адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл.Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял.Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв. — жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),
прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак. і прылеглай ч.Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.
Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял.прамысл. значэнне.
Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗДЫ́,
шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечнік сям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.
Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ, Благавешчанне,
Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»),
рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежаў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎ (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). У 1964—86 маст. рэдактар час. «Бярозка», з 1992 у «Беларускім гістарычным часопісе». Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Сярод твораў: серыя акварэлей «Помнікі архітэктуры Беларусі» (1970—82), «Бярэзінскі запаведнік» (1975—79), літаграфіі «Кірмаш канца XIX — пач. XX ст.» (1972), «Дзяды» паводле паэмы А.Міцкевіча (1973), «Паўстанне 1863 г.» (1978), «Спынім забойствы...» да 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), серыя «Асветнікі» (1989), ілюстрацыі да кніг У.Дубоўкі, П.Броўкі, У.Караткевіча, І.Новікава; дыярамы «На старажытным гарадзішчы», «Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце», «Знахаркі» і інш. для Музея гісторыі медыцыны Беларусі; «Гандаль у Полацку», «Падводны свет нашых азёр», «Паселішча на Сенніцы», «Крэменездабыўныя шахты ў Красным», «Францыск Скарына ў друкарні» і панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700—21 гг.» для Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, «Мінск у 1890 г.» для Музея М.Багдановіча (1992—93, усе ў Мінску).
П.Драчоў. Кірыла Тураўскі. З серыі «Асветнікі». 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ПЕЧ,
прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).
Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),
антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс.чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс.чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.
Літ.:
Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;
Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ І ПА́РТЫЙ Адбыўся 21—23.7.1917 у Мінску. Скліканы Беларускім нацыянальным камітэтам
(БНК) па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Прысутнічала каля 50 дэлегатаў. Асн. пытанне — нацыянальнае. Большасць дэлегатаў выказалася за паліт. аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. З’езд паслаў прывітальную тэлеграму Цэнтр.укр. радзе. Сярод дэлегатаў намецілася размежаванне паміж прадстаўнікамі БСГ і Беларускай народнай партыі сацыялістаў па пытанні выбараў новага прадстаўнічага органа бел. арг-цый. У выніку выбараў прадстаўнікі БСГ атрымалі большасць. Замест БНК абраны Выканаўчы к-тЦэнтральнай рады беларускіх арганізацый [У.Галубок, Я.Лёсік, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш.),
А.Смоліч, У.Фальскі], да якой перайшло кіраўніцтва бел.нац. рухам. Дэлегаты выказалі пратэст супраць прэтэнзій Польскай дзярж. рады на бел. землі. Прыняты рэзалюцыі аб дапамозе бел. бежанцам, стварэнні арг. бюро беларусаў-вайскоўцаў. З’езд пастанавіў стварыць фонд і паскорыць адкрыццё ў Беларусі ун-та і с.-г. ін-та; даручыў упаўнаважаным у Петраградзе хадайнічаць перад Мін-вам нар. асветы аб асігнаваннях на выданне бел. падручнікаў.