ЧУРКО́ Юлія Міхайлаўна (н. 21.7.1936, С.-Пецярбург),
бел. балерына, мастацтвазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Д-р мастацтвазнаўства (1972). Праф. (1974). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954), БДУ (1960). У 1954—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1963 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1972 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та, з 1979 Бел. ін-та культуры (да 1995), адначасова з 1994 у Бел. акадэміі музыкі (з 1995 заг. кафедры). Сярод выкананых партый: Гамзаці («Баядэрка» Л.Мінкуса), Насця («Падстаўная нявеста» Г.Вагнера) і інш. Працы па гісторыі і тэорыі бел. харэаграфіі, нар. танца: «Беларускі балет» (1966), «Беларускі сцэнічны танец» (1969), «Беларускі народны танец» (1972), «Беларускі балетны тэатр» (1983), «Беларускі балет у асобах» (1988), «Беларускі харэаграфічны фальклор» (1990), «Лінія, што ідзе ў бясконцасць» (1999), сааўтар кніг «Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959» (1993), «Музычны тэатр Беларусі,1960—1990: Балет...» (1997). Аўтар лібрэта да балетаў «Мефіста» У.Кандрусевіча і «Кругаверць» А.Залётнева (адначасова адзін з пастаноўшчыкаў) і інш. Арганізатар і кіраўнік н.-д. лабараторыі танц. творчасці пры Мінскім ін-це культуры (1980—90). Аўтар сцэнарыяў, у т. л. дакумент. тэлефільмаў, вядучая тэлеперадач пра мастацтва танца. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Літ.:
Ю.М.Чурко: Бібліягр. паказ. Мн., 1998.
т. 17, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́ЦКАГА КО́РПУСА МЯЦЕ́Ж 1918 у Расіі,
антысавецкае выступленне Асобнага Чэхаславацкага корпуса (45 тыс. чал., сфарміраваны восенню 1917 з ваеннапалонных чэхаў і славакаў, якія раней служылі ў аўстра-венг. арміі, для ўдзелу ў 1-й сусв. вайне). Паводле дамоўленасці з краінамі Антанты сав. ўрад у сак. 1918 пачаў перамяшчаць корпус (са студз. 1918 фармальна ў складзе франц. арміі) з Украіны на Д. Усход, каб ён мог праз г. Уладзівасток эвакуіравацца ў Зах. Еўропу. У маі 1918 эшалоны з чэш. і славацкімі вайскоўцамі расцягнуліся ад Паволжа да Уладзівастока. Незадаволеныя патрабаваннямі сав. ўрада здаць зброю і чуткамі пра паварот часткі эшалонаў на г. Архангельск чэхаславацкія часці ў маі 1918 арганізавана паўсталі пад заклікам «Праб’емся ва Уладзівасток сілай». Да вер. 1918 яны з дапамогай мясц. кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, казакоў і інш. антыбальшавіцкіх сіл скінулі сав. ўладу на тэр. ад Паволжа да Уладзівастока, спрыялі ўтварэнню Камітэта членаў Устаноўчага сходу, «Часовага сібірскага ўрада», Уфімскай дырэкторыі і інш. Пасля шэрагу паражэнняў ад Чырв. Арміі восенню 1918 і захопу кіраўніцтва белым рухам манархістамі на чале з А.В.Калчаком (ліст. 1918) чэхаславацкія часці ў студз. 1919 зняты чэхаславацкім урадам з фронту і выконвалі ў тыле калчакаўскіх войск ахоўныя функцыі. Паводле дамоўленасці з урадам РСФСР ад 7.2.1920 Чэхаславацкі корпус да вер. 1920 пакінуў тэр. Расіі.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕЙЦА́РСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
пераход рас. войск на чале з А.В.Суворавым з Паўн. Італіі праз Альпы ў Швейцарыю і Аўстрыю 21.9—8.10.1799 у час вайны 2-й антыфранц. кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і інш.) супраць Францыі. У адпаведнасці з англа-аўстр. стратэг. планам пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 яго войскі (21,5 тыс. чал., у т. л. 4,5 тыс. аўстрыйцаў) былі накіраваны ў Швейцарыю, каб адтуль пасля злучэння з рас. корпусам ген. А.М.Рымскага-Корсакава (24 тыс. чал.) і аўстр. войскамі наступаць на Францыю. Сувораў пайшоў у Швейцарыю самым кароткім шляхам — праз Альпы, якія лічыліся амаль непраходнымі для войск. З цяжкімі баямі ён авалодаў перавалам Сен-Гатард і Чортавым мостам (праз р. Рэйс) і выйшаў да Люцэрнскага воз., дзе даведаўся пра разгром франц. арміяй ген. А.Масены корпуса Рымскага-Корсакава і акружэнне сваіх войск утрая пераўзыходзячымі франц. сіламі. Ратуючы сваю армію ад разгрому, Сувораў павёў яе на У. Ён спалучаў абыходы з франтальнымі ўдарамі, выбіў франц. атрады з шэрагу перавалаў, пераадолеў бездарожны хрыбет Панікс і вывеў свае гал. сілы (15 тыс. чал.) разам з 2800 палоннымі у Аўстрыю. Ш.п. — выдатны прыклад паспяховых манеўраных баявых аперацый у гарах супраць пераўзыходзячых сіл праціўніка.
