ЛАБРАДО́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Рухаецца на Пд з м. Бафіна да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі, дзе сустракаецца з цёплым цячэннем Гальфстрым і апускаецца на прамежкавыя глыбіні. Т-ра вады зімой ад 5 °C да -1 °C, летам 2—10 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход мяняецца кожны год ад 3,4 млн. м³/с да 5,4 млн. м³/с. Нясе шматлікія льды і айсбергі, што перашкаджае суднаходству.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, паветраны паток,
сістэма вятроў у трапасферы і стратасферы, якая разглядаецца звычайна як адзінае, устойлівае ў часе, атм. ўтварэнне. Уваходзіць у склад агульнай цыркуляцыі атмасферы, ахоплівае шырокія прасторы (напр., цыклоны, пасаты, мусоны) або мае мясц. значэнне (брызы, горнадалінныя вятры і інш.).
т. 11, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСАЦЫ́ЙНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
гарызантальнае перамяшчэнне водных мас, якое пакрывае страты вады і паніжэнне ўзроўню на якім-небудзь участку акіяна, мора, возера. Узнікае пры згонна-нагонных з’явах і накіравана ў бок, процілеглы дрэйфавым цячэнням. К.ц. могуць развівацца і ў паверхневых і ў глыбінных слаях, напр. міжпасатныя (экватарыяльныя) супрацьцячэнні Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.
т. 7, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл. Ударная хваля).
т. 7, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САВА ЦЯЧЭ́ННЕ, Экватарыяльнае падпаверхневае супрацьцячэнне,
у Атлантычным ак. Працягласць каля 5000 км. Шыр. ад 370—440 км на З да 185—220 км на У. Макс. скорасць цячэння 3,6 км/гадз у сярэдняй ч. патоку. Рухаецца на У паміж 2° паўд. ш. і 22° паўн, ш. на глыб. ад 50 да 200 м пад Паўднёвым Пасатным цячэннем, якое ідзе на 3. Адкрыта ў 1959 сав. экспедыцыяй на судне «Міхаіл Ламаносаў». Назва ад імя судна.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс. км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн. м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.Кромвела, названа яго імем.
т. 8, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. ч. Ціхага ак. (паміж 35 і 42° паўн. ш.), працяг цячэння Курасіо. Накіравана на У ад в-ва Хонсю да берагоў Паўн. Амерыкі. Утварае пераходную зону на мяжы трапічных вод і вод умераных шырот. Т-ра вады 7—16 °C зімой, 18—23 °C летам. Скорасць 0,9—1,1 км/гадз. Ва ўсх. ч. Ціхага ак. разгаліноўваецца на Аляскінскае цячэнне і Каліфарнійскае цячэнне.
т. 12, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-АТЛАНТЫ́ЧНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна, працяг Гальфстрыма. Пачынаецца каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі і накіравана на ПнУ — у Нарвежскае мора. Каля 60° паўн. ш. разгаліноўваецца на Ірмінгера цячэнне і Нарвежскае цячэнне. Т-ра вады ад 7 да 15 °C. Скорасць на Пд 0,9—1,8 км/гадз на ПнУ да 0,4—0,7 км/гадз. Расход вады мяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці Гальфстрыма. Ваганні расходу вады і цеплавога стану П.-А.ц. ўплываюць на надвор’е і клімат Зах. і Паўн. Еўропы.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ГРЭНЛА́НДСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў марах Лабрадор, Бафіна і прал. Дэйвіса; працяг Ірмінгера цячэння. Праходзіць з Пд на Пн уздоўж паўд.-зах. і зах. берагоў Грэнландыі. 0,9 км/гадз. Т-ра вады 0—2 °C. Салёнасць 33,5‰.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)