стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.
Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага ці вял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАПЕРАМЕ́ННЫ РУХ,
механічны рух часціцы (матэрыяльнага пункта), пры якім модуль тангенцыяльнага паскарэння (у выпадку прамалінейнага руху модуль поўнага паскарэння) застаецца пастаянным. Пры Р.р. праекцыя скорасці v часціцы на напрамак руху і шлях S, пройдзены ад пач. становішча, у кожны момант часу t вызначаюцца формуламі: v = v0 + at, s = v0t + at2/2, дзе v0 — пач. скорасць, a — праекцыя тангенцыяльнага (поўнага) паскарэння на напрамак руху. Пры a > 0 рух роўнапаскораны, пры a < 0 — роўназапаволены, пры a = 0 — раўнамерны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксама мошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл.Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІ ((Sully) Томас) (19.6.1783, г. Хорнкасл, Вялікабрытанія — 5.11.1872),
амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Бостане у Г.Сцюарта (1808) і ў Лондане ў Б.Уэста (1809). Працаваў пераважна ў Філадэльфіі. Пісаў партрэты, якім уласцівы рамант. адкрытасць вобразаў, мяккасць: партрэты маёра Томаса Бідла (1818), Томаса Джэферсана, «Парваны капялюш» (1820), а таксама карціны на тэмы амер. гісторыі («Вашынгтон на беразе Дэлавэра», 1818). Познім партрэтам уласцівы рысы салоннасці («Фані Кэмл у ролі Беатрычэ», 1833) або тэатралізаванага пафасу (партрэт каралевы Вікторыі, 1838).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),
сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗ (франц. gaz ад грэч. chaos хаос),
агрэгатны стан рэчыва, у якім слаба звязаныя малекулярнымі сіламі часціцы рухаюцца свабодна і пры адсутнасці знешніх палёў раўнамерна запаўняюць увесь дадзены ім аб’ём. Газ, у якім энергію ўзаемадзеяння паміж часціцамі можна не ўлічваць, наз.ідэальным газам. Яго стан апісваецца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем.
Рэальныя газы пры звычайных умовах мала адрозніваюцца ад ідэальнага, а пры памяншэнні ціску і павышэнні т-ры па ўласцівасцях набліжаюцца да яго; часцей іх стан апісваецца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем. Пры паніжэнні т-ры газы дасягаюць крытычнага стану, пры далейшым ахаладжэнні і павышэнні ціску адбываецца звадкаванне газаў. Калі рух часціц падпарадкоўваецца законам класічнай механікі, газ наз. нявыраджаным (рэальныя газы), а калі квантавыя ўласцівасці часцінак газа пераважаюць — выраджаным (электронны газ у металах пры тэмпературах, блізкіх да 0 К). Пры нізкіх т-рах газы добрыя дыэлектрыкі, але пры пэўных умовах могуць праводзіць эл. ток (гл.Электрычныя разрады ў газах). Мех. ўласцівасці газаў вывучаюцца ў газавай дынаміцы і аэрадынаміцы. Газы складаюць асн. масу атмасферы, пашыраны ў зямной кары, маюць вял. значэнне ў існаванні жывых арганізмаў (гл., напр., Дыханне, Газаабмен) і біягеахімічным кругавароце рэчываў, газы прыродныя гаручыя — кашт. сыравіна для хім. і газавай прам-сці, крыніца забеспячэння разнастайных бытавых, тэхн. і інш. патрэб гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГІТА́ЙЗЕР (англ. digitizer),
перыферыйная прылада ЭВМ для ўводу графічнай інфармацыі з неферамагнітных носьбітаў (карты і планы мясцовасці, чарцяжы, графікі і інш.). Дазваляе ўводзіць факсімільную і рукапісную інфармацыю, рашаць задачы ідэнтыфікацыі аб’ектаў, працаваць з меню камандаў, кіраваць маркёрам на экране дысплея і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах уводу інфармацыі ў банкаўскай і дзелавой галінах, крыміналістыцы і інш. замест буйнафарматных сканераў з мех. прыводам каардынатнай прывязкі.
