рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісупач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
А.Бенуа. Эскіз дэкарацыі да трагедыі У.Шэкспіра «Венецыянскі купец». 1920.А.Бенуа. Эскіз заслоны да балета «Пятрушка». 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́ЗМ,
адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.
На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.
Літ.:
Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр.Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.Гл. таксама Караваджызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў-ВО́ДКІН (Кузьма Сяргеевіч) (5.11.1878, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 15.2.1939),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1930). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Сярова (1897—1905), студыі А.Ажбе ў Мюнхене (1901), у прыватных акадэміях у Парыжы (1905—08). Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва» (з 1911), «Чатыры мастацтвы» (з 1924). У 1918—33 выкладаў у ленінградскіх Дзярж. вольных маст. майстэрнях, Вышэйшых маст.тэхн. майстэрнях. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, АМ. Наведаў Італію (1905) і Паўн. Афрыку (1907). Зазнаў уплывы ням. і франц. майстроў сімвалізму і мадэрну, італьян. рэнесансу, рус. іканапісу, В.Барысава-Мусатава. Элегічная сузіральнасць, разарваны, вялы рытм, змрочны каларыт ранніх работ («Бераг», 1908; «Сон», 1910, і інш.) у 1910-я г. змяніліся напружанасцю і пластычнай яснасцю вобразаў, востра-рытмізаванай кампактнай кампазіцыяй, кантрастамі адкрытых яркіх колераў, выкарыстаннем прыёмаў сферычнай перспектывы; «Хлопчыкі гуляюць» (1911), «Купанне чырвонага каня» (1912), «Паўдня» (1917) і інш. У 1920-я г. пісаў прасякнутыя пафасам рэв. барацьбы тэматычныя карціны: «1918 год у Петраградзе» (1920), «Пасля бою» (1923), «Смерць камісара» (1928) і інш. Аўтар аналітычна строгіх партрэтаў (аўтапартрэт, 1918; «Г.А.Ахматава», 1922), паэт. партрэтна-жанравых кампазіцый («Дзяўчына ў сарафане», «Дзяўчына каля акна», абедзве 1928), нацюрмортаў («Ранішні нацюрморт», 1918; «Чаромха ў шклянцы», 1932). Працаваў таксама як графік і тэатр. мастак.
Тв.:
Хлыновск. Пространство Эвклида. Самаркандия: [Повести). 2 изд. Л., 1982.
Літ.:
Костин В.И. К.С.Петров-Водкин. М., 1966;
Русаков Ю.А. Петров-Водкин. Л., 1975;
Яго ж. Рисунки Петрова-Водкина: [Альбом]. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ (франц. ensemble літар. разам) у архітэктуры і горадабудаўніцтве, гарманічнае адзінства прасторавай кампазіцыі будынкаў, інж. збудаванняў (масты, набярэжныя і інш.), манум.жывапісу і скульптуры, зялёных насаджэнняў. Ствараецца за невял. адрэзак часу, паводле адзінай задумы і ў адным стылі (Скарыны праспект у Мінску, Гарадніца ў Гродне і інш.) або за працяглы час дапаўненнем першапач. кампазіцыі. Цэласнасць такога ансамбля дасягаецца толькі пры захаванні агульных прынцыпаў яго пабудовы, арган. спалучэнні новага са старым (ансамбль Крамля Маскоўскага, П’яцца Сан-Марка ў Венецыі, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу, Жыровіцкі Успенскі манастыр). Для больш глыбокага раскрыцця ідэйна-вобразнай сутнасці ансамбля і эмацыянальнага ўздзеяння на гледача ў яго кампазіцыю часам уключаюць творы розных відаў мастацтва (гл.Сінтэз мастацтваў): пл. Дзекабрыстаў у С.-Пецярбургу з помнікам Пятру I, палацава-паркавыя ансамблі 17—18 ст. (Версаль, Петрадварэц, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.), плошчы Перамогі ў Мінску і Віцебску. Прынцыпы ансамблевасці забудовы закладваюцца ў генпланах.