Літ.:
Данилов А. «Русский штык прорвался сквозь Альпы!» // Армия. 1999. № 5.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ ДЭТЭРМІНІ́ЗМ, эканамічны матэрыялізм,
канцэптуальная пазіцыя ў галіне філасофіі, сацыялогіі, эканам. вучэнняў, якая зводзіць матэрыяліст. тлумачэнне гісторыі да сцвярджэнняў пра асн. ролю эканомікі ў грамадскім развіцці і аб існаванні непасрэднай прычыннай залежнасці неэканам. з’яў (маралі, культуры, духоўнай сферы) ад эканомікі. Значная колькасць версій Э.д. ўзнікла на глебе марксізму і запазычыла некаторыя яго катэгорыі (грамадскага быцця і грамадскай свядомасці), а таксама марксісцкую формулу суадносін паміж імі, паводле якой грамадскае быццё абумоўлівае грамадскую свядомасць, г.зн. выступае ў грамадскім развіцці ў якасці першаснага, дэтэрмінуючага фактара. У адрозненне ад К.Маркса і яго паслядоўнікаў Э.д. атаясамлівае з грамадскім быццём эканоміку, пад якой разумее пэўную сукупнасць рэчавых элементаў, выключаючы з яе сістэму эканам. адносін паміж людзьмі і самога чалавека. У такой інтэрпрэтацыі эканоміка ўзводзіцца ў ранг суб’екта гісторыі, прыніжаецца або цалкам адмаўляецца адваротны ўплыў на эканам. развіццё ідэй і тэорый, культуры, маралі, палітыкі. У выніку канцэптуальныя перадумовы Э.д. набліжаюць яго да фаталістычных уяўленняў аб будучыні чалавечага грамадства (гл. Фаталізм) і разнастайных тэорый аб адчужэнні чалавека ад эканомікі і грамадскага жыцця. Пазіцыю Э.д. падзялялі некат. прадстаўнікі камуніст. руху (А.Лабрыёла, П.Лафарг), герм. сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн). У Расіі блізкія погляды адстойвалі П.Струвэ, С.Пракаповіч, У.Шуляцікаў. Ідэі Э.д. знайшлі сваё развіццё ў сучасных канцэпцыях «тэхналагічнага дэтэрмінізму» (гл. Тэхналагічныя тэорыі).
В.І.Боўш.
т. 18, кн. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, на якіх адлюстроўваюцца месцазнаходжанне і рассяленне народаў у мінулыя часы (этнічныя карты), асаблівасці іх матэрыяльнай і духоўнай культуры (уласна Э. к.). Найб. пашыраны этн. карты, якія адлюстроўваюць класіфікацыю народаў паводле моўнага прынцыпу, карты і атласы этнагр. характарыстык традыц. культуры, лінгвістычныя карты і атласы. Да Э.к. адносяць таксама карты расавай прыналежнасці і антрапал. асаблівасцей насельніцтва.
Першыя спец. этнагр. атласы са звесткамі пра этн. склад, веравызнанне, размяшчэнне насельніцтва на тэр. Беларусі былі выдадзены ў 1863 Р.Ф.Эркертам «Этнаграфічны атлас заходнярускіх губерняў і суседніх абласцей» і ў 1864 А.Ф.Рыціхам «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю па веравызнаннях». Карты Рыціха (1875), Я.Ф.Карскага (1903), М.В.Доўнар-Запольскага (1919) акрэслівалі этн. тэрыторыі беларусаў на падставе этнакульт. і гутарковых (дыялектных) асаблівасцей. Пры складанні «Нацыянальнага атласа Беларусі» (2002) створаны Э.к. — «Размяшчэнне і нац. склад насельніцтва» (маштаб 1:2 500 000), «Размеркаванне насельніцтва па гутарковай мове» (маштаб 1:3 000 000), «Размеркаванне насельніцтва па роднай мове» (маштаб 1:6 000 000), «Рассяленне беларусаў у 1897—1989 гг.» (маштаб 1:6 000 000), «Структура канфесіянальных абшчын» (маштаб 1:2 000 000) і інш. Гл. таксама Этнагеаграфія, Этнаграфія, Этнічная група.
Літ.:
Нацыявальны атлас Беларусі. Мн., 2002;
Атлас БССР. Мн.: М., 1958.
