РАМА́НАВЫ,

баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл. Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл. Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл. Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус. правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.

Літ.:

Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];

Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];

Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг. М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,

расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.​М.​Мураўёў, С.​П.​Трубяцкой, І.​Дз.​Якушкін, С.І., М.​І.​Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».

«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.​М.​Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.​А.​Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.

29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.

Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.​І.​Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва «Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.​Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.​І.​Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.

Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.

Літ.:

Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;

Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;

Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.

М.​А.​Тарасава.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,

перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал. ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-ва дзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс. чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаў зах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст. мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал. ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн. чал. Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.

Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн. чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн. чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс. чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр. рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.

Літ.:

Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;

Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;

Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.​К.​Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л. Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач. снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.​Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.

У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.​Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.​Хлапоўскага (820 чал.). У пач. чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.​Гелгуда (гл. ў арт. Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.​Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.

Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл. Полацкі царкоўны сабор 1839).

Літ.:

Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг. Т. 2. СПб., 1863;

Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;

Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;

A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;

Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.

т. 12, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,

складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс. км². Нас. 1056 тыс. чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г. Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.

Прырода. Размешчана Бурація на Пд Усх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр. ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.

Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст. н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст. Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт. вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур. аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.

У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.

Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.

Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.​Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.​Дандубон (Ц.​Дон), Н.​Балдано, Ч.​Цыдэндамбаеў, А.​Шадаеў, Ж.​Тумунаў, М.​Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.​Абідуеў, А.​Бадаеў, Ц.-Б.​Бадмаеў, Д.​Батажабай, Ц.​Галсанаў, Ц.​Дамдзінжапаў, Д.​Дашынімаеў, Д.​Жалсараеў, А.​Жамбалдаржыеў, Ц.​Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял. Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.​Калашнікаў, Б.​Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.​Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.​Ангабаеў, Ч.-Р.​Намжылаў, А.​Сактоеў, Г.​Тудзенаў, Д.​Улзытуеў, М.​Хамаганаў і інш.).

На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв. пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.

У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац. муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.​Аюшэеў, Ж.​Батуеў, Г.​Дадуеў, С.​Манжыгееў, Г.-Д.​Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.

Вытокі бур. тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-р рус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.​Цыдынжапава, Х.​Намсараева, А.​Шадаева, Н.​Балдано, Д.​Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.​Вампілаў, Н.​Гендунова, Ч.​Генінаў, У.​Халматаў, Н.​Балдано, Д.​Дандукаў.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка).

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНАЕ ПЫТА́ННЕ,

комплекс сац.-эканам. праблем агр. сектара, абумоўленых формай уласнасці на зямлю і характарам агр. палітыкі дзяржавы. Ахоплівае землеўладанне і землекарыстанне, аграрныя адносіны, аграрныя рэформы, аграрныя крызісы, вырашэнне сац. запатрабаванняў сялянства. Аграрнае права — адно з карэнных у развіцці грамадства, таму што зямля — асн. сродак вытв-сці, с.-г. дзейнасцю займаецца большая частка насельніцтва зямнога шара, ад эфектыўнасці агр. сектара залежыць стан харч. праблемы і сыравіннай базы прамысловасці.

