ІДЭАЛІ́ЗМ,

агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс. г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.​Берклі, Д.​Юма і І.​Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.​Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.

Літ.:

Идеалистическая диалектика в XX ст. М., 1987.

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).

Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.​Гобса, Ж.Б Ламарка, І.​Канта, Г.​Гегеля, К.​Маркса, Ф.​Энгельса, У.​І.​Леніна, Б.​Расела, С.​А.​Крыпке, Я.​Хінцікі.

Літ.:

Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London; New York, 1947; Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983; Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),

філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.

Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.​Дэкарт, Г.​Лейбніц, І.​Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Дж.​Берклі, Д.​Юм, П.​Лафарг, К.​Маркс, Ф.​Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.​Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.​Салаўёў, М.​Лоскі, М.​Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.

Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.​Пацей, І.​Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.​Бандзевіч, А.​Белабоцкі, Ф.​Богуш, Б.​Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.​Пачобут-Адляніцкі, Я.​Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.​Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.​Дунін-Марцінкевіч, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.​Луцкевіч, І.​Канчэўскі, У.​Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.​Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.​А.​Алексютовіча, А.​А.​Біралы, К.​П.​Буслава, Э.​К.​Дарашэвіча, У.​М.​Конана, С.​А.​Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.​М.​Лушчыцкі, Н.​М.​Махнач, А.​С.​Майхровіч, В.​І.​Яфрэмава і інш.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),

навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.​Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.​Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізму найб. поўна адлюстравана ў працах Э.​Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.​Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.​А.​Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.

Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.​Парсапс, Р.​К.​Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.​Ф.​Карскі, С.​М.​Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У.​М.​Ігнатоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.​Я.​Вальфсон, Б.​Э.​Быхоўскі), асветы і выхавання (С.​М.​Васілейскі, А.​А.​Гайвароўскі, С.​М.​Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г. гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш. ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн. Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-т сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.​П.​Давідзюк, Я.​М.​Бабосаў, І.​І.​Антановіч, А.​М.​Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.​М.​Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.​М.​Сакалова); С. сям’і (М.​Р.​Юркевіч, С.​Д.​Лапцёнак, С.​Н.​Бурава); С. навукі (Г.​А.​Несвятайлаў); С. культуры (Э.​К.​Дарашэвіч, В.​І.​Русецкая, Л.​Р.​Цітарэнка, С.​В.​Лапіна); С. адукацыі (А.​І.​Ляўко, В.​А.​Кліменка); паліт. С. (І.​В.​Катляроў, В.​В.​Бушчык); С. камунікацый (А.​Ц.​Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.​А.​Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.​А.​Шавель, А.​У.​Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.​Г.​Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.​А.​Ракаў) і інш.

Літ.:

Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1899—1901;

Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;

Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1993;

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;

Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;

Социология. Мн., 1998.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.​Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.​Уайлд, М.​Чапмен, Р.​Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.​Вейс, Ч.​Хартшарн, У.​Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл. Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.​Конт, Г.​Спенсер, Л.​Гумплавіч, М.​М.​Кавалеўскі, Э.​Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.​Патнэм, У.​Селарс, Г.​Р.​Харэ).

Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст. маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-ра Адраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.​Бакачыо, Ф.​Рабле, М.​Сервантэса, У.​Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.​Дэфо, Г.​Філдынг, Д.​Дзідро, Г.​Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.

Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.​Скарына, В.​Цяпінскі, С.​Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.​Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.​Пацея, М.​Сматрыцкага, І.​Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.​Каратынскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.​Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап. літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц. сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл. «Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.

Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.​Гудона (Францыя), У.​Хогарта (Вялікабрытанія), Д.​Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.​Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.​Дам’е, а таксама Ж.​Ф.​Міле, П.​Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.​Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст. маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;

Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.

Н.​Г.​Кісялёва (філасофія), У.​М.​Конан (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі (выяўленчае мастацтва).

Да арт. Рэалізм. Г.​Курбэ. Пахаванне ў Арнане. 1849—50.
Да арт. Рэалізм. І.​Рэпін. Не чакалі. 1884—88.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),

мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.

У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.​Малерба, трагедыі П.​Карнеля, Ж.​Расіна, камедыі Мальера, проза М.​М.​Лафает; тэарэтыкі — Ж.​Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.​Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.​Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.​Джонсана, У.​Конгрыва, часткова — Дж.​Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.​Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.​К.​Готшэда (Германія), В.​Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, а таксама І.​І.​Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.​Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.​Кантэмір, В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў, А.​Сумарокаў, Г.​Дзяржавін, Дз.​Фанвізін і інш.

На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.​Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.​Нарушэвіч, Ю.​Нямцэвіч, Ф.​Багамолец, С.​Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.​Сакольскі, І.​Галянеўскі, І.​Яленскі) і лац. (М.​Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.​Марашэўскага, «Фемістокл» М.​Цяцерскага, «Крэз» І.​Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.​Чачота (філамацкія вершы), Я.​Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.​Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.

У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.

2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.​П.​Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц. маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.

Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.​Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.​Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.​Перо (усх. фасад Луўра), Л.​Лево, Ф.​Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.​Ардуэн-Мансар, А.​Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.​Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.​Пост), Швецыі (Н.​Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц. арх. Ж.​Ж.​Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш. еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. арх. К.​Н.​Леду, Ж.​Ф.​Шальгрэн, П.​Віньён (Францыя), Р.​Адам, Р.​Смёрк (Англія), Л.​Каньёла (Італія), К.​Г.​Лангханс, К.​Ф.​Шынкель (Германія), А.​Захараў, А.​Манферан, В.​Бажэнаў, М.​Казакоў, І.​Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.

У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн. маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.​Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.​Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.​Гуцэвіч, М.​Шульц, К.​Падчашынскі, італьян. К.​Спампані, шатландскі Дж.​Кларк, польскія Ш.​Цуг, А.​Ідзкоўскі, рус. М.​Львоў, Староў, В.​Стасаў і інш.

