ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,

міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.​Рампаў.

Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.

На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).

В.​М.​Прохараў.

Пшанічна-жытні гібрыд (трыцікале); 1 — колас; 2 — каласок; 3 — праростак; 4 — зярняўка.

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЙСДАЛ (Ruysdael, Ruisdael) Якаб ван (1628 або 1629, г. Харлем, Нідэрланды — пахаваны 14.3.1682), галандскі жывапісец; адзін з буйнейшых пейзажыстаў 17 ст. Вучыўся, верагодна, у свайго дзядзькі С. ван Ройсдала. Зазнаў уплывы П.​Потэра, Я. ван Гоена, Х.​Сегерса. Працаваў у Харлеме, з 1656 у Амстэрдаме. У ранніх творах адлюстроўваў сціплыя ваколіцы Харлема («Хатка ў гаі», 1646, і інш.). Каля 1650—55 вандраваў па Нідэрландах і Германіі, пісаў манумент. пейзажныя кампазіцыі, у якіх праз халодную колеравую гаму і рэзкія святлоценявыя кантрасты ўвасабляў пачуццё драм. зменлівасці жыцця («Яўрэйскія могілкі», каля 1650—55, і інш.). Пазней ствараў гар., вясковыя, марскія, рачныя пейзажы, прасякнутыя адчуваннем суровай велічы прыроды. Творы вызначаюцца дакладнасцю малюнка, матэрыяльнай адчувальнасцю форм, майстэрствам перадачы дынамікі святлопаветранага асяроддзя, багаццем каларыту: «Від вёскі Эгманд», «Пейзаж з вадзяным млынам» (1661), «Куст», «Балота», «Вятрак у Вейку» (1660-я г.), «Марскі бераг» (канец 1660—пач. 1670-х г.), «Горы Нарвегіі», «Вадаспад» і інш. Працаваў таксама ў тэхніцы афорта.

Літ.:

Фехнер Е.Ю. Я. ван Рейсдаль и его картины в Государственном Эрмитаже. Л., 1958.

Я. ван Ройсдал. Вятрак у Вейку. 1660-я г.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНІ ГА́НДАЛЬ,