т. 18, кн. 1, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРКЕ́ВІЧ Сяргей Фёдаравіч (21.1.1954, в. Ілава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 19.8.2002),
бел. рэжысёр, тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (2000). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1980). З 1980 заснавальнік і гал. рэжысёр Гродзенскага, з 1987 гал. рэжысёр Брэсцкага абласных т-раў лялек. З 1990 заснавальнік, маст. кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык Мінскага абл. т-ра «Батлейка». У 1995—2002 працаваў у Бел. дзярж. ін-це праблем культуры. Сярод пастановак: «Блакітнае шчаня» Дз.Урбана (1980), «Людвіг і Тута» В.Богача і С.Хрыстоўскага (1981), «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч (1984), «Васіліса Прыгожая» К.Чарняк (1985), «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1986), «Гарывада» (аўтар Ю.) паводле Н.Тулупавай (1988), «Прывітанне Мартышцы» Р.Остэра (1990); «Заяц варыць піва» С.Кавалёва, «Свята Раждзяство радасць прынясло» І.Сідарука (абедзве 1992), «Мая Іліяда» (аўтар Ю.) паводле паэт. твораў У.Караткевіча, «Страшнік Гам» П.Васючэнкі (абедзве 1994) і інш. Аўтар прац па праблемах лялечнага т-ра, п’ес.
Тв.:
Волшебный мир театра кукол. Мн., 1997 (разам з Л.М.Быкавым);
Аб рэжысуры тэатра лялек // Сучасная беларуская рэжысура. Мн., 1998;
Праблемы сучаснай сцэнаграфіі ў тэатры лялек // Сучасная беларуская сцэнаграфія. Мн., 2000;
Беларуская батлейка: традыцыі і сучаснасць // Народныя традыцыі і нацыянальная культура. Мн., 2001. Кн. 1.
Т.Р.Мартыненка.
т. 18, кн. 1, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́Р’Я, Юрай,
старажытнае веснавое свята земляробчага календара ў славян. Адзначалася 23 красавіка с. ст. ў гонар апекуна жывёлы; гаспадаркі і першай расы Юр’я, у вобразе якога перапляліся рысы язычніцкай і хрысц. міфалогіі. Да Юр’ева дня прымяркоўваўся першы выган статка ў поле, які суправаджаўся шматлікімі абрадамі: жывёл крапілі вадой, сцябалі галінкамі вярбы, праганялі праз вароты, дзе клалі яйка ці замок, і інш.; на пашы пастухі абыходзілі іх з вярбой, хлебам або яечняй. Лічылася, што гэтыя абрады засцерагуць статак ад шкоды (хвароб, ваўкоў, прапажы). У Юр’еў дзень сяляне ўрачыста аглядалі ніву, наладжвалі ў полі абрадавае снеданне, рэшткі якога закопвалі на мяжы (лічылася, што гэта ахавае пасевы ад граду). Гаспадар пёк каравай, загортваў яго ў абрус і разам з сям’ёй абыходзіў свае палі. У зах. рэгіёнах Беларусі да жытніх палеткаў ішла моладзь, наладжвала там гулянне з юраўскімі песнямі. У некат. мясцовасцях на Ю. дзяўчаты спраўлялі абрад «юрэння» (выбіралі на год сябровак, мяняліся хусткамі і паясамі), хадзілі з песнямі па дварах, як на Вялікдзень. Па надвор’і на Ю. меркавалі пра будучы ўраджай, надвор’е летам.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.
М.Ф.Піліпенка.
т. 18, кн. 1, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ХНАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі пераважна ў басейнах сярэдняй Дзясны, верхняй Акі і Сейма. Назва ад с. Юхнава Чарнігаўскай вобл. Датуецца 7—3 ст. да н.э., сучаснікі носьбітаў мілаградскай культуры. На Беларусі помнікі Ю.к. ў Добрушскім і Веткаўскім р-нах (Падгор’е, Свяцілавічы) даследавалі А.Я.Аліхава і В.М.Мельнікоўская. Ю.к. прадстаўлена ў асн. мысавымі невял. гарадзішчамі, нешматлікімі селішчамі і адзінкавымі могільнікамі з трупаспаленнем ці трупапалажэннем. Гарадзішчы напачатку ўмацоўвалі плятнямі (2 паралельныя рады калоў апляталі лазой і абмазвалі глінай), пазней — землянымі валамі з равамі. Найб. тыповым жытлом быў «доўгі дом», які падзяляўся на секцыі з агнішчам для кожнай сям’і. Выраблялі спачатку грубаляпныя цюльпанападобныя гаршкі з высокім тулавам і плоскім дном, пазней — танкасценныя пасудзіны на ганчарным крузе. Верхнюю частку гаршка арнаментавалі ямкамі і іх спалучэннем у выглядзе трохвугольніка («вінаградная гронка»), ніжнюю абстругвалі нажом. Знойдзены рыбалоўныя прылады, цагліны (магчыма, мелі рытуальнае значэнне). Металічны інвентар падобны да мілаградскага, сведчыць пра моцныя сувязі са скіфамі (жал. клінападобныя сякеры, сярпы з кручкамі, нажы з гарбатай спінкай, трохгранныя ці трохлопасцевыя бронзавыя наканечнікі стрэл, цвікападобныя шпількі, грыбападобныя завушніцы, антычныя пацеркі). Пад канец 1-га тыс. да н.э. на землі Ю.к. з сярэдняга Дняпра ў Падзясенне прыйшлі Носьбіты зарубінецкай культуры, якія стварылі тут почапскую культуру.