У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.​Торвальдсен (Данія), Л.​Барталіні, А.​Канова (Італія), Ж.​А.​Гудон (Францыя), Дж.​Флаксмен (Англія), І.​Г.​Шадаў, К.​Раўх (Германія), Ф.​Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.​Л.​Давід, А.​Ж.​Гро, П.​П.​Прудон, Н.​Пусэн (Францыя), А.​Р.​Менгс, Ф.​Рунге (Германія), Дж.​Бэры (Англія), К.​А.​Енсен (Данія), А.​Апіяні (Італія), Б.​Уэст (ЗША), А.​Ласенка, Ф.​Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.​Д.​Энгра (Францыя) і Ф.​Гоі (Іспанія).

У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст. Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.​Аляшкевіча, Ф.​Смуглевіча, ранніх творах В.​Ваньковіча і Я.​Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.

У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.​Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.

Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.​Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.​Л.​Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.​Ж.​Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.​К.​Нейбер у Германіі, Т.​Бетэртан, Дж.​Кембл у Англіі, Э.​Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст. эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.​Муне-Сюлі, С.​Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.​Сумарокаў, Я.​Княжнін, акцёры — Ф.​Волкаў, І.​Дзмітрыеўскі, В.​Каратыгін, С.​Сандуноў, К.​Сямёнава, Т.​Траяпольская.

Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.​Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).

У музыцы найб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.​Б.​Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.​Гасека, Э.​Меполя, Л.​Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш. маст. кірункаў выявіліся ў творах М.​Беразоўскага, Дз.​Бартнянскага, В.​Пашкевіча, Е.​Фаміна, І.​Хандошкіна.

У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.​Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.​Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).

Літ.:

Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;

Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;

Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;

Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;

Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст. Мн., 1991;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.

Г.​В.​Сініла (літаратура), А.​В.​Мальдзіс (бел. літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і мастацтва), Н.​В.​Сазановіч (музыка).

Да арт. Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.​Орды. 19 ст.
Да арт. Класіцызм. А.​Р.​Менгс. Парнас. 1761.
Да арт. Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.​Мансар. 1642—51.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА

Першыя спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. літаратуры можна прасачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» Л.​Зізанія (1593), «Грамматика» М.​Сматрыцкага (1619), у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.​Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Ф.​Скарыны, у 1816 у Варшаве на польскай мове выдадзена кніга С.​Б.​Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася яго мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным артыкуле Р.​Друцкага-Падбярэскага да 1-га т. кн. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У публікацыях Л.​Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра бел. публіцыста І.​Манькоўскага, ахарактарызаваны жыццё і творчасць Я.​Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы, у якіх закраналіся пытанні стараж. бел. л-ры, мовы, гісторыі асветы і грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.​Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» М.​Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, пад крыптанімам Г.Г.), даследаванне А.​Г.​Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.​Пыпіна і У.​Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел. нар. паэзія, кніга П.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888), праца М.​Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні творчасці В.​Цяпінскага; звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклору бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край». Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.​Сыракомлі на творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Е.​Раманава на зб. З.​Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш.

У пач. 20 ст. бел. л-ру даследавалі ўжо як самастойную галіну бел. культуры: працы расійскіх (А.​Пагодзін, С.​Руднянскі, С.​Русава), польскіх (В.​Вегняровіч, Е.​Янкоўскі), чэшскіх (А.​Чэрны), літоўскіх (Л.​Гіра, А.​Янулайціс), украінскіх (А.​Русаў, І.​Свянціцкі) даследчыкаў. Гісторыка-літ. праблематыка грунтоўна распрацоўвалася ў працах Я.​Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў іх і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), альманах «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.​Палуяна, М.​Багдановіча, Я.​Купалы, М.​Янчука, А.​Бульбы, М.​Гарэцкага, Л.​Гмырака, У.​Самойлы, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага і інш. Вядучым жанрам нашаніўскай літ. крытыкі была рэцэнзія: водгукі А.​Бульбы на зб-кі Я.​Коласа «Песні жальбы» і Я.​Купалы «Гусляр», У.​Самойлы на паэму Я.​Купалы «Адвечная песня», А.​Навіны на зб-кі Я.​Купалы «Шляхам жыцця» і М.​Багдановіча «Вянок», В.​Ластоўскага на зб-кі М.​Гарэцкага «Рунь», Ядвігіна Ш. «Васількі», Т.​Гушчы (Я.​Коласа) «Родныя з’явы», аглядны артыкул «Беларуская літаратура ў 1909 гаду» С.​Ясяновіча (С.​Палуяна). У іх раскрываліся змест, сац. пафас, маст. каштоўнасць, стылявая адметнасць твораў, індывідуальнае аблічча пісьменнікаў, іх месца ў нац. л-ры, вызначаліся пэўныя тэндэнцыі развіцця тагачаснай паэзіі, прозы, драматургіі. М.​Гарэцкі ў праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913) і «Развагі і думкі» (1914) сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэалістычнага мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі літ.-знаўства, раскрыў грамадска-выхаваўчую ролю нац. тэатра, звязаў праблему ўзбагачэння тэатральнага рэпертуару з развіццём бел. мовы. Уласнай практыкай М.​Гарэцкі замацоўваў метад сацыялагічнага і эстэтычнага падыходу да маст. твора ў іх адзінстве.

Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў адзін з заснавальнікаў айч. літ.-знаўства М.​Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел. нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў даўнюю, новую і найноўшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалагічных прынцыпаў культурна-гіст. школы: сувязь л-ры з грамадска-паліт. ўмовамі і духоўным станам грамадства, увага да нац. асаблівасці л-ры, цікавасць не толькі да вяршынных маст. з’яў, але і ўсяго масіву моўнай творчасці, да фальклору, дакументалістыкі, мемуарных і эпісталярных жанраў як крыніцы вывучэння нораваў, звычаяў, псіхалогіі і маралі народа. М.​Багдановіч пераадолеў уласцівую гэтай школе недаацэнку эстэтычнай прыроды мастацтва, лірыка-суб’ектыўных, нерэаліст. форм адлюстравання (сімвалізм, імпрэсіянізм, рамантызм), тым самым унёс значныя карэктывы ў метадалогію вывучэння л-ры. Адначасова ўдакладніліся і яго ўласныя папярэднія крытычныя ацэнкі ранняй творчасці Я.​Купалы («грубы сімвалізм» паэмы «Адвечная песня», тэматычная аднастайнасць зборніка «Жалейка» і інш.). М.​Багдановіч замацаваў у бел. літ.-знаўстве жанравую форму гісторыка-літ. нарыса, праблемна-тэарэтычнага і тэарэтыка-метадалаг. артыкула, «кароткай гісторыі беларускага пісьменства».

На абнаўленне метадалогіі культурна-гістарычнай школы была скіравана і літ.-крытычная дзейнасць С.​Палуяна. Ён абгрунтоўваў погляд на л-ру як на фактар актывізацыі духоўнага жыцця грамадства і нац. адраджэння, падкрэсліваў неабходнасць змагання за высокі ідэйна-маст. ўзровень слоўнага мастацтва і яго арганічнай сувязі з жыццём народа; указваў на небяспеку ізаляванага развіцця нац. культур. Шмат увагі ён аддаваў бел.-ўкр. літ. сувязям і праблемам маст. перакладу, увёў форму гадавога агляду л-ры, што садзейнічала пашырэнню жанравых рамак бел. крытыкі. Рабіліся спробы параўнальна-супастаўляльнага вывучэння твораў бел. пісьменнікаў з творамі рус., укр., польскай л-ры. Формы прагнастычнай крытыкі, праблемна-тэарэт. і дыскусійнага артыкула атрымалі свае развіццё ў працэсе, асабліва пасля дыскусіі 1913, прысвечанай абмеркаванню шляхоў развіцця бел. слоўнага мастацтва, высвятленню прыроды, грамадскіх функцый і задач бел. л-ры [артыкулы «Сплачывайце доўг» Ю.​Верашчакі (В.​Ластоўскага) і «Чаму плача песня наша? (Адказ Юрку Верашчаку)» «Аднаго з парнаснікаў»] Падтрымліваючы ідэю неабходнасці адлюстроўваць негатыўныя з’явы рэчаіснасці, змрочныя бакі жыцця і бядотнага становішча працоўнага люду, удзельнікі дыскусіі (М.​Багдановіч, З.​Бядуля, М.​Гарэцкі, В.​Ластоўскі і інш.) падкрэслілі небяспеку звужанага, спрошчанага разумення мэт і задач л-ры, закліканай увасабляць у маст. вобразах жыццё ва ўсім яго багацці і разнастайнасці, уключаючы ідэальны, духоўны пачатак, хараство і прыгажосць роднага краю.

У першыя паслярэвалюцыйныя гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. літ.-знаўства не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыядычным друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў. У газетах «Гоман», «Вольная Беларусь», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», часопісах «Рунь», «Вольны сцяг» і інш. публікаваліся гісторыка-літ. артыкулы М.​Гарэцкага, Р.​Зямкевіча, Я.​Карскага, В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, А.​Луцкевіча, М.​Янчука, прысвечаныя спадчыне Ф.​Скарыны, разгляду грамадска-культурнай і творча-маст. дзейнасці А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Ельскага, Л.​Кандратовіча, В.​Каратынскага, Я.​Кміты-Чарнабыльскага, А.​Пашкевіч (Цёткі), А.​Рыпінскага, Ф.​Тапчэўскага і інш. У пач. 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства; у галіне бел. літ.-знаўства навукова-даследчым і каардынацыйным цэнтрам стаў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. літ.-знаўства звязаны з навук. дзейнасцю Я.​Барычэўскага, А.​Вазнясенскага, М.​Гарэцкага, І.​Замоціна, М.​Янчука. У «Гісторыі беларускае літаратуры» М.​Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. М.​Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) М.​Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.​А.​Багдановіч» І.​Замоціна (абедзве 1927), «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) А.​Вазнясенскага, кнігі «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах А.​Бабарэкі, У.​Дубоўкі, З.​Жылуновіча, С.​Замбржыцкага, М.​Піятуховіча, Я.​Пушчы і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба новай навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.

У «Гісторыі...» М.​Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах М.​Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызваленчым рухам, але недаацэньваўся ідэйны пафас грамадзянскай лірыкі Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны М.​Багдановіча, драматургіі Я.​Купалы і Ц.​Гартнага, ліраэпічных твораў Я.​Коласа даў І.​Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самастойны кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-маст., сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармалістычных трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэалістычных прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.-ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. З-за спрошчанага погляду на ўзаемасувязі грамадзянскай гісторыі і л-ры М.​Піятуховіч не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, М.​Багдановіча, Цёткі. Разам з тым ён імкнуўся ўнесці ў сацыялагізатарскія схемы пэўныя папраўкі, удакладненні альбо ігнараваў метадалагічныя ўстаноўкі вульгарызатараў, што дабратворна паўплывала на развіццё бел. літ.-знаўства. Аб’ектам вывучэння А.​Вазнясенскага былі творы М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалагічныя праблемы: нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры, адначасова крытыкаваў метадалагічныя хібы культурна-гіст. школ за недаацэнку эстэтычнай прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. літ.-знаўства і крытыкі. Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі літ.-знаўства сталі даследаванні І.​Замоціна («Пуціны беларускай літаратуры», 1924), А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я Барычэўскага («Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета», абодва 1927). Як і М.​Багдановіч, Я.​Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходу да мастацтва. прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалагічнага характару даследаваў М.​Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924) — першая ў бел. літ.-знаўстве спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.​М.​Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова.