Аграрнае права ўзнікла ў выніку грамадскага падзелу працы, развіцця тавараабмену і паглыблення сац. няроўнасці, якая прывяла да узурпацыі зямельнай уласнасці. У эпоху феадалізму зямля канцэнтравалася пераважна ва ўладаннях феадалаў (князёў, баяр, шляхты, баронаў, памешчыкаў і інш.), якія ў розных формах спаганялі з прыгонных сялян зямельную рэнту. Капіталіст. ўклад у сельскай гаспадарцы фарміраваўся двума шляхамі: т.зв. «прускім» (праз эвалюцыю феад.-памешчыцкіх гаспадарак) і «амерыканскім» (развіццё фермерства). Першы шлях найб. характэрны для Германіі, другі — для ЗША; у Рас. імперыі спалучаліся абодва тыпы. У Англіі зямлю ў сялян адбіралі і перадавалі лендлордам. Ва ўсіх выпадках нараджэнне сельскай буржуазіі было вынікам канцэнтрацыі ў яе ўласнасці большай часткі зямельных угоддзяў пры абеззямельванні сялян. Хоць феад. перажыткі ў некаторых краінах доўга захоўваліся, развіццё капіталізму спрыяла пераадоленню застою ў сельскай гаспадарцы, укараненню новай тэхнікі, павышэнню прадукцыйнасці працы ў с.-г. вытв-сці. Асабліва хутка гэты працэс адбываўся ў развітых краінах, дзе пасля 2-й сусв. вайны пачалі ажыццяўляць дзярж. рэгуляванне агр. сектара, накіраванае на ўзмацненне буйных гаспадарак за кошт дробных, каб найб. эфектыўна выкарыстаць дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Такая палітыка з сярэдзіны 1950-х г. пашырылася ў краінах Зах. Еўропы і атрымала назву «зялёных планаў». Так, у ФРГ за 1949—70 ліквідавана 756 тыс. (амаль 49%) гаспадарак памерам да 10 га, у ЗША за 1940—64 колькасць фермерскіх гаспадарак зменшылася на 2,9 млн. (амаль удвая). Вытворчасцю с.-г. прадукцыі пачалі займацца і буйныя прамысл. карпарацыі. З ростам тэхн. аснашчанасці агр. сектара змяншаецца колькасць сельскага насельніцтва. У развітых краінах Зах. Еўропы яго ўдзельная вага знізілася з 36% у 1937 да 23% у 1965. У 1965—68 у агр. сектары было занята ў ЗША 9%, Канадзе 11, Францыі 16% насельніцтва. Асабліва зменшылася колькасць сямейных і наёмных рабочых. Але пры гэтым істотна вырасла эфектыўнасць с.-г. вытв-сці. Пасля 2-й сусв. вайны прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы ЗША (у рэчыўным выражэнні) расце ўдвая хутчэй, чым у інш. сектарах эканомікі. Калі ў 1950 адзін работнік, занята ў с.-г. вытв-сці, мог забяспечыць харчаваннем 15 чал., то ў 1968 — 43, у 1987 — 96 чалавек. У выніку моцнай дзярж. падтрымкі агр. сектара развітыя краіны маюць дастаткова харч. прадуктаў і на свае патрэбы і на экспарт; у агр. сектары створана сучасная інфраструктура, забяспечаны высокі ўзровень жыцця. Але і ў гэтых краінах існуюць свае праблемы ў аграрным праве.

На Беларусі з адменай прыгону (1861) для развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы былі больш спрыяльныя ўмовы, чым у інш. рэгіёнах Расіі. У выніку паўстання 1863—64 царскі ўрад вымушаны быў ажыццявіць тут шэраг мерапрыемстваў, якія аблягчалі вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Шырокая сетка чыгунак садзейнічала больш шырокаму збыту с.-г. прадукцыі на ўнутр. і замежных рынках. Але і тут да Кастр. рэвалюцыі 1917 захавалася шмат буйных латыфундый (больш за 10 тыс. дзес. кожная): у 1877 іх было 116, у 1905 — 119. З агульнай зямельнай пл. 16 595 тыс. дзес. у 1877 на прыватнаўласніцкія гаспадаркі прыпадала 55,4%, у 1905 — 57%; на надзельныя адпаведна 33,4% і 33,2%. У 1877, паводле звестак надзельнага землекарыстання, 61,9% сял. двароў мелі да 15 дзес., 27,6% — па 15—16 дзес. і 10,5% — больш за 20 дзес. кожны. У 1917 на кожную з 576,2 тыс. сял. гаспадарак прыпадала ў сярэднім па 8,9 дзес. зямлі. Развіццё капіталізму ў вёсцы абумоўлівала рост тэхн. аснашчанасці, таварнасць с.-г. вытв-сці; с.-г. прадукцыя Беларусі актыўна пранікала на рас. і сусв. рынкі. Але развіццё капіталіст. адносін стрымлівалася феад. перажыткамі. Прыкладна ​2/3 даходу сяляне аддавалі на грашовыя падаткі і натуральныя павіннасці. Таму яны выступалі за «амерыканскі» шлях развіцця капіталізму, у той час як памешчыкі і царскія ўлады імкнуліся накіраваць гэты працэс па «прускім» шляху.

