музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна 2/4, 4/4.
М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл.Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац.муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.
На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес.муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л.рус.ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел.нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.Глінскі, Я.Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.Бутвілоўскі, Ю.Бяльзацкі, Я.Глебаў, І.Лучанок, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Я.Цікоцкі, М.Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.Алоўнікава, Лучанка, Ю.Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел.сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.
Літ.:
Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл.Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважнабел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.
Літ.:
Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ СТАНО́К,
машына для размернай апрацоўкі рэзаннем (у асн. зняццем стружкі) пераважнаметал. загатовак. Бываюць універсальныя (для выканання розных аперацый на дэталях многіх найменняў), шырокага прызначэння (для выканання пэўных аперацый на дэталях многіх найменняў), спецыялізаваныя (для апрацоўкі дэталей аднаго наймення, але розных памераў), спецыяльныя (для выканання асобных аперацый пры вырабе адной дэталі).
У залежнасці ад мэтавага прызначэння, выканання адпаведных тэхнал. аперацый і металарэзнага інструменту адрозніваюць: такарныя, свідравальныя, расточныя, шліфавальныя, паліравальныя, даводачныя, заточныя, зубаапрацоўчыя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, стругальныя, даўбёжныя, працяжныя станкі (гл. адпаведныя арт.), а таксама разразныя, для фіз.-хім. апрацоўкі, балансіровачныя, мнагамэтавыя (апрацоўчыя цэнтры), агрэгатныя станкі. Паводле ступені аўтаматызацыі адрозніваюць М.с. з ручным кіраваннем, паўаўтаматычныя (апрацоўка адной дэталі ў аўтам. рэжыме), аўтаматычныя (апрацоўка і змена дэталей у аўтам. рэжыме). Паводле дасягальнай дакладнасці апрацоўкі адрозніваюць М.с. класаў дакладнасці: Н (нармальнага), П (павышанага), В (высокага), А (асабліва высокага), С (майстар-станкі з хібнасцю апрацоўкі 1 мкм), Т (з хібнасцю 0,3 мкм), К (з хібнасцю 0,1 мкм). Тэхн ўзровень станкоў характарызуецца паказчыкамі прызначэння, надзейнасці, эканомнага выкарыстання матэрыялаў і электраэнергіі, тэхналагічнасці, стандартызацыі і уніфікацыі. эрганамічнасці і патэнтна-прававымі.
На Беларусі розныя тыпы М.с. выпускаюць прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Пра развіццё вытв-сці М.с. на Беларусі гл. ў арт.Станкабудаванне.
Літ.:
Чернов Н.Н. Металлорежущие станки. 4 изд. М., 1987;
Кочергин АИ., Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991;
Станочное оборудование автоматизированного производства. Т. 2. М., 1994;
Проектирование металлорежущих станков и станочных систем: В 3 т.Т. 1—2. М., 1994—95.
А.І.Качаргін.
Металарэзны станок: а — асноўныя вузлы (зборачныя адзінкі; 1 — базавыя дэталі, 2 — галоўны прывод, 3 — прыводы падачы і пазіцыяніравання); б — структурная схема (Iу — уваходная інфармацыя ў выглядзе чарцяжа, кіроўнай праграмы і інш.; Iв — выхадная інфармацыя пра памеры апрацаванай дэталі; 3 — загатоўкі; Д — дэталі; Е — энергія; 1—4 — падсістэмы кіравання, кантролю, маніпуліравання загатоўкамі і рэзальнымі інструментамі, апрацоўкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На Пд Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 24,6 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1997), гарадскога 65%. Цэнтр — г.Мікалаеў. Найб. гарады: Первамайск, Вазнясенск, Ачакаў.