У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталагічная праца (навукова-каменціраваны зб. твораў у 2 т. М.​Багдановіча, зб. твораў Я.​Коласа, зб. вершаў А.​Гаруна «Матчын дар») пры ўдзеле Я.​Барычэўскага, І.​Замоціна, В.​Мачульскага. Найб. значныя дасягненні бел. літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арганізацый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыядычных выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэтычную праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вядучую ролю ў фарміраванні бел. літ.-крытычнай думкі адыгрывалі тагачасныя вядучыя газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [С.​Баркоўскі, М.​Грамыка, П.​Жарскі, З.​Жылуновіч, А.​Лясны (А.​Мардвілка), Я.​Марук, Я.​Нёманскі, У.​Чаржынскі і інш.] вялікую ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел. літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.​Аляхновіч, С.​Замбржыцкі, М.​Каспяровіч і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сялянскую тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» выступала за павышэнне ідэйна-эстэтычнага ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэтычных асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафесійнага ўзроўню вялікая заслуга А.​Адамовіча, А.​Бабарэкі, З.​Бядулі, П.​Глебкі, У.​Дубоўкі, К.​Крапівы, Ф.​Купцэвіча, М.​Лужаніна, Я.​Пушчы, К.​Чорнага, В.​Шашалевіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навукова-тэарэтычнай думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны. да нерэалістычных форм творчасці і інш.). Дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі найб. яскрава выявіўся ў дзейнасці С.​Будзінскага, В.​Бухаркіна, Л.​Бэндэ, С.​Васілёнка, Е.​Гальперына, У.​Гесена, А.​Канакоціна, А.​Кучара, Д.​Мірончыка, Я.​Сякерскай, Л.​Якаўлева і інш.

На пач. 1930-х г. у развіцці бел. літ.-знаўства адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т. л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. Навук. школы, якія ўзначальвалі Я.​Барычэўскі, А.​Вазнясенскі, І.​Замоцін, былі ліквідаваны. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалаг. памылак і варожых сав. ладу ідэй. Сярод вартых увагі выданняў — кн. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў оргкамітэта ССП БССР і Інстытута літаратуры і мастацтва» (1934).

Пэўнае ажыўленне навукова-крытычнай думкі пачалося з 1940-х г.: артыкулы Я.​Коласа пра Т.​Шаўчэнку, К.​Чорнага пра Я.​Купалу, М.​Ларчанкі і Ю.​Пшыркова пра паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа, пра спадчыну М.​Багдановіча, публікацыі В.​Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (1941); выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.​Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх інстытутаў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што адкрывала перспектыву ствараць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутраных заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культурнай спадчыны аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.​Купала і Я.​Колас.

У своеасаблівых умовах развівалася крытыка і літ.-знаўства Зах. Беларусі. Яна прайшла складаны шлях свайго станаўлення ў 1920—30-я г. Яе адметнасць абумоўлена ідэалаг. і паліт. размежаваннем літ.-творчых і навук. сіл, у выніку чаго склаліся грамадаўская (арыентаваная на КПЗБ) і дэмакратычная, радыкальна-дэмакратычная ці незалежніцка-дэмакратычная плынь. Апошняя развівала «нашаніўскія» традыцыі, імкнулася спалучаць эстэт., гіст., сацыялагічны і часткова псіхал. метады аналізу л-ры, праяўляла цікавасць да тэарэт. і метадалаг. праблем, да спецыфікі нац. слоўнага мастацтва, змагалася супраць праяў вульгарнага сацыялагізму, дагматызму і тэндэнцыйнасці, разглядала маст. творы ў кантэксце сусв. л-ры. Склаліся прынцыпы крытыкі філасофскай (І.​Канчэўскі, У.​Самойла), эстэт. (А.​Луцкевіч, Я.​Светазар, М.​Краўцоў, Ст.Станкевіч), рэлігійна-філас. (А.​Станкевіч). Вялікую ролю ў развіцці крытычнай і навук. думкі Зах. Беларусі адыграў час. «Калоссе».

У гады Вял. Айч. вайны літ.-крытычная і навук. думка выяўляла сябе праз аператыўны водгук на новыя творы, у пісьменніцкіх выступленнях на пленумах праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (даклады В.​Барысенкі, М.​Лынькова, К.​Чорнага і інш.), на сесіі АН Беларусі (даклады Я.​Купалы, Я.​Коласа), у публікацыях гісторыка-літ. характару (матэрыялы М.​К.​Дабрыніна, даклады М.​Л.​Бродскага, С.​М.​Гарадзецкага, М.​К.​Піксанава, прысвечаныя Я.​Купалу). Артыкулы К.​Чорнага «Беларуская проза і драматургія часу Айчыннай вайны», «Паэт народа» сцвярджалі ідэю народнасці л-ры, паэма «Новая зямля» прачытвалася ў гіст. аспекце, высока ацэньвалася «фармальная дасканаласць» вершаў М.​Багдановіча, адзначана наяўнасць у іх «перадавых агульначалавечых ідэй», што спрыяла выпрацоўцы аб’ектыўнага погляду на спадчыну «песняра чыстай красы». Шэраг глыбокіх літ.-крытычных ацэнак, якія маюць прынцыповае метадалагічнае значэнне, выказаны ў лістах Я.​Коласа да П.​Броўкі, П.​Глебкі, М.​Лынькова, да грамадскіх і паліт. дзеячаў.

У пасляваенны час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і навуч. дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біяграфічныя нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці: артыкулы і кнігі У.​Агіевіча, М.​Барсток, В.​Івашына, М.​Ларчанкі, Я.​Мазалькова, Ю.​Пшыркова, В.​Таўлая пра Я.​Купалу і Я.​Коласа; В.​Барысенкі, Н.​Перкіна пра М.​Багдановіча, А.​Куляшова; В.​Вольскага пра Э.​Самуйлёнка; С.​Майхровіча пра Я.​Лучыну; Я.​Усікава пра К.​Крапіву і інш. Выйшлі і абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).

