ГА́ЗА,

горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст. вобласці Палесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс. чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс. чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г. яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужная прам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.

Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 32 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 2,6 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 53,7 м (самае глыбокае на Беларусі), даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 30,4 км². Катлавіна глыбока (на 70—80 м) урэзана ў тоўшчу марэнных адкладаў, схілы выш. да 30 м (на ПнЗ і ПдУ да 10 м), пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтр. ч. возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усх. і зах. берагоў месцамі выслана валунамі. Пяскі да глыб. 10—15 м, глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай ч. змяняюцца глеямі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная Маса адметная вял. колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі т-рамі; у летні час паверхневы слой вады да глыб. 7—8 м праграваецца да 18—20 °C, ніжэй за 20 м — да 5—6 °C. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шыр. да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 5—7 м. Жывёльны свет багаты, адзначаны пасяленні баброў, ёсць рэлікт ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каб захаваць унікальны вадаём, возера і прыбярэжная тэр. аб’яўлены гідралаг. заказнікам Доўгае. На Пн і ПнЗ упадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на Пд выцякае ручай у воз. Шо.

Доўгае возера ў Глыбоцкім раёне.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),

адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.

Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз. ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 10​11 —10​19 кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 10​7 км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл. Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.​Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.​Галей (гл. Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.​А.​Брадзіхін.

Літ.:

Томита К. Беседы о кометах: Пер. с яп. М., 1982.

Камета Х’якутакі (год назірання 1996).
Камета Хейла-Бопа (год назірання 1997).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ТА (Quito),

горад, сталіца Эквадора. Знаходзіцца на паўд. схіле вулкана Пічынча, на выш. каля 2,8 тыс. м. Адм. ц. прав. Пічынча. 1,3 млн. ж. (1997). Панамерыканскай шашой злучаны з Багатой (Калумбія) і Лімай (Перу), чыгункай і аўтадарогай з портам Гуаякіль. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, хім.-фармацэўтычная. Саматужныя промыслы (вытв-сць ювелірных вырабаў, капелюшоў). 2 ун-ты. Абсерваторыя. Нац. тэатр.

З 10 ст. сталіца самаст. княства, з 1487 у складзе дзяржавы інкаў. У 1533 захоплена іспанцамі. З 1541 горад, з 1563 цэнтр каланіяльнай правінцыі Кіта. У 17—18 ст. важны гасп. і культ. цэнтр, у 1769 адкрыты ун-т. У 1809 у К. ўспыхнула антыісп. паўстанне, якое дало пачатак барацьбе за незалежнасць; 28.5.1822 горад вызвалены паўстанцамі. З 1830 сталіца Рэспублікі Эквадор. Горад неаднаразова быў разбураны землетрасеннямі (1797, 1844, 1859, 1887).

Планіроўка К. падначалена рэльефу мясцовасці, але пераважае прамавугольная сетка вуліц. У цэнтры — плошчы Пласа Індэпэндэнсія (Незалежнасці, з Палацам урада, 1747), Пласа Балівар і Пласа Сукрэ. Захаваліся вузкія вуліцы, 1—2-павярховыя дамы калан. перыяду, культавыя будынкі ў стылях платэрэска і барока. Сярод помнікаў царква Сан-Франсіска (1534—1650, арх. Х.​Рыке, А.​Радрыгес), сабор (1557—17 ст.) і інш. пабудовы 16—18 ст. з багатай разьбой, жывапісам, паліхромнай драўлянай скульптурай. У паўн. ч. — сучасны горад са шматпавярховымі адм. будынкамі. У К. помнікі А.​Х.​Сукрэ (1892), невядомым героям (1922), нац. арміі (1935), музеі калан. мастацтва, мастацтва і гісторыі горада, археалогіі і этнаграфіі і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮД»

