ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,

аддзел унутр. шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́ДНАЕ ВАЛАКНО́,

валакно, якое складаецца пераважна з вугляроду (85 — болей за 99%). Мае высокую мех. трываласць, устойлівае да ўздзеяння высокіх тэмператур, агрэсіўных хім. рэчываў і ультрафіялетавага выпрамянення. Атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (400—3000 °C) хім. ці прыродных арган. валокнаў (часцей віскознага валакна і поліакрыланітрыльных валокнаў). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік вугляродапластаў, у вытв-сці фільтравальных матэрыялаў, электранагравальных элементаў і інш.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОМ,

гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБЧА́СТАЕ КО́ЛА,

звяно зубчастых перадач, якое мае выступы (зубы) для перадачы руху праз счапленне з выступамі другога звяна. Бываюць цыліндрычныя, канічныя і чарвячныя; з прамымі, касымі і крывалінейнымі зубамі. Робяць са сталі, чыгуну, сплаваў каляровых металаў, пластмас.

Зубчастыя колы: 1, 2 — цыліндрычныя прама- і касазубыя; 3, 4 — канічныя прамазубыя і са спіральнымі зубамі; 5 — шаўроннае; 6 — чарвячнае.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯМЛЯ́ І ЛЮ́ДЗІ»,

абласная грамадска-паліт. аграпрамысл. штотыднёвая газета. Выходзіць з 1992 у Магілёве на бел. і рус. мовах. Асвятляе надзённыя праблемы жыцця рэспублікі, дзярж. палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, шляхі сац.-эканам. развіцця вёскі, прапагандуе вопыт калектыўных і фермерскіх гаспадарак аграрна-прамысл. комплексу. Мае рубрыкі: «Навіны, падзеі, факты», «Чарнобыльскае рэха» і інш.

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН ХАРДА́ДБЕХ, Ібн Хурдазбіх Абу-ль-Касім Убайдалах ібн Абдалах

[каля 820 (па інш. звестках, 826) — каля 912/913 (па інш. звестках, 885)],

арабскі географ. Паводле паходжання перс. Яго «Кніга шляхоў і дзяржаў» — важная крыніца па гісторыі Халіфата і сумежных краін, мае ўпамінанні славян і русаў; першы твор апісальнага характару на араб. мове, які дайшоў да нашых дзён.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГЛІ́ЦА,

шыпулькі, зялёнае, фотасінтэзуючае лісце многіх хвойных дрэў і кустоў тыпу голанасенных.

Вечназялёныя, лінейнай, іголка- або лускападобнай, трох-, чатырохграннай формы, даўж. 0,1—45 см; сядзячыя, размешчаныя спіральна, радзей супраціўна або кальчакова. Часцей шчыльныя, цвёрдыя, скурыстыя з невял. колькасцю вусцейкаў. Акрамя некалькіх лістападных форм, І. трымаецца на галінках 1—15 гадоў. Мае шмат фітанцыдаў, эфірных алеяў, вітамінаў.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАН (ад грэч. ladanon),

пахучая смала, што выдзяляецца некаторымі раслінамі сям. ладаннікавых і бурзеравых. Мае ў сабе камедзі, эфірныя алеі, горычы і інш. Часткова растваральны ў вадзе і арган. растваральніках; пры награванні ўзганяецца. Л. атрымліваюць падсочкай пераважна ладаннага дрэва і басвеліі свяшчэннай (Усх. Афрыка і ПдЗ Аравійскага п-ва). Выкарыстоўваецца для пахучых курэнняў у рэліг. абрадах, у парфуме.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТАРЭ́Я (франц. loterie ад lot жэрабя),

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах. Продаж латарэйных білетаў — форма прыцягнення сродкаў, частка з якіх ідзе на фінансаванне выйгрышаў, частка выкарыстоўваецца арганізатарамі для камерцыйных, дабрачынных і інш. мерапрыемстваў. Латарэйны білет з’яўляецца каштоўнай паперай на прад’яўніка. Уладальнік білета, на які выпаў выйгрыш, мае права патрабаваць яго аплаты ў грашовай або натуральнай (рэчавай) форме.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́БЕДЗЬ»,

прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)