«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел. сав. л-ры, з творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у ім павярхоўна вырашаліся пытанні, звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэтычная прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе таксама разглядаліся старажытная л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст., перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастрычніцкай л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў. развіццё творчага метаду (працы У.​Агіевіча, В.​Барысенкі, М.​Ларчанкі, С.​Майхровіча і інш.). У першыя пасляваенныя гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. У часопісах былі створаны крытыка-бібліяграфічныя аддзелы, у літ. перыёдыцы з’явіліся публікацыі, прысвечаныя тэарэт. спадчыне В.​Р.​Бялінскага, М.​А.​Дабралюбава, М.​Г.​Чарнышэўскага, спадчыне А.​Пушкіна-крытыка. Аднак плённаму развіццю навук. і літ.-крытычнай думкі перашкаджалі паліт. кампаніі барацьбы з касмапалітызмам і т.зв. бурж. нацыяналізмам (1948—49), у ходзе якіх парушаліся маральна-этычныя нормы жыцця ў навук. і творчым асяроддзі, закрэсліваліся пазітыўныя напрацоўкі ў вывучэнні нац. своеасаблівасці л-ры, мелі месца праявы недаацэнкі класічнай спадчыны, твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, зганьбаваных вульгарызатарамі 1920—30-х г. Негатыўнае ўздзеянне на л-ру, асабліва на драматычныя жанры і тэатральную практыку аказала «тэорыя бесканфліктнасці».

Якасна новага ўзроўню бел. навукова-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў і стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры (працы В.​Барысенкі, В.​Вольскага, С.​Майхровіча, М.​Яроша і інш.); павысіўся навукова-тэарэтычны ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.​Адамовіча, М.​Грынчыка, Дз.​Бугаёва, В.​Івашына, Я.​Казекі, У.​Калесніка, А.​Лойкі, Н.​Перкіна, Ю.​Пшыркова і інш.). Праграмным прынцыпам крытыкі стала высокая патрабавальнасць, аб’ектыўны падыход да ацэнкі вартасцей і недахопаў твора, акцэнт на яго сац.-філасофскую заглыбленасць, на эстэтычны ўзровень асэнсавання жыцця і ўнутранага свету чалавека. У даследчых працах пашырыўся ахоп гісторыка-літ. матэрыялу, які разглядаўся на грамадска-паліт. фоне, у сувязі з сялянскім рухам і рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбой народа. Поспехі ў вывучэнні творчых метадаў, генезісу і шляхоў станаўлення крытычнага рэалізму суправаджаліся пэўнымі выдаткамі — абсалютызацыяй рэалістычнага кірунку, атаясамленнем рэалізму і жыццёвага праўдападабенства, недаацэнкай нерэалістычных форм адлюстравання. Перабольшвалася значэнне метаду сацыяліст. рэалізму, гіпертрафіравалася небяспека ўласніцтва. Дасягненні навукова-тэарэтычнай думкі гэтага перыяду падагульнены ў калектыўных працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав. шматнацыянальнай л-ры. У іх упершыню ў бел. літ.-знаўстве даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культурна-асветная дзейнасць літ.маст. арганізацый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена спроба спалучыць сац. і эстэтычны аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.​Гаруна, дакастрычніцкую творчасць М.​Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (З.​Астапенкі, С.​Баранавых, М.​Грамыкі, В.​Каваля, Л.​Калюгі, Б.​Мікуліча, Я.​Нёманскага, Я.​Пушчы, Я.​Скрыгана, Ю.​Таўбіна, У.​Хадыкі і інш.). Паспяховае развіццё бел. тэксталогіі пацвердзілі навукова-каменціраваныя зборы твораў Я.​Купалы (т. 1—6, 1961—63), Я.​Коласа (т. 1—12, 1961—64), падрыхтаваныя Інстытутам л-ры АН Беларусі. Актывізавалася дзейнасць у галіне бібліяграфіі і бібліятэказнаўства (працы Л.​М.​Бабковай, Н.​Б.​Ватацы, Л.​А.​Самасейкі). Літ. крытыка таго часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэтычны ўзровень л-ры: кнігі і артыкулы А.​Адамовіча, С.​Александровіча, М.​Арочкі, М.​Барсток, П.​Дзюбайлы, В.​Каваленкі, Дз.​Бугаёва, Р.​Бярозкіна, У.​Калесніка, А.​Клышкі, В.​Палтаран, М.​Стральцова, Р.​Шкрабы, У.​Юрэвіча, М.​Яроша, А.​Яскевіча і інш. З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.​Броўка, В.​Быкаў, В.​Вітка, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, К.​Крапіва, М.​Лужанін, М.​Лынькоў, І.​Мележ, П.​Панчанка, Я.​Скрыган, І.​Шамякін і інш. У 1-й пал. 1960-х г. пашырыўся жанр палемічнай крытыкі. Адбыліся дыскусіі, прысвечаныя развіццю маладой паэзіі, пісьменніцкаму майстэрству, адлюстраванню вобраза сучасніка (1961), пытанням тэатральнага мастацтва, станоўчаму герою ў бел. п’есах (1962), тэме «Пісьменнік і час» (1962—63), сучаснаму бел. раману (1963—64), праблемам дзіцячай л-ры (1965). Дыскусіі прадэманстравалі непрыманне вульгарна-сацыялаг. падыходаў да мастацтва, акрэслілі найб. перспектыўныя шляхі яго развіцця, палепшылі маральна-псіхалагічную атмасферу ў пісьменніцкім асяроддзі.