продаж і купля тавараў, каштоўных папер на міжнар. рынку; адна з форм знешнеэканамічных сувязей. Падзяляецца на экспарт (вываз) і Імпарт (увоз) тавараў і паслуг. У аснове экспартна-імпартных адносін паміж краінамі ляжыць міжнародны падзел працы. Знешнегандл. аперацыі залежаць ад характару крэдытнай сістэмы краіны, форм і ўмоў банкаўскага забеспячэння знешнегандл. разлікаў, валютных правіл і валютнага рэгулявання, а таксама канкрэтных фін. умоў знешнегандл. кантактаў. Дзейнасць знешнеэканам. комплексу базіруецца на шэрагу палажэнняў прававога, арганізац.-тэхн., гандл.-паліт., эканам. і інфармацыйна-кансультатыўнага характару, якія дазваляюць яго ўдзельнікам эфектыўна выступаць на знешнім рынку і ўзгадняць вынікі знешнеэканам. аперацый з агульнымі вынікамі гасп. дзейнасці. Сродкі рэгулявання З.г.: тарыфы, падаткі, акцызныя зборы, колькасныя абмежаванні, ліцэнзіі і інш. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, рэгуляванне знешнегандл. патокаў або абарона нац. вытворцаў. Гандлюючыя краіны знаходзяцца ў розных дагаворна-паліт. адносінах, могуць з’яўляцца членамі мытнага саюза, эканам. саюза, мець падпісаныя дагаворы аб спрыяльным рэжыме або не мець ніякіх пагадненняў у сферы гандлю. Прывілеі і льготы тычацца велічыні мытнай абароны, г.зн. ставак мытнай пошліны. Існуючая міжнар. прававая сістэма выключае магчымасць прыняцця аднабаковых мер па павышэнні або змяненні мытна-тарыфных ставак. Для змены тарыфаў цяпер патрэбны кансультацыі на міжнар. узроўні і падрабязнае абмеркаванне сітуацыі ў нац. эканоміцы. Імкнучыся захаваць за дзярж. кіраўніцкімі структурамі магчымасць хутка рэагаваць на зменлівыя абставіны, нац. дзяржавы разам з пошлінамі выкарыстоўваюць і інш. блізкія да іх меры рэгулявання (імпартныя тавары абкладаюцца спец. падаткамі і зборамі, імпартныя і экспартныя субсідыі, колькасныя абмежаванні, кватаванне і ліцэнзаванне). Колькаснае выражэнне ступені залежнасці эканомікі краіны ад З.г. вызначаецца адносінамі аб’ёму экспарту або імпарту да аб’ёму нац. даходу. Пры ацэнцы стану краіны ў міжнар. разліках перш за ўсё вызначаюцца суадносіны экспарту і імпарту, якія адлюстроўваюцца ў гандл. балансе. Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе знешнегандл. сувязі больш як са 150 краінамі свету. У 1996 агульны аб’ём З.г. Беларусі склаў 12,4 млрд. дол. ЗША (павялічыўся ў параўнанні з 1995 на 20%), экспарт тавараў — 5,5 млрд. дол. (на 17%), імпарт — 6,9 млрд. дол. (на 23%). Тавараабарот з краінамі СНД у 1996 склаў 8,2 млрд. дол., у т. л. з Расіяй — 6,4 млрд. дол. Аб’ём З.г. Рэспублікі Беларусь з інш. краінамі ў 1996—4,2 млрд. дол., у т. л. з Германіяй — 978 млн. дол., Польшчай — 519,6 млн. дол., Літвой — 320,6 млн. дол., ЗША — 212 млн. дол. 3 дапамогай каэфіцыента пакрыцця (суадносіны экспарту да імпарту ў працэнтах) можна супастаўляць дынаміку абодвух патокаў, што складаюць З.Г.

М.​Е.​Заяц, В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛО́ГІЯ (ад ідэя + ...логія),

сістэма поглядаў і ідэй, у якіх адлюстроўваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Засн. на веры ў ажыццявімасць сацыяльна значных патрэбнасцей, інтарэсаў і мэт сац. груп, класаў, партый і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін. Уласна І. з’яўляюцца рэлігія і філасофія, якія зыходзяць з ідэалізаванага, бясконцага быцця і небыцця; ідэалаг. кампаненты прысутнічаюць у эканам., паліт., эстэт. і інш. поглядах. Тэрмін «І.» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф і эканаміст А.​Дэсцют дэ Трасі («Элементы ідэалогіі», т. 1—4, 1801—15) для абазначэння навукі аб ідэях як асновы этыкі, маралі і палітыкі. Пазней пад І. сталі разумець не вучэнне пра ідэі, а самі ідэі, погляды, вучэнні, якія валодаюць спецыфічнымі прыкметамі. К.​Маркс і Ф.​Энгельс разглядалі І. як гістарычна зменлівыя погляды, адносілі да іх рэліг. і ідэаліст. вучэнні, сваё філас.-сац. вучэнне. У.​І.​Ленін увёў паняцце навук. І. для характарыстыкі марксізму. Прыхільнікі канцэпцыі дэідэалагізацыі (Р.​Арон, Д.​Бел і інш.) разглядалі І. як суб’ектыўна-прадузятае і адпаведна ненавук. адлюстраванне інтарэсаў розных сац. груп. Прадстаўнікі тэорыі рэідэалагізацыі (Э.​Вінер, О.​Лемберг і інш.) разглядаюць І. як сістэму ідэй, што вызначаюць каштоўнасці цывілізацыі, якія не паддаюцца рацыянальнаму, а значыць, навук. абгрунтаванню. Прыхільнікі канцэпцыі «контркультуры» (Ч.​Рэйч, Т.​Розак) звязвалі І. з праяўленнем ірацыянальных форм свядомасці. Прадстаўнікі «крытычнага рацыяналізму» (Г.​Альберт, Т.​Гайгер) атаясамлівалі І. з каштоўнаснымі суджэннямі і проціпастаўлялі яе «навук. суджэнням аб фактах».

