АНКІНО́ВІЧ (Лявон Нічыпаравіч) (1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1943),
адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1926 на сав. і адм. рабоце. З 1941 чл., потым кіраўнік Аршанскага парт. цэнтра, у 1942—43 камісар партыз. атрада, 2-і сакратар Аршанскага падп. РК КП(б)Б. Загінуў пры выкананні баявога задання.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАЦЭ́Н,
араматычны вуглевадарод C14H10. Мал. м. 178,24. Жоўтыя крышталі з блакітнай флуарэсцэнцыяй, tпл 216 °C; растваральны ў спірце, эфіры, ацэтоне, нерастваральны ў вадзе. У высакачыстым стане — паўправаднік. Уступае ў рэакцыі далучэння з дыенафіламі, галагенамі, кіслародам, шчолачнымі металамі і інш. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў, монакрышталі — для сцынтыляцыйных лічыльнікаў. Антрацэн раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭРЫ́ДЫЙ (ад грэч. anthēros квітнеючы),
мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.
т. 1, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НШУЦ ((Anschütz) Генрых) (8.2.1785—29.12.1865),
аўстрыйскі акцёр. Адзін з заснавальнікаў сцэнічнага рэалізму ў аўстр. т-ры. Працаваў у т-рах Германіі (Нюрнберг, Лейпцыг і інш.), з 1821 у «Бургтэатры» (Вена). Акцёр моцнага тэмпераменту, высокай культуры сцэнічнага слова. З аднолькавым поспехам выконваў камедыйныя і трагедыйныя ролі: Лір, Фальстаф («Кароль Лір», «Генрых IV» У.Шэкспіра), Антон («Марыя Магдаліна» К.Ф.Гебеля) і інш.
т. 1, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАСРО́ДКАВАННЕ,
вызначэнне рэчы (паняцця) праз яе адносіны да інш. рэчы (паняцця); адна з асн. катэгорый у філасофіі Гегеля. Уласцівасці рэчаў раскрываюцца ў іх узаемадзеяннях з інш. рэчамі; толькі праз гэтыя рэальныя ўзаемадзеянні рэч можа быць вызначана як дадзеная канкрэтная рэч. Катэгорыя апасродкавання ў адзінстве з катэгорыяй непасрэднага адлюстроўвае факт усеагульнай узаемасувязі з’яў, універсальнасці развіцця розных рэчаў і паняццяў, што іх адлюстроўваюць.
т. 1, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЖАХО́ЎСКІ (Ігар Вацлававіч) (н. 11.5.1933, Мінск),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Горкаўскі ун-т (1961). З 1963 працаваў у гэтым ун-це. З 1976 заг. кафедры рас. і слав. гісторыі БДУ. Даследуе ўнутр. палітыку і развіццё грамадска-паліт. думкі ў Расіі 19 ст. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў для вучняў 7, 8, 10-х класаў па сусв. гісторыі.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д «ГУМАТЭ́ХНІКА».
Створаны ў г. Барысаў у 1949 як арцель па вырабе гумавага абутку. З 1956 з-д гумавых тэхн. вырабаў. У 1967 пабудаваны вытв. корпус па выпуску ўшчыльнікавых кольцаў для жал. накрывак. У 1976—93 у ВА «Беларусьгуматэхніка». З 1992 нар. прадпрыемства «Гуматэхніка». Асн. прадукцыя (1995): фармавыя і нефармавыя гумава-тэхн. вырабы, вікельныя ўшчыльнікавыя кольцы, тавары культ.-быт. прызначэння.
т. 2, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛААЗЁРСКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобл., правы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Даўж. 16 км. Пачынаецца з воз. Белае на мяжы з Валынскай вобласцю Украіны, за 5,6 км на Пд ад в. Гаравіца. Упадае ў водападзельны б’еф Дняпроўска-Бугскага канала каля в. Селішча. Пабудаваны ў 1905—10 для падачы вады з Прыпяці; рэгулюецца плацінай каля в. Радастава.
т. 2, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),
расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́Й, Аляксій (1314—78),
рускі мітрапаліт з 1354. У час княжання ў Маскве Івана Іванавіча Краснага і малалецтва кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога фактычна ўзначальваў урад. Падтрымліваў Дзмітрыя ў барацьбе з цвярскімі і суздальска-ніжагародскімі князямі, выступаў супраць намаганняў князёў ВКЛ стварыць асобную мітраполію ў Кіеве. Прыхільнік пагаднення з Залатой Ардой дзеля прадухілення набегаў на Маскоўскае княства. У 1448—49 кананізаваны правасл. царквой.
т. 1, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)