КАЗЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў) (29.6.1896, в. Залессе Беластоцкага ваяв., Польшча — 13.11.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, літаратар. З 1921 служыў у польскім войску, адначасова ўдзельнічаў у бел.нац. руху. Адзін з лідэраў яго правага крыла. Пасля звальнення ў запас у 1930 пераехаў у Вільню, дзе быў сакратаром Бел.нац.к-та, Цэнтр. ўрада Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактар-выдавец яе органа — час.«Новы шлях». У пач.Вял.Айч. вайны пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, быў рэдактарам «Беларускай газэты», уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай народнай самапомачы. У сваіх публіцыст. артыкулах распрацоўваў ідэалогію бел. нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысеміцкімі матэрыяламі. Застрэлены сав. падпольшчыкамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛЫ́ (Capra),
род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 8 відаў. Паводле будовы рагоў падзяляюць на 4 групы. Пашыраны ў Еўразіі і на ПнЗ Афрыкі. Жывуць у гарах на вышынях да 5500 м, трымаюцца статкамі.
Даўж. да 180 см, выш. ў карку да 115 см, маса да 155 кг. У самцоў вял. рогі рознай формы (у самак маленькія) і доўгая барада. Поўсць кароткая, густая, амаль аднатоннага карычневага ці шэрага колеру. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 казлянят. Траваедныя. Безааравы казёл, вінтарогі К. (C. falconeri) і альпійскі К. (C. idex) — продкі свойскай казы. У Чырв. кнігу МСАП занесены К. вінтарогі і яго афгана-пакістанскі падвід (C.f.megaceros), падвіды К. нубійскага (C. nubiana walie) і К. пірэнейскага (C. pyrenaica hispanica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙГАРО́ДАЎ (Дзмітрый Нічыпаравіч) (12.9.1846, г. Полацк Віцебскай вобл. — 11.2.1924),
расійскі прыродазнавец, фенолаг, арнітолаг, папулярызатар прыродазнаўства, педагог; адзін з заснавальнікаў Рус.т-ва аматараў светазнаўства. Брат М.Н. і Н.Н.Кайгародавых. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1865), Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1866), Пецярбургскі земляробчы ін-т (1871, з 1881 Лясны), з 1875 заг. кафедры ў ім, у 1887—91 нам. дырэктара. У 1885 стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раяніравання Еўрап.ч. Расіі. Склаў феналагічныя карты веснавога прылёту птушак. Аўтар навукова-папулярных кніг: «Гутаркі пра рускі лес» (2 серыі, 1880—81), «З зялёнага царства» (1888), «Дрэва і яго жыццё» (1897) і інш. Выкладаў прыродазнаўчыя навукі членам імператарскай сям’і.
Тв.:
Русский толковый лесотоварный словарь. СПб., 1883;
О школьных фенологических наблюдениях. Вологда, 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Мсціслаў Адамавіч) (28.4.1839, Вількамірскі пав. Віленскай губ. — 12.11.1868),
этнограф, фалькларыст, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскай медыка-хірург. акадэміі (1860—62). Супрацоўнічаў у газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»), час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Kłosy» («Калоссе»), «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка») і інш. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел., літ. і польск. народаў. У арт. «Дзяды» (1862), «Танцы насельніцтва з-пад Віліі» (1864), «Прыказкі жыхароў з-пад Віліі» (1866), «Некалькі слоў пра звычаі насельніцтва ў Мінскай губерні», абразках «Уражанні з падарожжа», «Успамін пра Пініпчыну» (усе 1867) і інш. падаў цікавыя звесткі пра побыт, абрады, звычаі, адзенне, фальклор беларусаў, літоўцаў і палякаў. Паэтычнасць бел.нар. песень адзначаў у працы «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» (1867).
