НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).
У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.Шумана, «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Пятрушка» І.Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.Ана, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.Чайкоўскага і П.Анры (1971, паст. М.Бежар), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979, паст. Дж.Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.
Літ.:
Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;
Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;
1990. № 1.
Л.А.Сівалобчык.
В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЬ (лац. Niccolum),
Ni, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 28, ат. м. 58,69. Прыродны Н. складаецца з 5 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 58, 60—64; найб. пашыраны 58Ni (67,88%) і 60Ni (26,23%). У зямной кары 8∙10−3% па масе (гл.Нікелевыя руды). Мікраэлемент неабходны млекакормячым (у арганізме чалавека 5—13,5 мг Н.) і раслінам. Адкрыты швед. вучоным А.Кронстэтам у 1751 пры даследаванні мінералу купфернікелю (знешне падобнага на медзь). Назва ад ням. Nickel — злы горны дух, які быццам бы ўводзіў у зман гарнякоў, што здабывалі медзь.
Серабрыста-белы коўкі метал, tпл 1455 °C, tкіп 2900 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 631 К). Хімічна малаактыўны; паводле ўласцівасцей падобны да жалеза і кобальту. Кампактны ў паветры, пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай монааксіду NiO. Бязводныя солі мінер. кіслот звычайна жоўтага колеру, гідраты — зялёнага (гл.Нікелю сульфат). Атрымліваюць электролізам раствораў солей і інш. метадамі; чысты парашкападобны — тэрмічным раскладаннем карбанілу Ni(CO)4 (гл.Карбанілы металаў). Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі (гл.Нікелевыя сплавы), а таксама для вырабу акумулятарных электродаў, спец.хім. апаратуры, як матэрыял для антыкаразійных пакрыццяў (гл.Нікеліраванне) і каталізатар многіх хім. працэсаў. Аказвае агульнатаксічнае ўздзеянне; выклікае захворванні насаглоткі, лёгкіх, дэрматыты, экзэмы, злаякасныя новаўтварэнні. ГДК у паветры (сярэднясутачная) для метал. Н., яго аксідаў і сульфату 0,001 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА (лац. Platinum),
Pt, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 78, ат. м. 195, 08, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродная П. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 194—196, 198, найб. пашыраны 195Pt (33,8%) і 194Pt (32,9%) і 2 слаба радыеактыўных — 190Pt і 192Pt з перыядамі паўраспаду 6,9∙1011 і 1015 гадоў адпаведна. У зямной кары 5∙10−7% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе і ў выглядзе сплаваў і злучэнняў (гл.Плацінавыя руды). Даследаванні П. пачаліся ў сярэдзіне 18 ст., калі ісп. матэматык А. дэ Ульёа прывёз у Еўропу ўзоры металу з залатых радовішчаў Паўд. Амерыкі; назва ад ісп. platina, паменшанае ад plata — серабро.
Серабрыста-белы бліскучы пластычны метал, 1769 °C, каля 3800 °C, шчыльн. 21450 кг/м³. Мае высокую электраправоднасць. Хімічна інертны; раствараецца ў царскай гарэлцы, павольна — у гарачай сернай кіслаце і вадкім броме. Пры награванні ў паветры акісляецца, пры 400—500 °C узаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам, вугляродам, крэмніем. Утварае шматлікія комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюць пераважна ў аўтамабілебудаванні (сплаў П. з паладыем — каталізатар дапальвання выхлапных газаў), электратэхніцы і электроніцы (матэрыял эл. кантактаў), як каталізатар у арган. сінтэзе і каталітычным сінтэзе азотнай і сернай кіслот, а таксама для вырабу хім. апаратуры, лабараторнага посуду, ювелірных вырабаў і інш.
