бел. геолаг. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-р геолага-мінералагічных н. (1990). Сын А.С.Махнача і Н.А.Махнач. Скончыў Гомельскі ун-т (1973). З 1973 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (з 1994 нам. дырэктара, з 1998 дырэктар). Навук. працы па праблемах літагенезу, геахіміі стабільных ізатопаў, гідрагеахіміі. З 1999 старшыня Бел.геал.т-ва.
Тв.:
Постседиментационные изменения межсолевых девонских отложений Припятского прогиба. Мн., 1980;
Гидрогеология и рассолы Припятского нефтегазоносного бассейна. Мн., 1985 (разам з А.В.Кудзельскім, У.М.Шымановічам);
Катагенез и подземные воды. Мн.. 1989;
Изотопы углерода и кислорода в девонских карбонатных образованиях Беларуси. Мн.. 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́Й (Mihai; н. 25.10.1921, г. Сіная, Румынія),
апошні кароль Румыніі [1927—30 (правіў Рэгенцкі савет), 1940—47]. З дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў. Сын Караля II [1930—40]. У 1930—40 кронпрынц, вял. ваявода. У 1940—44 знаходзіўся ў апазіцыі да дыктатуры маршала І.Антанеску, які фактычна пазбавіў М. ўлады. Пад уплывам паражэнняў Румыніі ў вайне супраць СССР у жн. 1944 пайшоў на пагадненне з Камуніст. партыяй і санкцыяніраваў арышт (23 жн.) Антанеску, 24 жн. абвясціў пра далучэнне Румыніі да антыгітлераўскай кааліцыі. Узнаг.сав. ордэнам Перамогі. У далейшым процідзейнічаў прыходу да ўлады ў краіне блока камуністаў з інш. левымі паліт. арг-цыямі, але пад іх націскам 30 12.1947 адрокся ад прастола і эмігрыраваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),
вялікі князь смаленскі ў 1219—30. СынДавыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.М.Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Пётр Мікалаевіч) (н. 9.4.1957, Мінск),
бел. жывапісец. Сын М.П.Назаранкі, брат А.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). З 1985 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа ў рэаліст. манеры. Творы вызначаюцца складанасцю каларыту, тонкай мадэліроўкай форм, псіхал. пранікненнем у глыбіню вобраза: «На прасторах Міншчыны» (1981), «Дыялог» (1982), «Фангомы», «Золата захаду» (абодва 1984), «Поле бою, поле вечнага жыцця» (1985), «Лімонны сок» (1989), «Белы бэз», «Успаміны» (абодва 1990), «Зямля Скарыны» (1992), «Туман» (1993), «Вераніка», «Месяцовая ноч» (абодва 1994), «Маланка» (1998), серыя «Нясвіж» (1998—99), «За каханне» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),
японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Леанід Рыгоравіч) (12.6.1902, г.п. Шчарбінаўка Данецкай вобл., Украіна — 17.8.1941),
савецкі военачальнік, ген.-лейт. (1941), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Сын Р.І.Пятроўскага. Скончыў Акадэмію РСЧА (1922). З 1917 у Чырв. гвардыі, у 1918—38 і з 1940 у Чырв. Арміі. У маі—снеж. 1937 камандзір корпуса ў БВА. У 1938—40 быў звольнены з Чырв. Арміі, выключаны з партыі. У Вял.Айч. вайну 63-і стралк. корпус на чале з П. правёў Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Пры прарыве з акружэння смяротна паранены. У в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. на магіле П. помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НДВІЙР ((Randviir) Ційу Аляксандраўна) (н. 10.3.1938, г. Тарту, Эстонія),
эстонская артыстка балета. Нар.арт.СССР (1977). Скончыла Талінскія харэаграфічнае вучылішча (1955, з 1970 выкладае ў ім) і кансерваторыю (1968). З 1955 у т-ры «Эстонія» (цяпер Нац. опера «Эстонія»). Дасканала валодае майстэрствам акад. класічнага танца і лексікай сучаснай харэаграфіі. Сярод партый: Меэліке («Золатапапрадухі» Э.Капа), Дзяўчына, Іаана («Балет-сімфонія», «Іаана тэнтата» Э.Тамберга), Адэта—Адылія, Аўрора, фея Дражэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Гаспадыня Меднай гары, Папялушка, Джульета, Прыгажуня («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета», «Блудны сын» С.Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (5.9.1938, г. Слуцк Мінскай вобл. — 5.12.1990),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1976). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1960). З 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы. Прапанаваў і даследаваў некалькі новых тыпаў лазерных гіраскопаў і акселерометраў. Прадказаў і даказаў (разам з Л.М.Арловым) існаванне з’явы палярызацыйнай і палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці. Даследаваў уплыў палярызацыі святла на асаблівасці ўзнікнення жывой матэрыі ў Сусвеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,
майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.
Ян (сапр.Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.К.Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.
Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ (Ян) (Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.