(«Lud», «Народ»),

польскі этнагр. часопіс; орган Польскага нарадазнаўчага т-ва. Засн. ў 1895 мовазнаўцам і этнографам А.​Калінай. Выдаецца як штогоднік (у 1907—38 штоквартальнік), спачатку ў Львове, пазней у Вроцлаве і Познані. Асвятляе актуальныя пытанні тэорыі і метадалогіі культуры, гісторыі этнаграфіі, стану і праблематыкі этнагр. даследаванняў і інш. Этнаграфіі Беларусі прысвечаны публікацыі: пад ініцыяламі B. J. K. «Ужыванне цымбалаў у музыцы і беларускіх песенек на польскіх дварах у 1710 г.» (1905, т. 11), В.​Брухнальскага «З «Помніка» М.​Маркса, віцябчаніна» (1922, т. 21), С.​Малевіча «Батлейка на Белай Русі» (1924, т. 22), Ю.​Галомбака «Беларускія дзяды» (1925, т. 24), Ч.​Пяткевіча «Гігіена ў жыцці палешукоў» (1931, т. 30), В.​Бандарчыка «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў XIX ст.» (1967, т. 51, ч. 1), «Этнаграфія Беларусі пасляваеннага перыяду» (1973, т. 57), Ф.​Сяліцкага «Беларускія народныя бяседна-радзінныя песні з вёскі Мікуліна гм. Даўгінава былога Вілейскага павета» (1979, т. 63), «Беларускія жніўныя і палявыя песні з ваколіц вёскі Мікуліна былой гміны Даўгінава Вілейскага павета» (1982, т. 66), «Легенды, прытчы і апавяданні аб з’явах на Вілейшчыне ў міжваенны перыяд» (1983, т. 67), «Вясеннія і летнія гадавыя звычаі ў былым Вілейскім павеце» (1985, т. 69). Апублікаваў рэцэнзіі на працы А.​Багдановіча, М.​Доўнар-Запольскага, М.​Федароўскага, Ч.​Пяткевіча, К.​Машынскага, Я.​Карскага, М.​Чурак, М.​Раманюка, А.​Лакоткі, на тамы серыі «Беларуская народная творчасць», кнігі «Беларускае народнае мастацтва» (1956, т. 42, ч. 2), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1987, т. 71) і інш., энцыклапедыю «Этнаграфія Беларусі» (1992, т. 75). Выйшла 80 тамоў (1996).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫЛІ́, лускакрылыя (Lepidoptera),

атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля ​2/3 з сям. агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.

Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.

Матылі: 1 — зорка; 2 — жаўтушка тарфянікавая; 3 — валовае вока; 4 — жалобніца; 5 — паўлінава вока дзённае; 6 — паўлінава вока малое начное; 7 — перламутраўка вялікая лясная; 8 — серпакрылка дубовая; 9 — стракатка лугавая; 10 — шклянніца вялікая таполевая.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».

Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.​Трухана і В.​Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.​Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.​Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.​Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.​Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.​Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.​Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.​Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.​Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.​Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.​Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.​Баталава, Г.​Гатоўчыц, Т.​Міронава, І.​Падлівальчаў, Т.​Папова, А.​Сушко, Г.​Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.​Дзінаў, І.​Мацкевіч і інш.

Л.​А.​Лявонава.

Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.​Гогаля.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.​Гогаля Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АБЛАСНА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА́РТЫІ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ,

рэгіянальнае аб’яднанне мясц. камітэтаў і груп партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэраў) Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай і паўн.-ўсх. часткі Чарнігаўскай губ. Утварылася на з’ездзе прадстаўнікоў Беластоцкай, Бранскай, Віленскай, Віцебскай, Гомельскай, Дзвінскай, Мінскай і Смаленскай арг-цый у крас. 1904. Праграмныя пазіцыі апублікаваны ў ліп. 1904 у адозве «Да ўсіх»: заваяванне паліт. правоў; права нацый на самавызначэнне; правядзенне ідэй сацыялізму сярод сялян і рабочых; замена рэв. шляхам капіталіст. ладу сацыялістычным. У арг-цыі меўся ўхіл да максімалізму і анархізму. Дзейнасць мясц. арг-цый ПСР у зах. губернях у 1904 і першыя месяцы рэвалюцыі ў 1905 абмяжоўвалася выданнем і распаўсюджаннем лістовак, інш. парт. л-ры, правядзеннем сходаў, зборам сродкаў на патрэбы рэв. дзейнасці. Летам 1905 іх дзейнасць пашырылася ў вёсцы. Уплыў у гарадах (асабліва сярод чыгуначнікаў) стаў прыкметным у час кастр. і снеж. паліт. стачак, калі іх прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйныя міжпарт. к-ты і стачачныя камісіі, якія кіравалі масавымі выступленнямі працоўных у Мінску, Гомелі, Пінску, інш. гарадах і на чыг. станцыях. У гэты час узмацнілася тэрарыст. дзейнасць эсэраў. Пасля I з’езда ПСР (29.12.1905—4.1.1906) мясц. арг-цыі разгарнулі агітацыю за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу і неабходнасць звяржэння царызму рэв. шляхам. Паўн.-Зах. абл. арг-цыя распалася з наступленнем перыяду паліт. рэакцыі.

Літ.:

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февр. 1917 г.). Мн., 1994;

Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэв. руху. Мн., 1994.

М.​В.​Біч.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЗА (ад грэч. phasis з’яўленне),

1) перыяд, стадыя, этап, ступень у развіцці якой-н. з’явы, працэсу; адзін са станаў аб’екта, пэўны момант у змене формы чаго-н. Напр., розныя станы развіцця грамадства, розныя формы бачнай часткі Месяца — фазы Месяца.