С.Я.Расадзін.
т. 18, кн. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯПО́НСКАЯ МО́ВА,
мова японцаў; афіц. мова Японіі. Пашырана таксама ў ЗША, Бразіліі, Перу і інш. краінах. Ізаляваная мова — не ўваходзіць ні ў якія моўныя сем’і (некат. даследчыкі ўключаюць яе ў макрасям’ю алтайскіх моў, існуе таксама гіпотэза пра яе роднасць з аўстранезійскімі мовамі). Мае 4 асн. дыялектныя групы: усх. (паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю), зах. (зах. ч. в-ва Хонсю і в-аў Сікоку), паўд. (в-аў Кюсю), дыялекты а-воў Рукю (часам вылучаюць у асобную мову). Я.м. ўласцівы: у фанетыцы — абмежаваная спалучальнасць гукаў, наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць сінгарманізму, націск музычны; у марфалогіі — утварэнне грамат. форм пераважна з дапамогай аглюцінатыўных суфіксаў і флексій, пераважаюць сінт. формы, радзей — аналітычныя, наяўнасць дзвюх катэгорый прыметнікаў (прэдыкатыўных і іменных), назоўнікі не маюць роду і ліку, у сістэме форм дзеяслова няма грамат. форм асобы і ліку і інш.; у сінтаксісе — сталы парадак слоў: паяснёнае слова ставіцца перад паясняльным, выказнік — у канцы сказа. Пісьменнасць з 8 ст. (па інш. звестках, з 6—7; гл. Японскае пісьмо), літ. мова фарміравалася ў 9—10 ст. на базе зах. дыялекту, з 19 ст. — усх. (такійскага).
Літ.:
Сыромятников Н.А. Становление новояпонского языка. М., 1965;
Яго ж. Классический японский язык. М., 1983;
Головнин И.В. Грамматика современного японского языка. М., 1986.
т. 18, кн. 1, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Й Анатоль Іванавіч (н. 4.10.1940, Мінск),
бел. рэжысёр, аператар, сцэнарыст дакумент. кіно. Скончыў БДУ (1972). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». У фільмах «Не плачце па мне...» (1988), «Марынеска» (1990), «Андрэй Грамыка» (2001, з Расіяй) А. звяртаецца да герояў незвычайнага лёсу. У работах ваен. тэматыкі «Яго схавалі ў шар зямны» (1989), «Чорны шлях» (1992, з Германіяй), «Адрынуты» (1993), «Балканскі паход» (1998, з Балгарыяй), «Салдаты Італіі» (2002, з Італіяй), «Гастэла» (2003) даследуе праблемы маралі. Сярод аператарскіх работ: «Экран, час, жыццё» (1964, з У.Цеслюком), «Арсенал прагрэсу» (1970), «Шлях да Арыёна» (з Ю.Іванцовым, У.Пужэвічам), «Фільм даўжынёю ў паўстагоддзя» (абодва 1974), «Пра мацярэй можна расказваць бясконца» (1975, з Ф.Кучарам, Р.Масальскім), «І ўдзень і ўначы» (з В.Купрыянавым), «Расплата» (абодва 1977), «Зямля мая — лёс мой» (з С.Пятроўскім), «Бессмяротны подзвіг Мінска» (абодва 1978), «Гарачыя травы», «Тры колеры радасці» (з Ю.Гарулёвым, Б.Марозавым і інш.), «Дэсант на Чару» (усе 1979), «Хроніка знаходжання на Зямлі» (1980), «Захад—81» (з С.Канавалавым, Купрыянавым), «Дзевяноста шостая восень», «Забродзенскія навасёлы» (усе 1981), «Пераадоленне» (1982), «Навальнічная далеч памяці» (1983, з А.Сіманавым), «Дарога жыцця» (1984) і інш. Аўтар кн. «Сустрэчы на ўсё жыццё: Запіскі кінааператара» (1989).
Г.У.Шур.
т. 18, кн. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)