арганічнае злучэнне, біцыклічны тэрпенавы кетон. Бясколерныя крышталі з характэрным пахам. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Лёгка ўзганяецца. Існуюць аптычна актыўныя (+)- і (-)-ізамеры tпл 178,2—178,6 °C) і рацэмічная сумесь — (±)-ізамер tпл 178—178,5 °C). К. маюць эфірныя алеі камфорнага лаўру і шалфею, сіб. піхты, базіліку, палыну, а таксама экстракцыйны шкіпінар. У прам-сці (±)-К. атрымліваюць перапрацоўкай пінену, (-)-К. — з хваёвага алею сіб. піхты. (+)-К. вылучаюць з камфорнага лаўру. Выкарыстоўваюць у прам-сці як пластыфікатар цэлулоіду і плёнак на яго аснове, флегматызатар пораху; рэпелент ад молі і камароў; у медыцыне — як кардыятанічны і аналептычны сродак, які ўзмацняе сардэчную дзейнасць, узбуджае ц. н. с., стымулюе дыханне і кровазварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РТАР (англ. converter ад лац. converto змяняю, пераўтвараю),
металургічны агрэгат для атрымання сталі з вадкага чыгуну (прадзіманнем яго паветрам або кіслародам), а таксама чарнавога металу (напр., медзі) ці сульфідаў каляровых металаў (прадзіманнем штэйнаўтэхн. кіслародам, паветрам, інш. акісляльным газам).
Сталеплавільныя К. бываюць ёмістасцю да 400 т, маюць звычайна грушападобную форму. Адрозніваюць К. з прадзіманнем чыгуну знізу (бесемераўскія і тамасаўскія К., якія страцілі сваё прамысл. значэнне) і зверху (кіслародныя К.). Заліваюць чыгун у кіслародны К. праз гарлавіну, атрыманую сталь выпускаюць праз ляток у шлемнай частцы (К. можа паварочвацца вакол гарыз. восі спец. прыводам). К. каляровай металургіі ёмістасцю да 125 т. маюць форму пераважна гарыз, цыліндра. Гл. таксама Канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С працэс ператварэння вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем яго ў канвертары газамі, якія змяшчаюць кісларод, або тэхнічна чыстым кіслародам. Адбываецца без дадатковага награвання, бо ў выніку акіслення прымесей чыгуну (вугляроду, крэмнію, марганцу, фосфару) вылучаецца цяпло, дастатковае для падтрымання металу ў вадкім стане на працягу ўсяго працэсу.
Першым масавым спосабам атрымання вадкай сталі быў бесемераўскі працэс (вынайдзены ў 1856), які даваў невысокую якасць металу і патрабаваў вельмі чыстых па колькасці серы і фосфару жал. руд. Тамасаўскі працэс (вынайдзены ў 1878) дазваляў перапрацоўваць высокафасфарыстыя чыгуны, аднак даваў сталь таксама невысокай якасці. З 1950-х г. атрымаў пашырэнне больш дасканалы і прадукцыйны кіслародна-канвертарны працэс, дзе ўсе аперацыі механізаваны і аўтаматызаваны, а атрыманы метал стаў раўнацэнны мартэнаўскай сталі, выплаўленай у мартэнаўскай печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
савецкі геолаг, адзін з заснавальнікаў фіз.-хім. петралогіі і мінералогіі. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1943). Чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Герой Сац. Працы (1969). Сын С.І.Каржынскага. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1926). Вывучаў геалогію і мінер. радовішчы Казахстана, Усх. Сібіры, Урала, Сярэдняй Азіі. Распрацаваў асновы фіз.-хім. тэорыі працэсаў мінералаўтварэння: тэрмадынамічную тэорыю прыродных мінер. сістэм з рухомымі кампанентамі, фіз.-хім. аналіз парагенезісаў мінералаў і тэорыю метасаматычнай занальнасці. Прапанаваў тэорыю біметасаматычнага і кантактава-інфільтрацыйнага скарнаўтварэння і кіслотна-асноўнай гідратэрмальнай эвалюцыі раствораў. Абгрунтаваў прынцып кіслотна-асноўнага ўзаемадзеяння пры крышталізацыі расплаваў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1975. Ленінская прэмія 1958. Залаты медаль імя У.І.Вярнадскага (1972). Яго імем наз. мінерал каржынскіт.