КУРАЎЛЁЎ (Леанід Вячаслававіч) (н. 8.10.1936, Масква),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГЕ (Іван Іванавіч) (1894, г. Пскоў, Расія — 29.3.1919),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1915 на Зах. фронце. Летам 1915 арганізаваў і ўзначаліў бальшавіцкую ячэйку ў Навабеліцкім гарнізоне. З сакавіка 1917 чл. Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. 1917 чл. Палескай арг-цыі РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ваен. камісар Гомеля, нач. Гомельскага гарнізона. У канцы 1918 старшыня Слуцкага пав. рэўкома. З студз. 1919 старшыня Гомельскай пав. ЧК. Загінуў у час стракапытаўскага мяцяжу 1919.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́САЎ (Іван Іванавіч) (н. 25.5.1912, г. Віцебск),

генерал-лейтэнант (1965). Канд. гіст. н. (1973), дацэнт (1979). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1929, з 1939 у паветрана-дэсантных войсках. У Вял. Айч. вайну з вер. 1943 нач. штаба паветрана-дэсантнай брыгады, стралк. палка на Карэльскім фронце. У 1945—75 на адказных пасадах у Сав. Арміі, да 1991 на выкладчыцкай рабоце. Аўтар кніг «Дэсантнікі» (1968), «Свабодны палёт» (1979), «Выбранніцы неба» (1990) і інш.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЛЕ́ЎСКІ (Іван Герасімавіч) (1894, в. Ванілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.6.1984),

бел. нар. казачнік. Меў у рэпертуары каля 35 чарадзейных казак, засвоеных вусна і з пісьмовых крыніц. Вельмі арыгінальна кантамінаваў вусныя і кніжныя сюжэты. Адна з лепшых яго казак «Разумны хлопчык» змешчана ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 10-е выд. 1980).

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 247.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕЎ (Іван Цімафеевіч) (16.8.1910, в. Вялюнь Брэсцкага р-на — 12.2.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1928. З 1943 на 2-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Капітан М. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні р. Ціса на тэр. Венгрыі: 6 ліст. батальён на чале з М. пад варожым агнём пераправіўся цераз раку, выбіў праціўніка з траншэй, прайшоў з баямі 18 км, захапіў у палон 180 гітлераўцаў.

І.Ц.Майсееў.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́НКА (Іван Агеевіч) (н. 5.1.1918, в. Кузьмінічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1969), праф. (1971). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950), працаваў у ім да 1988. Навук. працы па эфектыўнасці мясц. абязбольвання пры гінекалагічных аперацыях, люмінесцэнтнай цытадыягностыцы пры прафілактыцы раку маткі.

Тв.:

Применение люминесцентно-цитологической микроскопии при массовых профилактических осмотрах женщин // Здравоохранение Белоруссии. 1966. № 6;

Люминесцентная цитодиагностика и ее значение в профилактике рака матки. Мн., 1973.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́Р (Іван Тарасавіч) (1888, с. Крышчэнцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1944),

украінскі майстар нар. керамічнай скульптуры. Вучыўся ў свайго бацькі-ганчара. У 1935—41 вёў навучанне ў эксперым. майстэрнях пры Кіеўскім музеі ўкр. мастацтва. Аўтар востра гратэскавых па пластыцы кампазіцый на аснове традыц. ганчарнай цацкі і абрадавага посуду («Будзёнаўцы», «Белыя бягуць», абедзве 1920-я г.; «Паны на прагулцы», «Калгасны аркестр», «Дзямідавы варэнікі», 1935—36; «Малпы-музыкі», 1936; «Як мышы ката хавалі», «Перапалох», абедзве 1937; «Лісіца і журавель», 1938; «Дзям’янава юшка», 1939, і інш.).

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВАЦЕ́НКА (Іван Кірылавіч) (н. 15.4.1915, в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы афіцэрскага саставу (1939), танкавую школу (1941). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. 5—6.11.1943 танк. рота на чале са ст. лейт. Вальваценкам вызначылася ў баях каля Кіева. Паранены Вальваценка з экіпажам у падбітым танку некалькі гадзін вёў бой да падыходу падмацавання. Да 1946 у Сав. Арміі.

І.К.Вальваценка.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНО́Ў (сапр. Уладзіміраў) Іван Ягоравіч

(15.1.1885, с. Багародзіцкае Арлоўскай вобл., Расія — 9.1.1931),

рускі пісьменнік. Настаўнічаў. Быў у партыі эсэраў, ідэалогію якіх потым асудзіў у аповесці «Сустрэча» (1927). За замах на царскага чыноўніка сасланы ў Сібір, адкуль у 1910 уцёк за мяжу. У 1917 вярнуўся ў Расію. Аўтабіягр. «Аповесць пра дні майго жыцця» (1912), аповесці «Юнацтва», «На рубяжы» (абедзве 1913), «Вяртанне» (1928, апубл. 1956) і інш. пра сялянства.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1927—28;

Избранное. М., 1956.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)