Прырода. Большая ч. тэрыторыі вобласці размешчана ў межах Прычарнаморскай нізіны, на Пн — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 240 м), парэзаныя сеткай яроў, лагчын, далін. Карысныя выкапні: граніт, вапнякі, гнейсы, мергель, каалін, гіпс, графіт. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. рака Паўд. Буг з прытокам Інгул, на У Інгулец (бас. Дняпра). Чарнаморскае ўзбярэжжа зрэзана ліманамі (Бугскі, Беразанскі, Тузлаўскі, Тылігульскі, Дняпроўскі). Глебы пераважна чарназёмныя і цёмна-каштанавыя. Карэнныя стэпы разараныя. Пад лесам і хмызнякамі каля 2% тэрыторыі (дуб, асіна, клён, чорная таполя). Частка Чарнаморскага запаведніка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць дызеляў, энергет. і пад’ёмна-трансп. абсталявання, дажджавальных установак, прэсавых вузлоў), хім. (вытв-сць пластмас, гліназёму), харч. (мясная, малочная, мукамольная, агародніна- і рыбакансервавая, цукр., вінаробная), лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая), парфумерна-касметычная. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, чарапіца); кар’еры па здабычы граніту. Энергет. базай служаць ГЭС на р.Паўд. Буг (Аляксандраўская, Канстанцінаўская, Первамайская), ТЭЦ (г. Мікалаеў), Паўд.-Укр.АЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, сланечніку, малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2 млн.га, у т. л. пад пасяўнымі пл. 1,6 млн.га. Вял. масівы арашальных зямель. Сеюць збожжавыя (пшаніцу, ячмень, кукурузу), тэхн. (сланечнік, цукр. буракі, каляндра, клешчавіна, соя) культуры. Агародніцтва, садоўніцтва, на Пд вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Трусагадоўля, пчалярства, сажалкавае, рыбаводства. Марское рыбалоўства. Даўж. чыгунак 766 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5 тыс.км. Чыг. вузлы: Мікалаеў, Вазнясенск, Первамайск, Снігіроўка. Марскія парты Мікалаеў і Ачакаў. Суднаходства па р.Паўд. Буг, у нізоўях рэк Інгул і Інгулец. Прыморскія кліматычныя курорты Коблева, Ачакаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛО́ГІЯ (ад грэч. mykēs грыб + ...логія),
навука пра грыбы. Вывучае марфал., біял., фізіял., біяхім., экалагічныя асаблівасці грыбоў, іх геаграфію, сістэматыку, філагенію, значэнне ў жыцці чалавека. Уключае агульную, водную, глебавую, фітапаталаг., мед., вет., тэхн. М. і інш. Цесна звязана з фітапаталогіяй, ліхеналогіяй, мікрабіялогіяй. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.
Да сярэдзіны 19 ст. характэрны апісанне і спробы класіфікацыі грыбоў, пераважна макраскапічных (Н.А.Вейнман, К.Клаўзіус, Х.Персан, Э.М.Фрыс і інш.). У 2-й пал. 19 ст., з пачаткам вывучэння патагенных грыбоў, М. вылучылася ў самаст. навуку (А. дэ Бары, М.С Варонін, О.Брэфельд, Л.Р.Цюлан, Ш.Цюлан і інш.). З канца 19 ст. развіваюцца фізіялогія і біяхімія грыбоў, эксперым. метады даследаванняў (А.А.Ячэўскі, Г.А.Клебс, Л.І.Курсанаў, М.А.Навумаў, В.Г.Траншэль і інш.).
На Беларусі даследаванні па М. пачалі ў канцы 19 ст. былыя супрацоўнікі Горы-Горацкага земляробчага ін-та, першыя спісы грыбоў апубл. ў канцы 19 — пач. 20 ст. (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, Ф.Блонскі, Л.І.Лебедзева, С.І.Шэмбель). Мэтанакіраваныя даследаванні праводзіліся з 1931 у АН Беларусі (Дарожкін, Купрэвіч, С.М.Тупяневіч). Значны ўклад у развіццё М. зрабілі С.У.Горленка, З.І.Рамнёва, М.І.Фёдараў, А.С.Шуканаў, С.І.Бельская, А.І.Галаўко. В.С.Гапіенка, В.К.Гаравец, Э.П.Камарова, З.Н.Кудрашова, В.К.Неафітава, В.І.Ніціеўская, П.В.Пак, В.Я.Стрэльская, А.І.Сцефановіч, Г.І.Сяржаніна, В.В.Фаміна, Н.І.Чакалінская і інш.Асн.н.-д. цэнтры: ін-ты эксперым. батанікі, мікрабіялогіі, лесу Нац.АН Беларусі, БелНДІ бульбаводства, БелНДІ агародніцтва, БелНДІ аховы раслін і БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Бел.дзярж.пед.ун-т, БСГА, Гродзенскі с.-г.ін-т, Бел.дзярж.тэхнал.ун-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВАЕ́ННЫ,
часовае збудаванне для пераправы войск, тэхнікі і вайск. грузаў цераз перашкоды (раку, канал, роў і інш.). Узводзяць у ходзе баявых дзеянняў сіламі мостабуд. часцей з дапамогай спец. машын і механізмаў на шляхах руху, манеўраў, падвозу ці эвакуацыі. Паводле прызначэння М.в. бываюць аўтадарожныя, чыг., пешаходныя, сумяшчальныя; паводле канструкцыі — высака-, нізка- і падводныя, на жорсткіх апорах, зборна-разборныя шматразовага выкарыстання, камбінаваныя, механізаваныя, наплаўныя масты і інш.
Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напр., у 5 ст. да н.э. наплаўныя масты пабудаваны персамі цераз праліў Басфор і р. Дунай у час вайны са скіфамі; у 1 ст. да н.э. мост на палях даўж. 600 м цераз р. Рэйн узведзены ў час паходу Юлія Цэзара на германцаў. Першы ў Кіеўскай Русі М.в. ў 12 ст. будавалі цераз р. Дняпро; у 14—17 ст. такія масты наладжвалі цераз Нёман, Зах. Дзвіну і інш. ў час войнаў, якія вяліся ў ВКЛ. У пач. 17 ст. ў нідэрландскай арміі з’явіліся пантонныя паркі (гл. таксама Пантон), у Расіі — у 18 ст.; шырока выкарыстоўваліся ў час вайны 1812 франц. і рас. войскамі, у т. л. на тэр. Беларусі. Хуткае ўзвядзенне 26 11.1812 двух М.в. (даўж. каля 110 м, шырыня больш за 3,5 м) цераз р. Бярэзіну дазволіла Напалеону пазбегнуць поўнага знішчэння ўсёй арміі, выратаваць гвардыю і значную частку баяздольных войск. У 1-ю сусв. вайну ў англ. арміі ствараліся спец. масты для праходу танкаў на полі бою. У 2-ю сусв. вайну сав. войскі будавалі пераважна наплаўныя і нізкаводныя, для пераадолення шырокіх рэк (Дняпро, Нёман, Вісла і інш.) наводзілі камбінаваныя і высакаводныя масты.
У 2-й пал. 20 ст. атрымалі развіццё маставыя і мостабуд. сродкі, прызначаныя для ўзвядзення М.в. ў сціслыя тэрміны.
Да арт.Мост ваенны. Навядзенне пантоннага моста цераз р. Нёман у час вучэнняў. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст.Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар.выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял.Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.
А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.
Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),
1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.
2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст.навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.
Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважнаням., выданняў у кнізе П.Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл.Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.
Літ.:
Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;
Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМПА́НІЯ,
кампанія (акц.т-ва, карпарацыя, аб’яднанне прадпрымальнікаў), дзейнасць якой аказвае прыярытэтны ўплыў на развіццё нац. эканомікі. Паводле віду дзейнасці адрозніваюць Н.к.: вытворчыя (перапрацоўваюць сыравіну і матэрыялы ў гатовую прадукцыю з мэтай яе рэалізацыі; могуць быць шматгаліновымі — спалучаць выпуск прадукцыі розных галін; гандлёвыя (ажыццяўляюць гандл. дзейнасць); транспартныя (аказваюць трансп. паслугі); будаўнічыя (займаюцца пераважна буд-вам); фінансавыя (спецыялізуюцца на крэдытаванні пэўных галін або прадпрыемстваў, правядзенні фін. аперацый); інвестыцыйныя (спецыялізуюцца на прыцягненні часова свабодных грашовых сродкаў дробных і сярэдніх інвестараў праз выпуск уласных каштоўных папер і размяшчэнні мабілізаваных сродкаў у каштоўныя паперы інш.юрыд. асоб для атрымання прыбытку); страхавыя (ажыццяўляюць разнастайную страхавую дзейнасць); лізінгавыя (купляюць абсталяванне і здаюць яго ў арэнду); кансалтынгавыя (прадастаўляюць паслугі па даследаванні стану рынку, распрацоўцы і ажыццяўленні маркетынгавых праграм, выкарыстанні новых метадаў менеджменту, эканам. абгрунтаванні інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, пошуку партнёраў і інш.; у айч. практыцы — таксама па рэгістрацыі фірм; могуць спецыялізавацца па функцыянальных, рэгіянальных і інш. прыкметах); інжынірынгавыя (аказваюць паслугі па арганізацыі канкрэтнай вытв-сці, выбары і асваенні абсталявання, прыцягваюць інш. пастаўшчыкоў абсталявання і падрадныя фірмы, дапамагаюць выкарыстоўваць інавацыйныя метады і перадавы замежны вопыт) і інш. Паводле спосабаў стварэння Н.к. могуць быць асацыіраваныя (маюць долю ўдзельніцтва і істотна ўплываюць на фін. палітыку) і аднаасобныя (пакет акцый належыць адной асобе). Кампанія, у склад актываў якой уваходзяць кантрольныя пакеты акцый інш. кампаній, наз.холдынгавая; кампанія, якая не можа свабодна прадаваць свае акцыі іншаземцам, — кампанія з абмежаванымі акцыямі. Ад Н.к. адрозніваюць транснацыянальныя кампаніі, што ажыццяўляюць асн. частку сваіх аперацый па-за межамі краіны, у некалькіх краінах. У наш час існуюць шматнацыянальныя кампаніі і карпарацыі з айч. арыентацыяй. На развіццё Н.к. уплываюць працэсы глабалізацыі, рост адкрытасці эканомікі, якія мяняюць іх ролю і месца ў эканам. сістэме, уцягваюць у інтэграцыйныя працэсы.