КАМІ́НСКІ (Мсціслаў Адамавіч) (28.4.1839, Вількамірскі пав. Віленскай губ. — 12.11.1868),

этнограф, фалькларыст, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскай медыка-хірург. акадэміі (1860—62). Супрацоўнічаў у газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»), час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Kłosy» («Калоссе»), «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка») і інш. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел., літ. і польск. народаў. У арт. «Дзяды» (1862), «Танцы насельніцтва з-пад Віліі» (1864), «Прыказкі жыхароў з-пад Віліі» (1866), «Некалькі слоў пра звычаі насельніцтва ў Мінскай губерні», абразках «Уражанні з падарожжа», «Успамін пра Пініпчыну» (усе 1867) і інш. падаў цікавыя звесткі пра побыт, абрады, звычаі, адзенне, фальклор беларусаў, літоўцаў і палякаў. Паэтычнасць бел. нар. песень адзначаў у працы «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» (1867).

А.Ф.Літвіновіч.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)