Літ.-знаўства 1970—80-х г. развівалася з улікам дасягненняў і ў кірунку, вызначаным новай «Гісторыяй...». Прыярытэтнымі сталі класічная спадчына, даследаванні старажытнай л-ры, наватарскіх маст. адкрыццяў Я.​Коласа, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, К.​Чорнага (працы Р.​Бярозкіна, Дз.​Бугаёва, А.​Коршунава, А.​Лойкі, І.​Навуменкі, Ю.​Пшыркова, М.​Стральцова, М.​Тычыны, В.​Чамярыцкага). Выйшлі калектыўныя даследаванні абагульняльнага характару і індывідуальныя манаграфіі, прысвечаныя станаўленню жанравых форм прозы А.​Адамовіча, С.​Андраюка, Д.​Гальмакова, Л.​Голубевай, Э.​Гурэвіч, П.​Дзюбайлы, В.​Жураўлёва, М.​Луферава, А.​Лысенкі, М.​Мушынскага, І.​Чыгрына, К.​Хромчанкі, А.​Яскевіч. Лірычныя і ліра-эпічныя творы даследавалі М.​Арочка, М.​Барсток, В.​Бечык, У.​Гніламёдаў, М.​Грынчык, М.​Лазарук, М.​Ярош; драматургію — С.​Лаўшук, А.​Сабалеўскі, А.​Семяновіч, Я.​Усікаў. У цэнтры ўвагі даследчыкаў — творчая індывідуальнасць пісьменніка, суадносіны традыцыйнага і наватарскага, дынаміка фарміравання жанравых структур, спецыфічныя заканамернасці іх развіцця, перагляд твораў, зганьбаваных вульгарна-дагматычнай крытыкай; удакладнена жанравая мадыфікацыя эпічных, лірычных і драм. твораў.

Найб. плённых вынікаў дасягнулі даследаванні складаных шляхоў станаўлення раманнай формы — сац-аналітычнага, сац. філасофскага рамана (К.​Чорны), гістарычнага (У.​Караткевіч), лірычнага (Я.​Брыль), прыгодніцка-дэтэктыўнага (Я.​Маўр); буйных эпічных форм — трылогіі (Я.​Колас), эпапеі (М.​Лынькоў), хранікальнай эпапеі (М.​Гарэцкі), рамана-хронікі (І.​Мележ). Лепшыя гісторыка-літ. працы А.​Адамовіча, Р.​Бярозкіна, Э.​Гурэвіч, В.​Каваленкі, Н.​Перкіна перакладаліся на рус. мову, што ўзбагачала тагачаснае сав. літ.-знаўства вопытам вывучэння бел. л-ры, уздымала яго тэарэтычны ўзровень. На болей высокім прафесійным узроўні вывучаліся тэарэтычныя праблемы — паэтыка, творчы метад, прырода паэт. мыслення, псіхааналіз у рамане, спецыфіка тыпізацыі ў лірыцы, лірычны герой, умоўна-асацыятыўная вобразнасць, класічны і свабодны верш, метрыка, рытміка, фоніка, псіхалогія творчасці, паэтыка нар. прозы, паэтыка нар. лірыкі (Н.​Гілевіч, М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, А.​Клышка, А.​Матрунёнак, В.​Рагойша, І.​Ралько, І.​Шпакоўскі, М.​Янкоўскі, А.​Яскевіч). Рэальным зместам напаўняліся паняцці ўсесаюзнага, слав., еўрап. літ. кантэксту (А.​Адамовіч, Н.​Перкін і інш.), абмяркоўваліся праблемы паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (В.​Каваленка), уносіліся істотныя карэктывы ў разуменне ролі фальклору ў развіцці л-ры (Н.​Гілевіч, В.​Каваленка, У.​Конан, І.​Чыгрын, А.​Яскевіч). Праблемы структуры, сюжэтна-кампазіцыйнай адметнасці твора пачынаюць разглядацца ў канкрэтна-гіст. і тэарэтыка-метадалаг. аспектах, з улікам светапогляду, творчага метаду, грамадзянскай, маральна-этычнай пазіцыі пісьменніка, яго адносін да вопыту папярэднікаў (В.​Жураўлёў). Выйшлі працы, прысвечаныя праблемам стылю як канкрэтнага ўвасаблення зместу і формы ў іх гарманічным адзінстве і аналізу індывідуальнай стылявой манеры П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Куляшова, І.​Мележа, П.​Панчанкі, М.​Танка, І.​Шамякіна (С.​Андраюк, М Арочка, В.​Бечык, В.​Гапава, Э.​Гурэвіч, П.​Дзюбайла, А.​Лысенка, М.​Ярош). На якасна новы тэарэтыка-метадалаг. ўзровень уздымаліся праблемы літ. узаемасувязей і перакладу з блізкіх і роднасных моў; пераадольваўся вузкі ахоп л-р свету (акрамя рус., укр., польскай літаратур, пачынаюць разглядацца ням., аўстр., дацкая, нарвежская). Разам з традыцыйным гісторыка-літ., грамадска-культурным падыходам вывучаліся тэарэт. аспекты (Н.​Перкін), тыпалагічныя супастаўленні твораў у межах пэўнага жанру (В.​Гапава), фарміраванне індывідуальных пісьменніцкіх стыляў з выкарыстаннем традыцый суседніх літаратур (Р.​Бярозкін), паэтычны ўзаемапераклад (Т.​Кабржыцкая, Э.​Мартынава, В.​Рагойша), творчыя кантакты і засваенне плённых традыцый (П.​Ахрыменка, І.​Бас, А.​Гардаіцкі, У.​Казбярук, М.​Ларчанка, А.​Мажэйка, А.​Мальдзіс, У.​Сакалоўскі), уваход бел. л-ры ў агульнаеўрап. літ.-грамадскую, культурную прастору (А.​Адамовіч, В.​Каваленка, У.​Калеснік, А.​Майхровіч, Н.​Перкін).

