ПАВЕТРАПАДАГРАВА́ЛЬНІК,
цеплаабменны апарат для награвання паветра, якое праходзіць праз яго. Выкарыстоўваецца ў сістэмах паветранага ацяплення, прыточнай вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра, у кацельных устаноўках цеплавых электрастанцый, у прамысл. пячных агрэгатах і інш. У П. для ацяплення і вентыляцыі паветра падаграваецца з дапамогай каларыфераў гарачай вадой ці парай (найб. пашырана), а таксама гарачым газам і эл. токам. П., што выкарыстоўваюцца ў прам-сці, падзяляюцца на рэгенератары і рэкуператары.
т. 11, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,
газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.
У.П.Пярэднеў.
т. 12, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́ЦА,
рака на Пд Балгарыі; ніжняе цячэнне служыць мяжой паміж Грэцыяй і Турцыяй. Даўж. 525 км, пл. басейна каля 53 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Рыла, цячэ па Верхнефракійскай нізіне, прарываецца праз адгор’і Усх. Радопаў. Упадае ў Эгейскае м., утварае забалочаную дэльту. Асн. прыток — р. Тунджа (злева). Сярэдні расход вады каля 200 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. ГЭС. На М. гарады Плоўдзіў, Дзімітраўград (Балгарыя), Эдырне (Турцыя).
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ГУА (Managua),
возера ў Цэнтр. Амерыцы, на тэр. Нікарагуа. Пл. 1489 км². Глыб. да 80 м. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання. Мае перыядычны сток на ПдУ, у воз. Нікарагуа, з якім у мінулым, магчыма, мела адзіны басейн. Азёры падзяліліся ў выніку вулканічнай дзейнасці, перыядычна (у час дажджоў) злучаюцца праз р. Тыпітапа. Суднаходства. На паўд.-ўсх. беразе г. Манагуа — сталіца Нікарагуа, на паўн.-зах. — вулкан Маматомба.
т. 10, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕЦ,
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на ПдУ ад г. Докшыцы, на тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка, сярод забалочанага лесу. Пл. 1,44 км², даўж. больш за 2,7 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 6,1 км. Пл. вадазбору 188 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ШЧА,
ручай у Мастоўскім і Ваўкавыскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Рось (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Вадазбор нізінны, пл. 62 км². Пачынаецца на Пд ад в. Калядзічы Ваўкавыскага р-на, у нізоўі цячэ па лясістай мясцовасці, праз воз. Немнішча, упадае ў р. Рось за 1,9 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Пойма ў вярхоўі забалочаная. Рэчышча часткова каналізаванае.
т. 12, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́РВА,
рака ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрысвята (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 12 км. Вадазбор (пл. 716 км²) на зах. ускраіне Браслаўскай грады. Выцякае з воз. Дрысвяты каля в. Дрысвяты, цячэ праз азёры Ставок і Аболе, вусце за 0,5 км на ПдЗ ад в. Абалікшты. Рэчышча слабазвілістае. Паміж азёрамі Ставок і Аболе на рацэ ў 1953 пабудавана міжкалгасная ГЭС «Дружба народаў».
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАЗАО́ЗЫ,
група хвароб жывёл, якія выклікаюцца паразітычнымі прасцейшымі. Шырока распаўсюджаны. Узбуджальнікі паразітуюць у розных тканках і органах, напр., у плазме (трыпанасомы) ці клетках крыві (піраплазмы, бабезіі), у эпітэліі кішэчніка (балантыдыі), печані, нырак (какцыдыі), палавых органаў (трыхаманады) і інш. Перадаюцца праз корм, піццё, таксама кляшчамі, насякомымі-крывасмокамі, кантактным шляхам. П. праходзяць востра, хранічна або ў форме паразітаноснасці. На Беларусі адзначаюцца анаплазмоз, балантыдыёз, какцыдыёз, піраплазмідозы, трыхаманоз і інш.
т. 13, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛЬВА,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 54 км, у т. л. на Беларусі 42 км. Пл. вадазбору 535 км², у т. л. на Беларусі 457 км². Пачынаецца ў Польшчы, вусце за 2 км на Пд ад в. Ставы Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне, праз г. Высокае. 18 км рэчышча каналізавана. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,
карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.
т. 13, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)