HOOCCH2CH(NH2)COOH, заменная амінакіслата. Мал. м. 133,1. Слаба раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце і эфіры. У арганізме знаходзіцца ў свабодным стане, уваходзіць у састаў бялкоў (акрамя пратамінаў). Удзельнічае ў рэакцыях цыкла мачавіны і пераамінавання, біясінтэзе пурынаў і пірамідзінаў, папярэднік у біясінтэзе незаменных амінакіслот — метыяніну, трэаніну і лізіну ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Дэкарбаксіліраваннем аспарагінавай кіслаты могуць утварацца α- і β-аланіны. У абмене рэчываў аспарагінавая кіслата папярэднік і першая ступень распаду аспарагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАПО́ВІЧ (Аркадзь Антонавіч) (30.9.1896, Мінск — 21.9.1941),
бел. графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў у Петраградзе (1914—16) у І.Білібіна, А.Зберлінга, П.Навумава. У 1921—22 наведваў рысавальныя класы ў Харкаве. З 1929 у Мінску. Працаваў як станкавіст у жанры лірычнага пейзажа ў тэхніках акварэлі і тушы: «Зімовы надвячорак» і «Дворык» (1921), «Сакавік» (1923). Аўтар цыкла лінарытаў: «Зіма», «Вясковая вуліца», «Млын», «Царква» (усе 1920-я г). Афармляў кнігі і часопісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),
1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.
2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф.цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр.серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.Шпора, Ф.Лахнера, І.Райнбергера, Ч.Станфарда і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
часовы манетны двор няпоўнага тэхналагічнага цыкла для «перепечатания» рас. медных 5 капеек з 16-рублёвай манетнай стапы (колькасць грашовых адзінак, выбітых з адзінкі масы металу) у 10 капеек 32-рублёвай манетнай стапы (падваенне наміналаў). Запланаваны ўказам царскага ўрада Рас. імперыі ад 8.5.1796 у Полацку для перабіцця 1 млн.руб. старымі манетамі. Паводле маніфеста ад 20.1.1797 вярталася 16-рублёвая стапа, выпуск 5 капеек спыняўся. П.м.д. дзейнічаць не пачаў. Перавезенае для яго з С.-Пецярбурга абсталяванне падлягала продажу ў 1811.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.Гегеля і інш.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНО́ ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.
Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдзцыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).
А.І.Болсун.
Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г.ням. культуролаг Л.Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.Шпенглера — развітыя культуры, А.Тойнбі — цывілізацыі, П.Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТО́НІКА (ад аліга... + грэч. tonos тон),
сістэма з малой колькасцю гукаў, дзе ўсе тоны функцыянальна раўнапраўныя. Для алігатонікі характэрныя сціслыя мелодыі-мадэлі (тэрцавыя, квартавыя), экспрэсіўная сіла якіх заснавана на прынцыпе раўназначнасці ўсіх выразных сродкаў (ладавых, рытмічных, інтанацыйных, тэмбравых). У муз. фальклоры беларусаў тыповая для стараж. песеннага пласта, асабліва для песень каляндарна-земляробчага цыкла.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. тр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
дагестанскі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім маш.-буд. ін-це (1928—31). Друкаваўся з 1931. Пісаў на рус. мове. Складальнік зб-каў «Дагестанскія паэты» (1932), «Дагестанская анталогія» (1934), кніг горскага фальклору «Песні горцаў» (1939), «Разьба па камені» (1940). Аўтар цыкла навел «Паэт» (1944) і «Запісныя кніжкі» (выд. 1956). У кн. «Франтавыя нарысы» (1944) героіка ўсенар. барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну.