КІ́ТА (Quito),

горад, сталіца Эквадора. Знаходзіцца на паўд. схіле вулкана Пічынча, на выш. каля 2,8 тыс. м. Адм. ц. прав. Пічынча. 1,3 млн. ж. (1997). Панамерыканскай шашой злучаны з Багатой (Калумбія) і Лімай (Перу), чыгункай і аўтадарогай з портам Гуаякіль. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, хім.-фармацэўтычная. Саматужныя промыслы (вытв-сць ювелірных вырабаў, капелюшоў). 2 ун-ты. Абсерваторыя. Нац. тэатр.

З 10 ст. сталіца самаст. княства, з 1487 у складзе дзяржавы інкаў. У 1533 захоплена іспанцамі. З 1541 горад, з 1563 цэнтр каланіяльнай правінцыі Кіта. У 17—18 ст. важны гасп. і культ. цэнтр, у 1769 адкрыты ун-т. У 1809 ў К. ўспыхнула антыісп. паўстанне, якое дало пачатак барацьбе за незалежнасць; 28.5.1822 горад вызвалены паўстанцамі. З 1830 сталіца Рэспублікі Эквадор. Горад неаднаразова быў разбураны землетрасеннямі (1797, 1844, 1859, 1887).

Планіроўка К. падначалена рэльефу мясцовасці, але пераважае прамавугольная сетка вуліц. У цэнтры — плошчы Пласа Індэпэндэнсія (Незалежнасці, з Палацам урада, 1747), Пласа Балівар і Пласа Сукрэ. Захаваліся вузкія вуліцы, 1—2-павярховыя дамы калан. перыяду, культавыя будынкі ў стылях платэрэска і барока. Сярод помнікаў царква Сан-Франсіска (1534—1650, арх. Х.Рыке, А.Радрыгес), сабор (1557—17 ст.) і інш. пабудовы 16—18 ст. з багатай разьбой, жывапісам, паліхромнай драўлянай скульптурай. У паўн. ч. — сучасны горад са шматпавярховымі адм. будынкамі. У К. помнікі А.Х.Сукрэ (1892), невядомым героям (1922), нац. арміі (1935), музеі калан. мастацтва, мастацтва і гісторыі горада, археалогіі і этнаграфіі і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)