У кампазіцыі ансамбля адрозніваюць: глыбінна-прасторавую будову перспектывы (уздоўж выцягнутай плошчы, праспекта, вуліцы, бульвара), замкнёную ці напаўзамкнёную прастору, абмежаваную забудовамі ці зялёнымі насаджэннямі (гар. і паркавыя плошчы, унутрыквартальныя прасторы і інш.), жывапісную (гал. чынам у пейзажных парках і зялёных зонах). Як твор мастацтва ансамбль падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы маст. формы (гарманічныя суадносіны частак і цэлага, вылучэнне гал. элементаў кампазіцыі і інш.). Пры стварэнні ансамбля актыўна выкарыстоўваюць сіметрыю, асіметрыю, маштаб, прапорцыі, кантраст, нюанс і інш. сродкі арх. выразнасці.
Літ.:
Иконников А.В. Эстетические проблемы архитектуры. М., 1970;
Формирование архитектурных ансамблей в современном городе. М., 1974.
Ю.Н.Кішык.
Да арт.Ансамбль у архітэктуры і горадабудаўніцтве. П’яцца Сан-Марка ў Венецыі.Да арт.Ансамбль у архітэктуры і горадабудаўніцтве. Праспект Ф.Скарыны ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЭН (яп., ад санскр. дх’яна — медытацыя),
адна з плыней у яп. будызме. Сфарміравалася на аснове чань-будызму. прыйшла ў Японію з Кітая ў канцы 12 ст.Асн. ідэя Дз. — магчымасць спасціжэння пры дапамозе медытацыі сваёй пачатковай прыроды, тоеснай «сутнасці Буды». Прабуджэнне (саторы) суадносяць з спасціжэннем сапраўднай прыроды рэчаў, іх патаемнай сутнасці і ўсведамленнем свайго дачынення да ўсяго існага. Адрозніваюць «малое саторы», калі сапраўднае разуменне рэчаў толькі прыадкрываецца на кароткі момант, і «вялікае саторы», што вядзе да духоўных змен. Для дасягнення саторы выкарыстоўваюць «сядзячую медытацыю», якая прадугледжвае пазбаўленне ад думак і вобразаў (даадзэн) і практыку пастаноўкі і рашэння асобых парадаксальных задач, накіраваных на фарміраванне інтуітыўнага цэласнага спасціжэння рэальнасці (коан). Найб. пашыраны кірунак Дз. Рындзай-сю, успрыняты імператарскім акружэннем, самурайствам. Другі кірунак, Сота-сю, распаўсюдзіўся ў правінцыях, знайшоў падтрымку ў мясц. феадалаў. Паслядоўнікі Дз. лічаць свяшчэнныя трактаты другаснымі, бо патаемныя ісціны перадаюцца непасрэдна ад настаўніка вучню («ад сэрца да сэрца»). Дз. у многім вызначыў кодэкс самурайскага гонару бусідо. Прынцыпы Дз. (спантаннасць, натуральнасць, гармонія, прастата) паўплывалі на фарміраванне традыц. мастацтваў: каліграфіі, жывапісу, паэзіі, л-ры, музыкі, чайнай цырымоніі, кампазіцыі садоў і ландшафтаў, баявых мастацтваў і інш. Пік захаплення Дз. за межамі Японіі прыпадае на 1960-я г. і звязаны з маладзёжным рухам пратэсту. Манастыры і цэнтры па вывучэнні Дз. існуюць у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Беларусі цікавасць да Дз. звязана найперш з распаўсюджаннем з 1970-х г.яп. баявых мастацтваў.
Літ.:
Абаев Н.В. Чань-буддизм и культурно-психологические традиции в средневековом Китае. Новосибирск, 1989;
Кацуки С. Практика Дзэн. Железная флейта: (100 коанов Дзэна): Пер. с англ. Киев, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ (Carracci),
сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш.Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».
Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».
Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.Р.Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс.асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.Мсціслаўца, 1575, кнігі В.Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісусамадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.Рагаткіна (іканапіс), М.Свяшчэннікава (чаканка), М.Смірновай (шыццё бісерам), К.Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.
С.І.Лявонцьева.
Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.