Д. мае планшэт, на якім размяшчаецца зыходны матэрыял, і элемент здымання інфармацыі (паказальнік каардынат); каардынатная сістэма Д. мадэлюецца рознымі фіз. палямі (м.-магн., акустычным, рэзістыўным і інш.). Паказальнікі каардынат бываюць стрыжнёвай канструкцыі з пішучымі наканечнікамі (або без іх) ці сплошчанай формы з аптычна празрыстымі візірнымі перакрыжаваннямі (часам з дадатковымі прыстасаваннямі павелічэння і падсвечвання відарысаў). Стрыжнёвыя паказальнікі могуць быць адчувальнымі да сілы націскання (да 256 градацый, якім могуць адпавядаць таўшчыня ліній, колер і яго адценні ў палітры і інш.); маюць 1—2 (курсоры — да 16) кнопкі кіравання рэжымам уводу інфармацыі. Раздзяляльная здольнасць Д. да 0,0125 мм, дакладнасць да 0,1 мм, скорасць уводу інфармацыі не менш як 100 пунктаў за секунду. На Беларусі Д. распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН.
Літ.:
Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзя, якія забяспечваюць перадачу сігналаў ад перадатчыка да прыёмніка; састаўная частка сістэмы сувязі. Паводле фіз. прыроды сігналаў, якія перадаюцца, адрозніваюць Л.с. эл., аптычныя, акустычныя і інш.
У электрасувязінайб. выкарыстанне знайшлі эл. і аптычныя Л.с. Эл. лініі падзяляюцца на правадныя (паветраныя і кабельныя) і лініі радыёсувязі. У правадных Л.с. сігналы распаўсюджваюцца па стальных, медных або біметал. правадах, падвешаных на апорах з дапамогай ізалятараў. Кабельныя лініі сувязі пракладваюцца ў зямлі, падвешваюцца на апорах і інш. Аптычныя Л.с. бываюць адкрытыя (асяроддзе распаўсюджвання эл.-маг. ваганняў светлавога дыяпазону — паветра, касм. прастора; гл.Аптычная сувязь) і закрытая (штучнае асяроддзе. ізаляванае ад знешняга ўздзеяння). Л.с. з штучным асяроддзем са шклянога валакна наз. валаконна-аптычнымі — ВАЛС (гл.Валаконна-аптычная сувязь). Для адначасовай перадачы сігналаў выкарыстоўваюць ушчыльненне Л.с.: частотнае, пры якім сігналам кожнага канала сувязі адводзіцца пэўная, дакладна абмежаваная частка рабочага дыяпазону частот, і часавая, пры якім кожны канал перыядычна (па чарзе) падключаецца на пэўны час да Л.с. Аснову сучасных сетак электрасувязі складаюць кабельныя Л.с. і ВАЛС.
На Беларусі (1999) працягласць кабельных Л.с. складае больш за 21,5 тыс.км, ВАЛС — больш за 3 тыс.км. Паветраныя Л.с. захаваліся ў мясц. сетках сувязі, яны паступова замяняюцца кабельнымі і валаконна-аптычнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ, астранавігацыя,
кіраванне рухам лятальных апаратаў на падставе аптычных вымярэнняў, візуальных назіранняў; разнавіднасць касмічнай навігацыі і паветранай навігацыі. Метады астранамічнай навігацыі: вугламерны (вымяраюцца вуглавыя адлегласці паміж навігацыйнымі арыенцірамі, напрыклад паміж зоркай і краем планеты, паміж двума краямі планеты); зацьменняў (фіксуюцца моманты ўсходу і захаду зорак або Сонца за бачны гарызонт планеты); візіравання планетных арыенціраў (вымяраюцца моманты часу праходжання над якім-небудзь арыенцірам) і інш.Тэхн. аснову астранамічнай навігацыі складаюць секстанты, датчыкі зорак і Сонца, бартавыя вылічальныя машыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Прагрэс». За 34 км на З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Азярніца. 442 ж., 173 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца. Царква.
Упершыню ўпамінаецца ў 1478 сярод «прысёлкаў» маёнтка Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У 15—16 ст. належала Б.Мілашэвічу, Б.Багавіцінавічу, І.Гарнастаю. У 1886 — 418 ж., 39 двароў, школа, царква, сінагога, штогод праводзіліся 2 кірмашы. З 1940 цэнтр сельсавета.