ПРАВІ́НЦЫЯ (лац provincia),

1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.

2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).

3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).

4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУА́П ((Poype) Ралан дэ ла) (н. 28.7.1920, Ла-Гранж-Фор, Францыя),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), засл. лётчык Францыі. У 2-ю сусв. вайну з 1940 у руху «Змагарная Францыя», потым у складзе англ. войск. З ліст. 1942 у СССР, ст. лейтэнант, камандзір эскадрыллі авіяпалка «Нармандыя—Нёман». Удзельнік Бел. і Усх.-Прускай аперацый. Зрабіў 70 баявых вылетаў, збіў 15 варожых самалётаў. Пасля вайны пачынальнік і куратар пластыкавай вытв-сці, заснавальнік унікальнага ў Еўропе воднага парку Марынлэнд (Marineland, 1970), асацыяцыі «Рымо» («Rimmo», 1992) па ахове марскіх жывёл Міжземнага мора.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТАКО́ВІЧ (Аляксандр Францавіч) (25.12.1914, г. Сянно Віцебскай вобл. — 9.6.1988),

Герой Сав. Саюза (1945). Да 1940 у сельскай гаспадарцы, потым інструктар райкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бел. і 1-м Бел. франтах. Танк. ўзвод на чале са ст. лейт. П. вызначыўся ў баях за пашырэнне плацдарма на левым беразе Віслы і за г. Радам (Польшча), дзе знішчыў 2 бронетранспарцёры, 3 гарматы; захапіў 4 гарматы; у наступных баях экіпаж танка П. знішчыў 8 танкаў, 6 бронетранспарцёраў, 9 гармат, 19 кулямётных кропак і інш. Пасля вайны П. на парт. і сав. рабоце.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЧЭ́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1912, в. Балешын Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. —31.3.1979),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі мед. тэхнікум (1932), Сталінградскую ваен. школу лётчыкаў (1936). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 4-м Укр., 1-м, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір эскадрыллі штурмавікоў, штурман палка, дывізіі, камандзір штурмавога авіяпалка. Зрабіў 192 баявыя вылеты, знішчыў 5 варожых самалётаў у паветры і 20 на зямлі. Да 1956 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце. Яго імем названа вуліца ў г. Клімавічы.

М.Ф.Рабчэўскі.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖЫК (Lactarius deliciosus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі з ліп. па вер. трапляюцца 2 формы Р.: у яловых лясах — яловы, у хваёвых лясах — хваёвы.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см з загнутым уніз краем, акругла-пукатая, потым лейкападобная. У Р. хваёвага афарбоўка шапкі маркоўна-рыжая з канцэнтрычнымі кругамі, мякаць шчыльная з аранжавым млечным сокам, са смалістым смакам і пахам, на зломе зелянее. У Р. яловага — больш бледная, зеленавата-рыжая, мякаць крохкая. Пласцінкі прырослыя. Ножка полая, цыліндрычная. Споры шырокаавальныя, светла-крэмавыя. Каштоўны ядомы грыб. Іл. гл. да арт. Млечнік.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-САЛА́ДА (Río Salado),

рака ў Аргенціне, правы прыток р. Парана. У верхнім цячэнні наз. спачатку Гуачыпас, потым Хурамента, або Рыо-дэ-Пасахе. Даўж. каля 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У час засухі (май—вер.) на асобных участках перасыхае і ператвараецца ў сістэму салёных азёр і балот. Сярэдні расход вады ў верхнім цячэнні каля 40 м³/с, у ніжнім — каля 15 м³/с (вынік страты на інфільтрацыю і выпарэнне). Суднаходная ў перыяд дажджоў. У вусці ракі — г. Санта-Фе.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ (першапач. Рага),

горад у Іране, за 8 км на ПдУ ад Тэгерана. Згадваецца ў "Авесце» і Бехістунскім надпісе. Уваходзіў у склад. Парфянскага царства. У 639—44 заваяваны арабамі. У пач. 10 ст. ў складзе Саманідаў дзяржавы, потым ва ўладаннях дынастый Зіярыдаў, Бузідаў. У пач. 11 ст. належаў Газневідам, Сельджукідам (быў іх рэзідэнцыяй), з канца 12 ст. — Харэзмшахам. У 1220 разгромлены манголамі. У выніку археал. даследаванняў (1934—36) устаноўлена, што на месцы Р. першапачаткова было энеалітычнае паселішча; выяўлены рэшткі пабудоў парфянскага, сасанідскага і сельджукідскага часоў. З Р. паходзіць люстраная кераміка (гл. Люстр) з сюжэтнай і арнаментальнай размалёўкамі.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНІ́Н,

ферментатыўны бялок, які ўдзельнічае ва ўтварэнні рэчываў, што рэгулююць крывяны ціск, водна-салявы абмен і т-ру цела. Сінтэзуецца ў нырках, потым паступае ў кроў і лімфу. Каталізуе рэакцыю адшчаплення біялагічна неактыўнага пептыду ангіятэнзіну-1 ад a2-глабуліну плазмы крыві (ангіятэнзінагену). Ангіятэнзін-1 пераўтвараецца ў ангіятэнзін-2, які валодае моцным сасудазвужальным дзеяннем, стымулюе сакрэцыю наднырачнікамі гармону альдастэрону. Утрыманне Р. ў крыві — адзін з крытэрыяў артэрыяльнай гіпертаніі, пры прагрэсіраванні якой узровень Р. ўзрастае. Зніжэнне актыўнасці Р.-ангіятэнзінавай сістэмы ў мозгу садзейнічае развіццю ліхаманкі, павелічэнне прыводзіць да зніжэння высокай т-ры цела.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Уладзімір Глебавіч, бел. этнограф і фалькларыст 2-й пал. 19 ст. Чл. Мінскага губернскага стат. к-та, Рус. геагр. т-ва. З 1863 жыў у Мінскай губ., потым працаваў у Тураве, Мазыры міравым пасрэднікам, надворным саветнікам, міравым суддзёю. Друкаваўся ў «Минских губернских ведомостях», «Минских епархиальных ведомостях» і інш. Аўтар артыкулаў: «Нарысы нораваў Барысаўскага павета», «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі», «Палессе: Паездка на возера Князь-Жыд», «Ліст з Палесся» (усе 1869), «Тураўская кантата св. Іаану Хрысціцелю» (1879), «Дзе мошчы св. Кірылы Тураўскага?» (1884). Адзін з першых запісаў легенды пра Князь-возера. Рабіў этнагр. замалёўкі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДУ́ХА,

у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)