ЛІ́ГЕЦІ ((Ligeti) Дзьёрдзь) (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),
венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнікзах.-еўрап.муз.авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.
Літ.:
Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнікаўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ЛАЎ (Павел Сцяпанавіч) (15.11.1800, Масква — 28.3.1848),
расійскі акцёр; прадстаўнік рамантызму ў рус. т-ры. Вучыўся акцёрскаму майстэрству ў свайго бацькі С.Мачалава. З 1817 на маскоўскай імператарскай сцэне (з 1824 Малы т-р). У творчасці, якая вызначалася эмацыянальнасцю, багаццем адценняў і кантрастаў у перадачы пачуццяў, выявіў дэмакр. і гуманіст. ідэалы эпохі. Сярод роляў: Керым-Гірэй («Керым-Гірэй, крымскі хан» паводле А.Пушкіна), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет, Атэла, Рычард III, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Фердынанд, Карл («Каварства і каханне», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.Кацэбу), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, або Жыццё гульца» В.Дзюканжа) і інш. Аўтар рамант. драмы «Чаркешанка» (паст. 1840), драм. кампазіцыі паводле верша Пушкіна «Чорны шаль» (музыка А.Вярстоўскага), лірычных вершаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт.Прадстаўнікт.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, А.Астроўскага.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.
Літ.:
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Пётр) (2.7. 1800, г. Кракаў, Польшча — 9.6.1855),
польскі мастак; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся малюнку ў М.Стаховіча, Ю.Брадоўскага і Ф.Лампі ў Кракаве (1816—18), жывапісу ў Н.Т.Шарле ў Парыжы (1832—33). Удзельнік паўстання 1830—31. Ствараў батальныя і жанравыя сцэны. Творы вызначаюцца дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю вобразнага ладу, псіхалагізмам, танальнай напружанасцю, яркімі колеравымі акцэнтамі, смелай і эфектнай манерай пісьма: «Напалеон на кані» (каля 1832—37), «Схватка кірасіраў», «Пераправа артылерыі цераз раку», «Кракусы», «Бітва пад Самасьерай», «Блакітныя гусары», «Блакітны хлопчык», «Конны кірмаш» (усе 1840-я г.) і інш., серыя партрэтаў сялян («Селянін у капелюшы», каля 1846). Аўтар малюнкаў «Араб на кані», «Французскія паштальёны», «Конюх утаймоўвае першэронаў» і інш.
Літ.:
Piotr Michałowski. Warszawa, 1959;
Janoziński J. Piotr Michałowski: Życie i twórczość 1800—1855. Wrocław, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу
(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),
партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнікасветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г. Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксама філас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КЕНРОДЭР ((Wackenroder) Вільгельм Генрых) (13.7.1733, Берлін — 13.2.1798),
нямецкі пісьменнік. Прадстаўнік іенскага кола рамантыкаў (гл. ў арт.Германія, раздзел Літаратура). Сябар Л.Ціка. Сваімі творамі і праз уздзеянне на Ціка (прыняў непасрэдны ўдзел у стварэнні яго рамана «Вандраванні Франца Штэрнбальда») зрабіў уплыў на развіццё еўрап. л-ры 19 ст. Кніга Вакенродэра «Шчырыя выказванні сэрца брата-манаха, аматара мастацтва» (1797, выдадзена ананімна) прысвечана жывапісу і музыцы. У кн. «Фантазіі пра мастацтва для сяброў мастацтва» (выд. 1799) выступіў за цэласнае спасціжэнне свету (якое абазначыў як «рэлігійнае») праз мастацтва. Навела «Славутае музыкальнае жыццё кампазітара Іозефа Берглінгера» пра трагедыю геніяльнага мастака, якога не зразумеў свет.
Тв.:
Рус.пер. — Об искусстве и художниках;
Размышления отшельника, любителя изящного. М., 1826;
Фантазии об искусстве. М., 1977.
Літ.:
Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973;
Дмитриев А.С. Проблемы иенского романтизма. М., 1975;
Балашов Н.И. Вакенродер // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),
аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз.т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф.арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.Мёрыке» (1888), «Вершы І.В.Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).
Літ.:
Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́НЧЫЦ (Фабіян Іванавіч) (20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-вабел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнікБел. дабрачыннага т-ва ў Бел.нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел.к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.