ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),
Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас.р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-растудз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн.с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),
паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64°зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл. каля 1,2 тыс.км². Нас. каля 370 тыс.чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.Ахедам і А.Веспучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял.кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш.гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш.дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАРПА́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podkarpackie),
адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. На У мяжуе з Украінай, на Пд са Славакіяй. Створана 1.1.1999. Пл. 17,6 тыс.км². Нас. 2,1 млн.чал. (1999), гарадскога 40%. Адм. цэнтр — г.Жэшаў. Найб.гарады: Пшэмысль, Тарнобжаг, Кросна. Паўн.ч. ваяводства займае Сандамірская катлавіна, паўд. — перадгор’і Карпат, Нізкія Бяскіды і Бяшчады (выш. да 1346 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -6 °C (у гарах), ліп. ад 18 °C да 16 °C, ападкаў 600—1200 мм за год. Гал.р. Вісла з прытокам Сан. Глебы на Пн падзолістыя, на Пд горныя, ёсць бурыя і чарназёмныя. Пад лесам каля 35% тэрыторыі (Бяшчадскі нац. парк і Сандамірская пушча). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш буд. (аўтамаб., авіяц., станкабуд., электратэхн., чорная металургія, хім., харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў. Здабыча серы, прыроднага газу, нафты. С.-г. ўгоддзі займаюць 55% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, авёс, кармавыя культуры. Садоўніцтва, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Турызм (Бяшчады), курорты (Рыманаў, Івоніч-Здруй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),
старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г.Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м.Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч.гарады М.Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),
1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.
Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.Базевіч).
2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.Базевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ РАКА́ (Saint Lawrence River). У Канадзе, часткова (ад воз. Антарыо да г. Корнуал) служыць мяжой паміж Канадай і ЗША; ажыццяўляе сцёк усёй сістэмы Вялікіх азёр, разам з імі з’яўляецца найважнейшым водным шляхам, які злучае ўнутр.ч. ЗША і Канады з Атл. акіянам (гл.«Святога Лаўрэнція» сістэма водных шляхоў). Даўж. ўласна ракі (выцякае з воз.Антарыо і ўпадае ў зал. Св. Лаўрэнція) каля 1200 км, даўж. ўсёй воднай сістэмы (ад вытокаў р. Сен-Луі, якая ўпадае ў воз. Верхняе) 3350 км. Пл.бас. 1290 тыс.км². Ніжэй г. Квебек рака ўтварае эстуарый даўж. каля 400 км, шыр. да 50 км. Асн. прытокі; Атава (злева), Рышэльё (справа). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Азёрамі і плацінамі сцёк ракі зарэгуляваны. Сярэдні расход вады 7,8 тыс.м³/с. Марскія прылівы да г. Труа-Рыўер, каля г. Квебек выш. да 5,5 м. Рака Рышэльё злучае С.Л.р. з р. Гудзон. На ўчастку паміж воз. Антарыо і г. Манрэаль каскад гідравузлоў з вадасховішчамі, найб.ГЭС Мозес (выкарыстоўваецца ЗША і Канадай). На рацэ найб.гарады і парты: Кінгстан, Корнуал, Манрэаль, Сарэль, Труа-Рыўер, Квебек (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
экспедыцыя, якая накіроўваецца для выяўлення і збору гіст. крыніц. Адну з першых экспедыцый у 1809 арганізавала Рас.АН у гарадыпаўн. Расіі і на Украіну. У час экспедыцый 1817—18 (М.П.Румянцаў) і 1820 (П.М.Строеў) абследаваны архівы Масквы, б-кі манастыроў Маскоўскай, Наўгародскай і Разанскай губ. (выяўлены Ізборнік Святаслава 1073, Судзебнік 1497 і інш.). У 1829—34 археаграфічная экспедыцыя на чале са Строевым даследавала каля 200 архіваў і б-к Паўн. Расіі, сабрала каля 3 тыс. актаў, летапісаў і інш. дакументаў 14—17 ст. (многія з іх выдала Археаграфічная камісія). Шэраг крыніц, у т. л. 14 ст., выявіла ў 1852—54 археаграфічная экспедыцыя М.В.Калачова, якая працавала ў Цэнтр. Расіі. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. экспедыцыі арганізоўвалі Віленскія археал. і археаграфічная камісіі, навуч. акруга. Іх праводзілі М.К.Баброўскі, І.І.Грыгаровіч, А.І.Мілавідаў і інш. Матэрыялы, сабраныя на Беларусі, захоўваюцца таксама ў рас. б-ках (АН, Маскоўскага ун-та і інш.). У 1970—80-я г.гіст. крыніцы збіралі Нац.б-ка Беларусі, Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа АН Беларусі, Рэсп. музей гісторыі рэлігіі, Веткаўскі музей нар. творчасці і інш.