паводле дагавора 1280 да н.э. яны падзялілі паміж сабой Сірыю і Фінікію. У канцы 14 — пач. 12 ст. да н.э. супраць Х.ц. выступіла кааліцыя дзяржаў (Ахіява, Арцава і інш.). Перасяленне на У М.​Азіі «народаў мора» прывяло да распаду Х.ц. У канцы 12 ст. да н.э. цар Асірыі Тыглатпаласар I падпарадкаваў яго тэрыторыі. Асобныя хецкія княствы існавалі да канца 8 ст. да н.э. і канчаткова паглынуты Асірыяй.

Літ.:

Довгяло Г.И. К истории возникновения государства: На материале хеттских клинописных текстов. Мн., 1968;

Гарни О.Р. Хетты: Разрушители Вавилона: Пер. с англ. М., 2002.

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)