Літ.:
Платина, ее сплавы и композиционные материалы. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЕЦ (лац. Manganum),
манган, Mn, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 25, ат. м. 54,938. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 55Mn. У зямной кары 0,1% па масе. У свабодным выглядзе не сустракаецца (гл.Марганцавыя руды). М. неабходны для жыццядзейнасці раслінных (гл.Марганцавыя ўгнаенні) і жывёльных арганізмаў (сутачная доза для чалавека каля 4 мг). Адкрыты швед. хімікам К.Шэеле, у чыстым выглядзе вылучаны яго суайчыннікам Ю.Ганам у 1774 з піралюзіту, назва ад ням. Manganerz — марганцавая руда.
Серабрыста-белы метал, tпл 1244 °C. Вядомы 4 крышт. мадыфікацыі М. Пры t < 710 °C устойлівы цвёрды, але крохкі α-Μn з кубічнай аб’ёмнацэнтраванай рашоткай і шчыльн. 7440 кг/м³. Пры пакаёвай т-ры на паветры не змяняецца, узаемадзейнічае з вадой (вельмі марудна). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі двухвалентнага М., большасць з якіх добра раствараецца ў вадзе (растворы ружовага колеру, што абумоўлена прысутнасцю ў іх гідратаваных іонаў Mn2+). Не ўзаемадзейнічае з растворамі шчолачаў. Пры награванні ўзаемадзейнічае з кіслародам (гл.Марганцу аксіды), галагенамі (утварае дыгалагеніды), азотам, серай, фосфарам і інш. неметаламі. Атрымліваюць карба-, сіліка- ці алюмінатэрмічным аднаўленнем рудных канцэнтратаў; найб. чысты (сумарная канцэнтрацыя прымесей < 0,1%) — электролізам водных раствораў сульфату MnSO4. Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі ў выглядзе ферамарганцу (гл.Ферасплавы) для раскіслення, дэсульфурацыі і легіравання сталей, а таксама як кампанент сплаваў алюмінію і магнію, для стварэння ахоўных антыкаразійных пакрыццяў на металах. Злучэнні М. таксічныя, пашкоджваюць ц. н. с., ГДК у паветры 0,2 мг/м³ (у пераліку на М.). Гл. таксама Манганаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз.Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р.Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.
М.Ф.Раманюк.
Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.
кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Акад.АН Кыргызстана (1974). Скончыў Кіргізскі с.-г.ін-т (1953). У 1965—86 старшыня праўлення Саюза кінематаграфістаў Кыргызстана, з 1986 — Саюза пісьменнікаў Кыргызстана; адначасова з 1988 гал. рэдактар час. «Иностранная литература». З 1990 на дыпламат. службе. Вострыя этычныя і сац. праблемы сучаснасці, прасторавыя карціны дыялектычнай узаемасувязі свету і чалавека ўздымае ў аповесцях «Твар у твар» (1957), «Джаміля» (1958), «Таполька мая ў чырвонай касынцы», «Вярблюджае вока», «Першы настаўнік» (усе 1961), «Матчына поле» (1963), «Бывай, Гюльсары» (1966), «Белы параход» (1970), «Рабы сабака, які бяжыць уздоўж мора» (1977); у раманах «І вякуе дзень даўжэй за век» (асобн. выд. пад назвай «Буранны паўстанак», 1980), «Плаха» (1986), «Божая маці ў снягах» (1988). У творах спалучае псіхал. аналіз з традыцыямі фальклору, міфічнай вобразнасцю, імкнецца да жанру прытчы. Амаль усе яго творы экранізаваны. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1968, 1977, 1983. Літ. прэмія «Этрурыя» (Італія, 1980), міжнар. прэмія імя Дж.Нэру (1985). Правадзейны чл.Еўрап. акадэміі навук, мастацтваў і л-ры (1983), Сусв. акадэміі навук і мастацтваў (1987). На бел. мову творы Айтматава перакладалі І.Сакалоўскі, С.Міхальчук, М.Стральцоў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1982—84;
Бел.пер. — Джаміля. Мн., 1962;
Бывай, Гюльсары! Мн., 1971;
Першы настаўнік. Мн., 1974;
Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век. Мн., 1987.