Процістаянне ідэалаг. плыней вядома са старажытнасці. Новай з’явай стала паступовае фарміраванне (з 17 ст.) буйных паліт.-ідэалагічных плыней, якія афармляліся ў вучэнні, паліт. партыі, рухі (кансерватызм, лібералізм, утапічны сацыялізм, марксізм, анархізм, фашызм, народніцтва, сацыял-дэмакратыя і інш.). Характэрнай сучаснай з’явай стала абнаўленне традыц. І., з’яўленне іх некласічных форм: неамарксізму, неалібералізму, неакансерватызму і інш.

І. — кампанент грамадскай свядомасці, аб’ектыўная магчымасць існавання ў грамадстве розных І. Кожная І. прадпісвае сваім прыхільнікам, як трэба безумоўна ўспрымаць свет; у сапраўднасці існуе столькі вераванняў, колькі і «ісцін веры», ні адна з якіх не мае пераваг перад іншай з пункту гледжання аб’ектыўнай рэальнасці. І. здольныя аб’яднаць, мабілізаваць дзеянні сваіх прыхільнікаў, але яны здольныя і раз’ядноўваць людзей, якія прытрымліваюцца розных ідэалаг. поглядаў, ствараць паміж імі канфрантацыю (рэліг. войны, нац. канфлікты). Дэмакр. дзяржава гарантуе розныя светапогляды, у т. л. ідэалаг. плюралізм. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца, што дэмакратыя ў краіне ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. ін-таў, 1. і поглядаў, a І. паліт. партый, рэліг. або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Г.​А.​Антанюк.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРМАШО́ВЫ ТЭА́ТР,

умоўная назва комплексу тэатральных і паратэатральных дзействаў у час святочных кірмашоў. Вядомы ў многіх народаў свету, на Беларусі — з 16 ст. Спачатку паказы К.т. ўключалі выступленні скамарохаў, дэманстрацыі дрэсіраваных мядзведзяў. У 19 ст. папулярнасць набылі фрай-балаганы на вольным паветры, дзе выступалі вандроўныя артысты (у сярэдзіне 19 ст. ў Кобрыне на кірмашы выступалі канатныя танцоры і штукары пад кіраўніцтвам бел. фокусніка Даўгялы). У пач. 20 ст. ў зах. раёнах Беларусі вандроўны заапарк з Польшчы дэманстраваў дрэсіраваных звяроў, выступалі мясц. і прыезджыя цыркавыя трупы; у Докшыцах адной з форм К.т. сталі прадстаўленні батлейкі Б.​Патупчыка. На кантрактавых кірмашах 19 ст. выступалі хары нар. песні і інстр ансамблі, наладжваліся танц. балі, маскарады, феерверкі. З 1803 у Мінску штогод на святочных кірмашах іграў гар. аркестр; у Шклове ў маёнтку графа С.​Г.​Зорыча ў час летніх кірмашоў ладзілі водныя відовішчы з расквечанымі караблямі (імітавалі «марскія бітвы», напады на судны «піратаў»). Да кірмашоў прымяркоўвалі і тэатр. спектаклі (ставіў спектаклі Мінскі гар. т-р; у Мазыры ў 1840 у час спасаўскага кірмашу выступалі драм. артысты з Мінска, музыканты, катрыншчыкі, вальтыжоры, канцэрцісты). Кірмашовыя паказы вандроўных т-раў адбываліся ў Нясвіжы, Кобрыне, Оршы. У Зэльве ў спецыяльна пабудаваным т-ры балаганнага тыпу часта выступаў т-р з Вільні, вандроўныя артысты з Расіі, інш. краін, паказвалі цыркавыя праграмы, імпрэзы з танцаў і індыйскіх гульняў (у 1860 франц. антрэпрэнёр Л.​Персуар даў тут 12 цыркавых прадстаўленняў). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне на кірмашах праводзілі неафіц. конкурсы вясковых хароў, фалькл.-інстр. ансамбляў, выканаўцаў прыпевак. У Полацкім пав. выступалі тэатралізаваныя муз. ансамблі. Пашыраны былі і кірмашовыя чэмпіянаты вясковых асілкаў, барцоў, тэатралізаваная барацьба з пераапранутым у мядзведзя (Пінск), ладзіліся нар. гульні, забавы, карагоды, каруселі, гушканне на арэлях. Спецыфіка паратэатр. дзействаў бел. кірмашоў канца 19 ст. — тэатралізаваныя гандл. атракцыёны (палеская, браслаўская і перабродская рыбалкі, тураўская рыбная латарэя, івацэвіцкая гандл. рулетка і інш.), якія ўзніклі як форма прапаганды тавару сродкамі гульні. Паказы К.т. давалі шырокія магчымасці для праяў фантазіі, майстэрства, імправізацыйнай творчасці ўдзельнікаў. На сучасным этапе адбываецца адраджэнне К.т. Беларусі. На святочных кірмашах побач з традыц. формамі К.т. суіснуюць сучасныя тэатр. і паратэатр. дзействы — выступленні аматарскіх тэатр. калектываў, т-раў малых форм, конкурсы гумарыстаў, выканаўцаў прыпевак, канцэрты прафес. артыстаў, сюжэтна-гульнявыя праграмы, танц. балі і інш.

