ГЛІ́НКА,

радовішча тугаплаўкіх глін у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 1,8 км на ПдУ ад в. Глінка. Пластавы паклад утвораны азёрнымі адкладамі неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і цёмна-шэрыя, дысперсныя, пластычныя, тугаплаўкія, з лінзамі вогнетрывалых глін. Разведаныя запасы 4,8 млн. т, перспектыўныя 443 тыс. т. Карысная тоўшча магутнасцю 0,8—9,8, ускрыша 0,2—4,2 м.

А.​Шчураў.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́РЖАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

каля паўночна-ўсх. ускраіны Віцебска. Пластападобны паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона- і цёмна-бурыя стужачныя, пластычныя, шчыльныя, карбанатныя. Разведаныя запасы 9,6 млн. м³, перспектыўныя 1,4 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,4—8 м, ускрышы 0,2—6,3 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзіту. дрэнажных труб, цэглы.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМПРАФІ́Р,

жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́ШКІНСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992), каля в. Лівошкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун цёмна-шэрага граніту сярэднезярністага кіроўнага тыпу. Даўж. 3 м, шыр. 2,9 м, выш. 0,6 м, у абводзе 9,2 м, аб’ём бачнай часткі 2,8 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНО́К (Brachymystax lenok),

рыба сям. ласасёвых. 1 від роду лянкоў. Пашыраны ў рэках і горных азёрах Сібіры і Д. Усходу.

Даўж. да 70 см, маса да 8 кг. Цела цёмна-бурае або чарнаватае з залацістым адценнем. Бакі і плаўнікі ў чорных плямках. Луска дробная. Корміцца дробнай рыбай, лічынкамі насякомых, малюскамі. Пасля нерасту гіне. Аб’ект промыслу.

Лянок.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),

мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.

Манганіт.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІСА́НДРАВАЕ ДРЭ́ВА, палісандр,

драўніна некаторых трапічных відаў дрэў з родаў жакаранда і дальбергія. Ядро драўніны ад цёмна-чырв. да шакаладна-бурай з фіялетавым адценнем афарбоўкі, абалона светла-жоўтая. Цяжкае і трывалае Пл. добра паліруецца і выкарыстоўваецца для вытв-сці дарагой мэблі, муз. інструментаў, каляровага паркету, такарных вырабаў. Для імітацыі Пл. карыстаюцца драўнінай бярозы, вольхі, клёну і інш.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФВЕДСАНІ́Т (ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),

мінерал, манаклінны шчолачны амфібол NaNa2Fe​24+Fe​3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.

Арфведсаніт.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРАМІ́Т,

мінерал класа вальфраматаў (Fe, Mn) [WO4]. Іншы раз прымесі цынку, магнію, танталу, ніобію. Разнавіднасці: гюбнерыт MnWO4 і ферберыт FeWO4. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя або таблітчастыя, пласціністыя. Масіўныя зярністыя агрэгаты. Колер цёмна-шэры або карычняваты да чорнага. Бляск металічны, алмазны. Цв. 5—5,5. Крохкі. Шчыльн. 7,2—7,6 г/см³. Трапляецца ў грэйзенах і высокатэмпературных гідратэрмальных жылах, россыпах. Асн. руда вальфраму.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОТРУБ’ЕПАДО́БНЫ ЛІША́Й, рознакаляровы лішай,

мікозная хвароба скуры чалавека. Выклікаецца грыбком Pityrosporum orbiculare. Найчасцей бывае ў людзей з павышанай патлівасцю ці з цяжкімі хранічнымі хваробамі лёгкіх, цукровым дыябетам, туберкулёзам, себарэяй. Інкубацыйны перыяд 2—8 тыдняў. Прыкметы: на скуры грудзей, спіны, часам на інш. частках цела з’яўляюцца разнастайных памераў вотруб’епадобныя плямы, светла- або цёмна-карычневага колеру з лускавінкамі. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)