КУЛЯШО́ВА (Галіна Рыгораўна) (н. 20.7.1928, г. Гомель),
бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1984). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1956). З 1956 выкладала ў Херсонскім і Гомельскім муз. вучылішчах, у Бел. кансерваторыі. З 1962 (з перапынкам) у ІМЭФНац.АН Беларусі. Асн. працы па тэарэт. пытаннях оперы і яе канкрэтным сцэн. увасабленні. Аўтар манаграфій «Беларуская савецкая опера» (1967), «Пытанні драматургіі оперы» (1979), «Кампазіцыя оперы» (1983). Навук. кіраўнік, рэдактар і сааўтар выдання «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97). Распрацавала навуч. праграму і курс асноў опернай драматургіі для муз.ВНУ. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Н.И.Аладов. Л., 1970;
Заметки о белорусской опере // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУР’Е́ (Саламон Якаўлевіч) (8.1.1891, г. Магілёў — 30.10.1964),
гісторык антычнасці, філолаг. Д-ргіст. (1934) і філал. (1943) навук. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). Праф. Петраградскага (1918), Самарскага (1919—20), Ленінградскага (у 1949 абвінавачаны ў «касмапалітызме» і звольнены), Львоўскага (1953—64, заг. кафедры класічнай філалогіі) ун-таў. Даследаваў стараж.-грэч. гісторыю, л-ру, эпіграфіку, фальклор, філасофію, гісторыю матэматыкі. Зрабіў каменціраваныя пераклады твораў Ксенафонта (1935), Плутарха (1940), Дэмакрыта (выдадзены пасмяротна вучнямі ў 1970) і інш. Аўтар гіст. кніг для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАРЫ́Н (Citrus reticulata),
кветкавая расліна сям. рутавых, пладовая культура. Культывуюць у краінах Паўд. Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. да 3 м. Лісце буйное, скурыстае. Кветкі двухполыя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плод — гесперыдый (ягадападобны), маса 60—80 г, аранжавы, ядомы. Плады ўжываюцца пераважна свежымі (маюць да 10,5% цукру, каля 1% к-т, да 55 мг% вітаміну С і інш.), а таксама для перапрацоўкі (сок. джэм, варэнне, кампот). Скурка (цэдра) выкарыстоўваецца ў кандытарскай, парфумернай і харч. прам-сці. У селекцыі М. выкарыстоўваюць як мацярынскую форму, што перадае патомству марозаўстойлівасць і ранняспеласць. Вядомы гібрыды: танжэла (М. х грэйпфрут), тангор (М. х апельсін), цытрандарын (М. х трыфаліята).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],
сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІК (Уладзімір Андрэевіч) (н. 15.5.1945, в. Ляды Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд.філас.н. (1979), праф. (1996). Віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі паліт. навук (з 1993). Скончыў БДУ (1969). З 1980 у Акадэміі МУС Беларусі (з 1995 нач. кафедры). Навук. працы па праблемах фарміравання дзярж. ідэалогіі, станаўлення і развіцця паліт. сістэмы, удасканалення механізма дзярж. улады, ўнутр. і знешняй палітыкі Беларусі. Аўтар падручнікаў па паліталогіі.
Тв.:
Мировоззренческая культура личности сотрудника органов внутренних дел и пути ее формирования. Мн., 1992 (у сааўт.). Основы политологии. Мн., 1992;
Об идеологии белорусской государственности // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе XX ст.Мн., 1998;
Политология. 3 изд. Мн., 1999;
Республика Беларусь: власть, политика, идеология. 2 изд. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл.арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́КАР, мукор (Mucor),
род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукаравых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца ў верхнім слоі глебы. На Беларусі найб. вядомыя М.: свінцова-шэры (M. plumbus), галоўчаты (M. mucedo), зімуючы (M. hiemalis), раманіянавы (M. ramannianus), шэра-вохрысты (M. griseoochraceus). Развіваюцца на раслінных рэштках, харч. прадуктах, выклікаюць цвіль кармоў, пладоў і караняплодаў пры захоўванні.
Міцэлій бясколерны, галінасты, расце ўнутры і на паверхні субстрату, пераважна няклетачны, часам распадаецца на асобныя клеткі, здольныя да пачкавання. Спарангіі круглаватыя, у выглядзе галовак са шматлікімі спорамі. Некат. віды выкарыстоўваюць як закваску («кітайскія дрожджы») для атрымання зброджаных харч. прадуктаў («соевы сыр»), спірту з бульбы і інш.Культура М. раманіянавага дае антыбіётык раміцын, некат. віды выклікаюць захворванні (мукарамікозы) чалавека і с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́РА,
старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн.Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр.Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкортастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ЖАЕ,
цэнтральная эстэтычная катэгорыя для вызначэння дасканалых з’яў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва. У якасці эстэт. каштоўнасці П. ўключае таксама ісціну і дабро ў канкрэтна-вобразнай, асабістай выяўленасці. У сістэме дыялектычнай логікі П. інтэрпрэтуецца як гарманічнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў быцця і мастацтва, усеагульнага і асаблівага, грамадскага і асабістага ў жыцці. У тых аб’ектах эстэт. ацэнкі, дзе духоўнауніверсальнае рэзка пераважае над матэрыяльна-асабістым, П. ўзвышаецца да ўзнёслага і гераічнага (гл.Гераізм), адваротнае парушэнне раўнавагі пераводзіць П. ў камічнае або агіднае і нізкае. Вылучаюцца 3 аспекты П. — псіхалагічнае ўспрыманне, мастацкае ўвасабленне і тэарэт. асэнсаванне ў эстэтыцы і крытыцы.
Ідэалам П. ў ант. цывілізацыі была мера і гармонія, адзінства красы, дабра і карысці — т.зв. калакагатыя. У хрысц. мастацтве П. — духоўнае пераўтварэнне быцця, пераход П. ва ўзнёслае і трагічнае. Ням. класічная эстэтыка раскрыла спецыфіку П. як мэтазгоднасці без утылітарнай мэты (І.Кант), пачуццёва-вобразнага выяўлення духоўнага пачатку ў быцці і мастацтве (Г.Гегель). Пазітывісцкая эстэтыка акцэнтуе ўвагу на псіхалогіі П. як пераменнай і адноснай каштоўнасці. Народнікі крытэрыем П. лічылі сац. і эстэт. ідэалы прац. народа. Празмерная сацыялагізацыя П. характэрна для марксісцка-ленінскай эстэтыкі.
На Беларусі ў гісторыі маст. культуры ўсведамленне П. як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў нар. творчасці. У 12—18 ст. арыгінальна выявіліся канцэпцыі П. сярэдневяковага, рэнесансавага, барочнага тыпаў, класіцызму і Асветніцтва. Нац. адраджэнскі ідэал П. як гармоніі нац. і універсальнага, прыроды і культуры, чалавека і грамадства абгрунтавалі пачынальнікі і класікі бел. л-ры 19—1-й пал. 20 ст. (гл.Літаратура).
Літ.:
Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;
Яго ж. Основные эстетические категории. Мн., 1974;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Яго ж. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 10—12;
Я го ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Там жа. 2000. № 7—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,
ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б.ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл.Рэканкіста).