2) Ф. вагання ў — фіз. велічыня, што характарызуе стан вагальнага працэсу ў кожны момант часу. Напр., для гарманічных ваганняў, якія апісваюцца ўраўненнем x = A sin (ωt + φ0), велічыня φ = ωt + φ0 наз. поўнай (пераменнай) Ф. ваганняў, а φ0 — пачатковай (нязменнай) Ф. ваганняў. Вымяраецца ў долях перыяду ваганняў або ў вуглавых ці дугавых адзінках.

3) Ф. ў тэрмадынаміцы — тэрмадынамічна раўнаважны стан рэчыва (гл. Раўнавага тэрмадынамічная), які адрозніваецца па фіз. уласцівасцях ад інш. магчымых раўнаважных станаў таго ж рэчыва (гл. Гамагенная сістэма); частка гетэрагеннай сістэмы, аддзеленая межамі ад частак з інш. фіз. ўласцівасцямі. Пераход рэчыва з адной Ф. ў другую (фазавы пераход) звязаны з якаснымі зменамі ўласцівасцей рэчыва. Сувязь паміж колькасцю Ф. і колькасцю кампанентаў тэрмадынамічнай сістэмы ўстанаўліваецца Гібса правілам фаз. Напр., раўнаважная сістэма лёд — вада — пара з’яўляецца аднакампанентнай сістэмай, якая складаецца з 3 Ф., што ў гэтым выпадку супадаюць з агрэгатнымі станамі рэчыва.

4) Ф. ў электратэхніцы — адзін з эл. ланцугоў, які ўваходзіць у склад мнагафазнага, звычайна трохфазнага ланцуга. Характарызуецца тым, што ў ёй дзейнічае эрс (напружанне), зрушаная ў часе адносна эрс у інш. Ф. гэтага ланцуга. Ф. наз. таксама асобная група абмотак генератара пераменнага току і далучаны да яе провад, па якім ідзе эл. ток.

У.​М.​Сацута.

Фаза. Ваганні маятнікаў: а — у аднолькавай фазе; б — у проціфазе; φ — вугал адхілення маятніка ад стану раўнавагі.

т. 16, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці і факты псіхічнага развіцця дзіцяці. Цесна звязана з сац. псіхалогіяй, педагогікай, фізіялогіяй, геранталогіяй і інш. Дз. п. мае значэнне для практыкі выхавання і навучання ў сям’і, дзіцячых дашкольных установах, школе. Веданне Дз. п. — навук. аснова для распрацоўкі навуч. праграм, дыягностыкі псіхічнага развіцця дзяцей, павышэння эфектыўнасці выхаваўча-адукац. працэсу і інш. Псіхал. метады: назіранне, гутарка, аналіз вынікаў дзіцячай дзейнасці (выяўленчай, муз., мастацка-моўнай) эксперымент, тэставанне і інш. Асн. прадмет Дз.п. — раскрыццё агульных заканамернасцей псіхічнага развіцця ў антагенезе, устанаўленне ўзроставых перыядаў гэтага развіцця (гл. Узроставая псіхалогія), прычын і механізмаў пераходу ад аднаго перыяду да другога; важная роля адводзіцца асваенню дзецьмі гісторыка-культ. спадчыны, далучэнню іх да сусв. культуры, сацыялізацыі ў працэсе выхавання і навучання.

Дз.п. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. Яе стваральнік Д.​Тыдэман. У галіне Дз.п. ў розныя часы працавалі В.​Прэер, В.​Штэрн, К.​Грос, І.​М.​Сечанаў, К.​Дз.​Ушынскі і інш. Дз.п. стваралася працамі шэрагу вучоных (Ж.​Піяжэ, З.​Фрэйд, С.​Л.​Рубінштэйн, М.​І.​Лысіна, В.​В.​Давыдаў, В.​А.​Круцецкі і інш.). У Беларусі праблемы Дз.п. распрацоўваюцца на кафедрах псіхалогіі БДУ, Бел. пед. ун-та, Брэсцкага ун-та, Нац. ін-та адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Розныя ўзроставыя перыяды дзяцінства даследавалі бел. вучоныя Л.С.Выгоцкі, Р.​І.​Вадэйка, А.​П.​Ерась, Е.​А.​Панько, Ю.​М.​Карандышаў, Т.​М.​Савельева, Ф.​І.​Івашчанка, Н.​А.​Цыркун, Л.​Г.​Лысюк, Я.Л.Каламінскі, Л.​У.​Фінкевіч, А.​С.​Сляповіч і інш.

Літ.:

Валлон А. Психическое развитие ребенка М., 1967;

Выготский Л.С. Собр. соч. Т. 4. Детская психология. М., 1984;

Бондаренко Е.А. О психическом развитии ребенка. Мн., 1974;

Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996.

Е.​А.​Панько.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)