На развіццё нац. літ.-знаўства дабратворна паўплывалі даследаванні вучоных сумежных навук. дысцыплін: працы Э.​Дарашэвіча, У.​Конана, А.​Майхровіча і інш. па гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі. Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і літ.-знаўства (У.​Конан, М.​Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (С.​Букчын, І.​Кахно, Ф.​Куляшоў, С.​Лысенка, У.​Няфёдаў, А.​Станюта, П.​Ткачоў), літаратур замежных краін (В.​Гапава, Б.​Міцкевіч). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакументальных архіўных матэрыялах (С.​Александровіч, Г.​Кісялёў, А.​Мальдзіс, Я.​Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гісторыка-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. А.​Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства, коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навукова-каменціраваныя зборы твораў Я.​Купалы (т. 1—7, 1972—76), Я.​Коласа (т. 1—14, 1972—78), К.​Чорнага(т. 1—8, 1972—75), П.​Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), І.​Мележа (т. 1—10, 1979—85), М.​Лынькова (т. 1—8, 1981—85), М.​Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.​Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), М.​Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), творы Ф.​Багушэвіча (1967), Я.​Дылы (1981), У.​Галубка (1983), В.​Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Рабіліся спробы тэарэт. абагульнення вопыту практычнай дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т. л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» А.​Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калектыўныя навуч. дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (абедзве 1977; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі ’Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» ўпершыню ўведзены раздзелы пра літ.-знаўства і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства (М.​Мушынскі).

У канцы 1980-х г. з’явіўся шэраг прац, у якіх даследаваліся вытокі нац. пісьменства [зб. дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына», энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час», калектыўная кн. «Скарына і яго эпоха», кн. «Францыск Скарына. Творы» (скл. А.​Коршунаў), зб. «Вечна жывое слова», прысвечаны «Слову аб паходзе Ігаравым»], манаграфіі пра жыццёвы і творчы шлях М.​Сматрыцкага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Купалы і Я.​Коласа (У.​Кароткі, Г.​Кісялёў, М.​Ярош), даследаванні пра бел.-літоўскія літ. сувязі (А.​Лапінскене, А.​Мальдзіс), пра Я.​Купалу і рамантызм (І.​Багдановіч), станаўленне бел. маст. традыцыі (А.​Яскевіч), бел. драматургію (С.​Лаўшук), бел. л-ру ў блізкім і далёкім замежжы (Г.​Адамовіч, Л.​Казыра, У.​Сакалоўскі, І.​Чарота). Даследавалася новая або недастаткова асвоеная папярэднікамі гісторыка-літ. праблематыка, распрацоўваліся тэарэт. аспекты л-ры: пошукі духоўнага ідэалу, бел. слоўнае мастацтва ў паўднёваслав. кантэксце, цэласнасць старабел. філалогіі, пейзаж у айчыннай л-ры, сімволіка гравюры Ф.​Скарыны, сакралізацыя дзяржавы-Радзімы ў бел. л-ры, бел. мадэрнізм, л-ра і міфалогія, умоўнасць у сучаснай бел. л-ры, авангард і традыцыя, літ. крытыка ў Зах. Беларусі, тэксталогія твораў выдатных пісьменнікаў і асэнсаванне вопыту тэксталагічнай працы, гендэрныя праблемы ў бел. л-ры (У.​Агіевіч, І.​Афанасьеў, І.​Багдановіч, А.​Бельскі, Т.​Голуб, С.​Даніленка, І.​Жук, В.​Жураўлёў, Ю.​Лабынцаў, А.​Лойка, В.​Максімовіч, К.​Мароз, Г.​Тварановіч, Т.​Фітцнер, С.​Ханеня, Т.​Шамякіна, А.​А.​Яскевіч). Інтэнсіўна вывучаліся жанравая разнастайнасць даўняй, новай і найноўшай л-ры, тэндэнцыі і заканамернасці жанравага руху маст. прозы, паэзіі, драматургіі, працэс узаемадзеяння жанравых форм (А.​Бразгуноў, П.​Васючэнка, С.​Кавалёў, У.​Каяла, Г.​Кісліцына, Л.​Корань, Л.​Ляўшун, А.​Макарэвіч, А.​Мельнікаў, Ж.​Некрашэвіч, І.​Саверчанка, М.​Хаўстовіч, І.​Штэйнер, В.​Шынкарэнка, М.​Яніцкі, А.​А.​Яскевіч). Робяцца сур’ёзныя захады па вывучэнні праблем эстэтыкі творчасці выдатных пісьменнікаў, паэтыкі, структуры твораў, стылю, моўна-стылявых асаблівасцей найб. значных твораў (У.​Верына, З.​Драздова, В.​Жураўлёў, А.​Ігнацюк, У.​Конан, І.​Кульбянкова, А.​Макарэвіч, А.​Манкевіч, М.​Мішчанчук, В.​Нікіфарава, В.​Рагойша, Дз.​Санюк, В.​Стральцова, Т.​Федарцова, І.​Шаўлякова-Барзенка, В.​Шынкарэнка, А.​Яскевіч). Істотныя ўдакладненні ўнесены ў метадалогію даследавання літ. сувязей, параўнальна-тыпалагічнага вывучэння л-р, у трактоўку паняцця традыцый і наватарства (Г.​Бутырчык, А.​Данільчык, Д.​Лебядзевіч, У.​Мархель, Г.​Тычко, М.​Тычына, І.​Чарота, М.​Чмарава). Побач з поспехамі ў бел. навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека.

Бел. літ.-знаўства і крытыка 1990-х г. развіваліся пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. У шэрагу прац дадзена глыбокае гіст.-філасофскае асэнсаванне шляхоў развіцця бел. л-ры, высветлены яе нац. адметнасці і заканамернасці станаўлення, ажыццёўлена «новае прачытанне» класікі (П.​Васючэнка, Л.​Гаранін, У.​Гніламёдаў, В.​Жураўлёў, У.​Мархель, З.​Мельнікава, М.​Мішчанчук, М.​Мушынскі, Г.​Тварановіч, М.​Тычына, І.​Чарота, Я.​Янушкевіч і інш.). У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі літаратур абодвух народаў ад старажытнасці да нашых дзён.

