АСТРО́ЎСКІ (Мікалай Аляксеевіч) (29.4.1904, с. Вілія Астрожскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 22.12.1936),

рускі пісьменнік. У 1919 пайшоў добраахвотнікам на фронт, ваяваў у брыгадзе Р.​І.​Катоўскага і 1-й Коннай арміі. У 1920 цяжка паранены. Прыкаваны да ложка невылечнай хваробай, сляпы, Астроўскі напісаў раман «Як гартавалася сталь» (ч. 1—2, 1932—34), у якім стварыў у многім аўтабіягр. вобраз адданага камуніст. ідэі героя. Аўтар незакончанага рамана «Народжаныя бурай» (ч. 1, 1935—36) пра падзеі ў Зах. Украіне.

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—3. М., 1974—75.

М.А.Астроўскі.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУДРО́ (Васіль Сцяпанавіч) (1917, в. Карані Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.4.1942),

адзін з кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. У 1941 вучыўся на курсах у Мінску. У пач. акупацыі горада ўстанавіў сувязь з падп. групай у раёне Камароўкі і партыз. групай «Дзядзькі Васі» (В.​Т.​Варанянскага). Арганізаваў вывад да партызан групы людзей, адпраўку зброі і боепрыпасаў. Са снеж. 1941 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Удзельнічаў у правядзенні дыверсій на аўтамагістралях каля горада. 17.4.1942 цяжка паранены, памёр ад ран.

В.С.Жудро.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСАРЭ́НКА (Андрэй Яфрэмавіч) (3.6.1908, г. С.-Пецярбург — 24.2.1966),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў 2 курсы с.-г. ін-та (1973), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1939). У 1932—35 у органах НКУС БССР. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім і Цэнтр. франтах. Камандзір стралк. роты лейт. П. вызначыўся ў 1943 на тэр. Чарнобыльскага р-на Кіеўскай вобл., дзе цяжка паранены працягваў бой, чым натхніў роту на адбіццё варожай атакі і прасоўванне наперад свайго батальёна.

А.Я.Пісарэнка.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІНА́ТЫ,

солі няўстойлівых алюмініевых кіслот: ортаалюмініевай H3AlO3 і метаалюмініевай HAlO2 і інш. Алюмінаты шчолачных металаў растваральныя ў вадзе, іх водныя растворы няўстойлівыя з-за гідролізу да Al(OH)3; інш. алюмінаты цяжка раствараюцца ў вадзе. Алюмінаты двухвалентных металаў і рэдказямельных элементаў хімічна і тэрмічна трывалыя. У прыродзе алюмінаты — мінералы: высакародная шпінель Mg[Al2O4], ганіт (цынкавая шпінель) Zn[Al2O4], хрызаберыл Be[Al2O4]. Атрымліваюць алюмінаты сплаўленнем ці спяканнем Al2O3 з аксідамі металаў або награваннем сумесі тэрмічна няўстойлівых соляў. Выкарыстоўваюцца ў папяровай прам-сці, у вытв-сці спец. керамікі, аптычнага шкла, ядз. тэхніцы, пры афарбоўцы тканін, алюмінаты кальцыю — у вытв-сці партландцэментаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ПЕНКА (Алесь) (Аляксандр Кірылавіч; 14.7.1920, в. Сырская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.7.1970),

бел. паэт, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Айч. вайны. Быў цяжка паранены. Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. Друкаваўся з 1940. Услаўляў ваенны подзвіг чалавека, яго стваральную працу (зб-кі «Выпрабаванне», 1974; «Дзень маёй Радзімы», 1952; «Сэрца спявае», 1960). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы М.​Ісакоўскага, П.​Тычыны, Я.​Райніса. Вершы Астапенкі паклалі на музыку бел. кампазітары Г.​Вагнер, І.​Кузняцоў, Дз.​Лукас, С.​Палонскі, Р.​Пукст, Н.​Сакалоўскі.

Тв.:

Выпрабаванне. Мн., 1980.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ (Пётр Міхайлавіч) (30.6.1900, в. Альведзіна Пестрачынскага р-на, Татарстан — 26.1.1979),

адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941, Герой Сав. Саюза (1957). З 1918 у Чырв. Арміі. Скончыў камандныя курсы ў Махачкале (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, устанаўлення сав. улады ў Латвіі. У Вял. Айч. вайну камандзір 44-га палка 42-й стралк. дывізіі маёр Гаўрылаў амаль месяц узначальваў абарону Усх. форта Брэсцкай крэпасці; цяжка паранены трапіў у палон, вызвалены сав. войскамі ў 1945. Да 1946 у Чырв. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62. Ганаровы грамадзянін Брэста.

П.М.Гаўрылаў.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАТО́ВІЧ (Мустафа) (?—1794),

удзельнік паўстання 1794. Сын Дамініка з маёнтка Бергалішкі Ашмянскага пав. (цяпер тэр. Літвы). З літоўскіх татараў. У час Сямігадовай вайны 1756—63 удзельнічаў у баях супраць прускіх войскаў у Саксоніі, у 1768—72 на баку Барскай канфедэрацыі супраць рас. арміі. У складзе корпуса М.​Агінскага вылучыўся ў бітве каля Бездзежа (1771). З 1785 уваходзіў у Вайсковую камісію абодвух народаў. У 1792 удзельнічаў у баях каля Свержаня, Міра, Зэльвы, Ізабеліна, Мсцібава, Бярэсця з войскамі таргавіцкіх канфедэратаў. У час паўстання 1794 на чале палка Пярэдняй Стражы ВКЛ удзельнічаў у бітвах каля Карытніцы і Мацяёвіц; у апошняй цяжка паранены і памёр.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ (Вікенцій Паўлавіч) (20.1.1914, пас. Калодзішчы Мінскага р-на — 12.4.1996),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Мінскі пед. ін-т нац. меншасцей (1937), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію каманднага і штурманскага саставу ВПС (1944). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., 2-м Укр. франтах. Лётчык-знішчальнік, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Малдавіі, Украіны, г. Растоў-на-Доне, баёў за Берлін, вызвалення Прагі. Зрабіў 263 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 8 самалётаў праціўніка. 16.3.1942 цяжка паранены прывёў самалёт на свой аэрадром. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.П.Карповіч.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС ЭКАНАМІ́ЧНЫ,

парушэнні ў працэсе развіцця эканомікі, што выяўляюцца ў спадзе вытв-сці, адноснай перавытворчасці, скарачэнні капітальных укладанняў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фін. сферах, зніжэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Першы К.э. адбыўся ў 1825 у Вялікабрытаніі, калі значнае развіццё атрымала машынная вытв-сць. К.э. 1857 лічыцца першым сусв. крызісам, бо ахапіў большасць краін Еўропы і Амерыкі. З прыблізна 10-гадовай перыядычнасцю К.э. паўтараліся ў 2-й палове 19 і 1-й трэці 20 ст. Найб. глыбокімі ў сусв. гісторыі былі К.э. 1900—03 (асабліва цяжка праходзіў у Расіі) і 1929—33. К.э. носяць часовы характар і перыядычна паўтараюцца ў сучаснай рыначнай эканоміцы.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)