Літ.:
Базаров Г. Прикосновение к личности. 3 изд. Фрунзе, 1988;
Гачев Г. Чингиз Айтматов. Фрунзе, 1989;
Акматалиев А. Чингиз Айтматов и взаимосвязи литератур.Бишкек, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧАНКА (Аляксандр Міхайлавіч) (13.5.1933, в.Белы Калодзеж Багучарскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 11.11.1997),
бел. мастак. Нар.маст. Беларусі (1991). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1960). У 1963—70 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у манум. і станковым жывапісе, дэкар.-прыкладным мастацтве. Адыграў вял. ролю ў адраджэнні мастацтва габелена на Беларусі, заснаваў у ім манум.-дэкар. кірунак: «Чалавек пазнае свет» у холе гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Г.Гаркуновым), «Раніца. Абуджэнне» (1972, з Бельцюковай), «Ленінізм» (1977) і «СССР. Этапы барацьбы і перамог» (1979, з М.Савіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1980) для канферэнц-залы ў будынку СМ Беларусі, габелен-заслона і 6 габеленаў («Беларусь», «Музыка», «Космас», «Рэвалюцыя», «Песняры», «Скарына») для фае Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (1978—85), «Чарнобыль» для будынка ААН у Нью-Йорку, «Габелен стагоддзя» (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Творчасці ўласцівы метафарычная сімволіка, філас. роздум над праблемамі жыцця і часу, жанравая і тэматычная разнастайнасць. Сярод манум.-дэкар. работ: размалёўка «Эстафета пакаленняў» (1973, з Савіцкім) у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Крым); мазаічныя кампазіцыі «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973), 4 пано («Горад-воін», «Горад навукі», «Горад культуры», «Горад-будаўнік») на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход 1 (1978, усе ў Мінску) і інш.; станковыя творы: «Дзяўчына са сланечнікам» (1968), «Старшыня. 1943» (1970), «Габеленшчыцы» (1975), «Уваскрэсенне» (1979), «Вольга» (1982), «На балконе» (1990), «Сляпы прарок» (1996) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Беларусь.
Літ.:
Крепак Б.А. А.Кищенко: Человек. Земля. Вселенная: [Альбом]. М., 1988.
Б.В.Шаранговіч.
А.М.Кішчанка.А.Кішчанка. Габелен «Раніца. Абуджэнне». 1972 (з А.Бельцюковай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЙ (лац. Natrium),
Na, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 11, ат. м. 22,98977; належыць да шчолачных металаў. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 23Na. У зямной кары 2,64% па масе (6-ы па распаўсюджанасці элемент), трапляецца толькі ў выглядзе солей (мінералы галіт, мірабіліт, буракс, чылійская салетра і інш.). Найб. пашыраны метал. элемент у Сусв. акіяне (у марской вадзе каля 1,51016т). Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў, пераважна ў выглядзе хларыду NaCl (чалавеку штодзённа неабходна ад 2 да 10 г NaCl). Н. метал. атрыманы ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. натрун (грэч. nitron — прыродная сода).
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 97,86 °C, tпл 883,15 °C, шчыльн. 968,42 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. На паветры імгненна акісляецца (захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер масла). Бурна ўзаемадзейнічае з вадой (утварае натрыю гідраксід), к-тамі (гл.Натрыю злучэнні), кіслародам (утварае аксід Na2O ці натрыю пераксід), фторам, хлорам. Са спіртамі ўтварае алкагаляты, з вадародам пры 200 °C — гідрыд NaH, з азотам у эл. разрадзе — нітрыд Na3N. з вугляродам пры 800—900 °C — карбід (ацэтыленід) Na2C2, з графітам — клатраты. з многімі металамі — інтэрметал. злучэнні. Атрымліваюць электролізам расплаву NaCl ці NaOH. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнік у вытв-сці тытану, цырконію, танталу, каталізатар у арган. сінтэзе, Н. і яго сплавы з каліем — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах, пару — для напаўнення газаразрадных лямпаў. сплавы са свінцом — у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, штучны ізатоп 24Na — у медыцыне.
Літ.:
Ситтиг Н. Натрий, его производство, свойства и применение: Пер. с англ.М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.