На якасна новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (А.​Андрэеў, Т.​Аўтуховіч, Н.​Блішч, В.​Вайлупава, С.​Ганчарова-Грабоўская, А.​Звознікаў, А.​Іваноў, С.​Карпушын, С.​Кузьміна, С.​Лебедзеў, У.​Ліякумовіч, В.​Люкевіч, А.​Несцярэнка, Г.​Няфагіна, В.​Сакалова, І.​Скарапанава, М.​Смалякова, С.​Сомаў, А.​Станюта, Дз.​Фёдараў, В.​Хамякова, Г.​Чарнова, А.​Шалемава, І.​Шпакоўскі). Значна пашырыліся абсягі вывучэння літаратур замежных краін (Г.​Адамовіч, А.​Білютэнка, А.​Бубянцова, А.​Вострыкава, А.​Гугнін, Т.​Камароўская, Е.​Лявонава, С.​Малюковіч, В.​Мартынава, С.​Мусіенка, П.​Рагойша, В.​Халіпаў, А.​Цыглер, І.​Чарота, М.​Чмарава, І.​Шаблоўская). Новы крок зроблены ў вывучэнні л-ры бел. замежжа (У.​Арлоў, А.​Баршчэўскі, Ю.​Гарбінскі, А.​Каўка, А.​Макмілін, А.​Марціновіч, М.​Мішчанчук, А.​Пашкевіч, Л.​Пранчак, Л.​Савік, Б.​Сачанка, Г.​Сяргеева, Я.​Чыквін, Л.​Юрэвіч). У літ. працэс уводзілася творчасць недастаткова вывучаных пісьменнікаў (Ф.​Аляхновіча, А.​Гаруна, В.​Ластоўскага, А.​Луцкевіча, А.​Мрыя, Р.​Мурашкі), удакладнена іх месца ў бел. пісьменстве. Перагледжаны ранейшыя ацэнкі «Нашай нівы», літ.-мастацкіх арганізацый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», БелАПП, іх роля ў літ.-творчым жыцці 1920—30-х г. (В.​Барысенка, А.​Бяляцкі, З.​Драздова, У.​Казбярук, У.​Ковель, М.​Мушынскі, П.​Навойчык, А.​Сідарэвіч, І.​Чыгрын, Я.​Янушкевіч). Істотна ўзбагаціліся ў структурным і змястоўным плане нарысы пра жыццё і творчасць М.​Багдановіча, С.​Буднага, З.​Бядулі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, В.​Зуёнка, У.​Караткевіча, Л.​Карповіча, В.​Маракова, М.​Танка, Кірылы Тураўскага, І.​Чыгрынава, Я.​Чыквіна (А.​Верабей, У.​Гніламёдаў, Л.​Ляўшун, А.​Мальдзіс, Л.​Маракоў, А.​Марціновіч, З.​Мельнікава, А.​Мельнікаў, М.​Мікуліч, І.​Навуменка, Л.​Раманчук, А.​Русецкі, І.​Саверчанка).

Значную ролю ў актывізацыі бел. навукова-тэарэтычнай думкі 1990-х г. адыгралі міжнар. і рэспубліканскія канферэнцыі «Каласавіны», «Купалаўскія чытанні», «Гарэцкія чытанні» і інш.; канферэнцыі, прысвечаныя спадчыне А.​Адамовіча, А.​Бабарэкі, М.​Багдановіча, Я.​Баршчэўскага, М.​Грынчыка, У.​Дубоўкі, У.​Жылкі, У.​Калесніка, Я.​Карскага, Т.​Кляшторнага, К.​Крапівы, Я.​Лёсіка, Я.​Лучыны, М.​Лынькова, І.​Мележа, З.​Налкоўскай, К.​Чорнага; міжнар. форумы пад эгідай ЮНЕСКА у гонар Ф.​Скарыны, І.​Гётэ, А.​Міцкевіча, А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі. У 2-й пал. 1990-х г. створаны новыя праграмы, падручнікі, навуч. дапаможнікі па гісторыі і.тэорыі л-ры і метадычныя распрацоўкі новага тыпу (А.​Бельскі, П.​Васючэнка, С.​Ганчарова-Грабоўская, С.​Каратай, В.​Кушнярэвіч, М.​Лазарук, В.​Ляшук, В.​Максімовіч, М.​Мішчанчук, Г.​Няфагіна, В.​Рагойша, А.​Рагуля, А.​Майсейчык, Т.​Мушынская, Я.​Перавозная, Н.​Суслава, Т.​Усольцава, І.​Чарота, Т.​Шамякіна, І.​Штэйнер, В.​Яцухна). Інстытут л-ры Нац. АН Беларусі працягвае доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: Збор твораў Я.​Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), Поўны збор твораў Я.​Купалы (т. 1—9, 1995—2003). Інстытут з Нац. навукова-асветным цэнтрам імя Ф.​Скарыны падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Факталагічная база бел. літ.-знаўства папоўнілася публікацыямі і кнігамі, напісанымі на аснове архіўных матэрыялаў (У.​Адамушка, А.​Гесь, Г.​Запартыка, М.​Ількевіч, А.​Каўка, С.​Крапівін, Л.​Маракоў, У.​Міхнюк, Р.​Платонаў, В.​Селяменеў, В.​Скалабан, Я.​Янушкевіч). Гэтыя выданні і новыя манаграфічныя працы скіраваны на асэнсаванне шматвяковага развіцця нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету. Этапнай з’явай у развіцці айч. літ.-знаўства стала «Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя» (т. 1—4, 1999—2003), у якой выкарыстаны лепшыя набыткі і дасягненні ўсёй бел. гуманітарнай навукі.

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Яго ж. I нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў Мн., 1964.

М.​І.​Мушынскі.

т. 18, кн. 2, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)