П.​Л.​Гуд.

т. 8, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.

Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.

Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл. Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.​П.​Берг, А.​М.​Ляс і інш.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.​Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст. артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.​Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац. АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел. політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.

Д.​М.​Кукуй, У.​М.​Сацута.

Да арт. Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр. Кальяры; Caliari) Паала

(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),

італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).

П.Веранезе. Знаходжанне Майсея. Каля 1580.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТО́МАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, крамяністыя водарасці (Diatomeae, Bacillariophyta),

аддзел водарасцей. Налічваюць каля 300 родаў, больш за 19 тыс. сучасных і выкапнёвых відаў. Пашыраны ва ўсіх тыпах вадаёмаў і ў глебе па ўсім зямным шары. Вядомыя з юрскага перыяду. Па форме панцыра (асн. сістэм. прыкмета) падзяляюцца на 2 класы: цэнтрычныя (Centricae) і пенатныя (Pennatae). На Беларусі адзначана каля 930 відаў, разнавіднасцей і форм з 47 родаў; актынела, анамеонеіс, атэя, ахнантэс, бацылярыя, гамфанема, дыятома, калонеіс, таласіязіра, мелазіра, навікула, ніцшыя, пінулярыя, фрагілярыя, цымбела і інш. Д.в. — найважнейшыя прадуцэнты арган. рэчыва (каля 25% сусветнай першаснай прадукцыі, што ствараюць расліны), актыўныя ўдзельнікі самаачышчэння вод, індыкатары забруджвання вадаёмаў. Вялікая колькасць створак Д.в. складае горную пароду дыятаміт.

Аднаклетачныя, мікраскапічныя (ад 4 да 2000 мкм) адзіночныя або каланіяльныя рухомыя арганізмы. У іх характэрная асаблівасць — цвёрдая з 2 палавінак (створак) крэменязёмная абалонка. Хларапласты маюць хларафілы a і c і фукаксанцін, які надае Д.в. буры колер. Назапашваюць алей, валюцін і хрызаламінарын. Размнажаюцца дзяленнем і палавым шляхам (ізагамія бязжгуцікавых гамет, кан’югацыя, аўтагамія або аагамія). У палеанталогіі выкарыстоўваюць дыятомавы аналіз, заснаваны на вызначэнні таксанамічнай прыналежнасці выкапнёвых Д.в.

Дыятомавыя водарасці: 1 — навікула востраканцовая; 2 — дыплонеіс перарваны; 3 — ніцшыя сігмападобная; 4 — каконеіс педыкула; 5 — фрагілярыя сярэдняя; 6 — мелазіра зярністая.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.

Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.

Да арт. Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЯСЛО́Ў,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).

У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)