Да аграрнага права і шляхоў яго вырашэння па-рознаму ставіліся паліт. партыі і арг-цыі. Правыя бурж. партыі (акцябрысты, мірнаабнаўленцы і інш.) падтрымлівалі Сталыпінскую аграрную рэформу, дапускалі адчужэнне зямлі ў памешчыкаў толькі ў выключных выпадках за выкуп. Кадэты, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі і блізкія да іх арг-цыі стаялі за дадатковае надзяленне сялян зямлёй за кошт прымусовага адчужэння часткі памешчыцкіх зямель за выкуп. Эсэры, трудавікі, Бел. сацыяліст. грамада, Польская сацыяліст. партыя прадугледжвалі канфіскацыю памешчыцкай зямлі без выкупу і размеркаванне яе паміж сялянамі. Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала рэв. вырашэнне аграрнага права праз нацыяналізацыю зямлі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана. З канфіскацыяй і размеркаваннем памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель сял. землекарыстанне ў БССР да 1923 павялічылася на 1042 тыс. дзес., а сярэдні зямельны памер сял. гаспадарак, якія атрымалі зямлю, вырас на 3—4 дзес. У выніку каля чвэрці бядняцкіх гаспадарак па плошчы землекарыстання перайшлі ў групу серадняцкіх. У час новай эканамічнай палітыкі ў 1920-я г. праводзіліся аб’яднанне дробных зямельных участкаў, выхад на хутары, пасёлкі і водрубы, дадатковае надзяленне малазямельных з дзярж. фонду і за кошт «лішкаў» зямлі, адрэзаных у кулакоў. На хутарах і адрубах у 1928 гаспадарыла 24% сялян. Мерапрыемствы па землеўпарадкаванні і хутарызацыі спрыялі павышэнню культуры земляробства, прадукцыйнасці працы. Да 1925 сельская гаспадарка БССР дасягнула даваен. ўзроўню. У 1927 у агульнай колькасці сял. гаспадарак больш за 50% было серадняцкіх, 47 бядняцкіх і 2,5% кулацкіх. У 2-й пал. 1920-х г. на прынцыпах добраахвотнасці і асабістай зацікаўленасці ў вёсцы паскорана развівалася кааперацыя, якая ў 1929 ахоплівала 69% сялян. Так праз апору на сял. дробнатаварную вытв-сць сав. ўлада зрабіла важныя захады ў вырашэнні аграрнага права. Але яно зноў абвастрылася ў сувязі з калектывізацыяй, якая ажыццяўлялася пераважна прымусова. Кулакі і частка заможных сераднякоў (самыя вопытныя гаспадары) былі раскулачаны і сасланы. Зямлю ў сялян адабралі, аддалі калгасам і саўгасам, а сельскім жыхарам пакінулі невял. зямельныя надзелы для асабістай дапаможнай гаспадаркі. Дзяржава дапамагала калектыўным гаспадаркам тэхнікай, насеннем, спецыялістамі, але адначасова ажыццяўляла жорсткае адміністраванне, пазбаўляючы сялян самастойнасці ў вядзенні гаспадаркі, груба парушаючы прынцыпы матэрыяльнай зацікаўленасці. Таму разлік на істотнае павышэнне прадукцыйнасці працы ў калектыўных гаспадарках не апраўдаўся: у 1932—39 ураджайнасць збожжавых складала 5,2—6,7 ц/га (пры 7 ц/га у 1913), а бульбы 61—87 ц/га. Зменшылася пагалоўе і прадукцыйнасць жывёлы.

У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, напачатку панавала буйнапамешчыцкае землеўладанне пры малазямеллі і збядненні большай часткі сялян, захаванні феад. перажыткаў. Агр. рэформа 1920 мела бурж. характар, не вырашыла аграрнага права на карысць сялян. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) малазямельныя сяляне і парабкі без выкупу атрымалі 430 982 га з б. памешчыцкіх і часткова з казённых зямель і становішча іх палепшылася. Але і пасля гэтага большасць сял. гаспадарак заставаліся маламоцнымі (зямельны надзел больш як 340 тыс. гаспадарак не перавышаў 5 га). Калектывізацыя тут праводзілася больш павольна: да 1941 было арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядналі 6,7% сял. гаспадарак і 7,8% зямлі.

У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. акупанты ператваралі калгасы і саўгасы ў т.зв. абшчынныя гаспадаркі або на іх аснове стваралі свае дзярж. гаспадаркі з прымусовай прыгонніцкай працай. Пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў калгасы і саўгасы былі адноўлены, у зах. абласцях БССР пачалася прымусовая калектывізацыя. У 2-й пал. 1950-х г. сельская гаспадарка Беларусі дасягнула даваен. ўзроўню, а істотны рост с.-г. вытв-сці, паляпшэнне становішча сялян пачаліся ў 1960—70-я г. У 1987 атрыманы найбольшы за ўсю гісторыю Беларусі валавы збор збожжа (7,8 млн. т). У вёсцы ў вял. аб’ёмах вялося жыллёвае і культ.-быт. буд-ва. Калгаснікі атрымлівалі гарантаваную грашовую плату. Істотна павысіўся ўзровень механізацыі с.-г. вытв-сці, на жывёлагадоўчых комплексах вытв-сць прадукцыі пастаўлена на прамысл. аснову. Паглыблялася спецыялізацыя с.-г. вытв-сці і аграпрамысл. інтэграцыя.

Аднак эфектыўнасць агр. сектара Беларусі, як і ў цэлым СССР, істотна адставала ад развітых краін, а сац. развіццё вёскі — ад горада. Адна з гал. прычын у тым, што ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы селянін не мог распараджацца ні сродкамі вытв-сці, ні вынікамі сваёй працы. Дзяржава не толькі не аказала агр. сектару дастатковай фін. падтрымкі, а, наадварот, за яго кошт вырашала многія сац.-эканам. праблемы грамадства. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд у сельскай гаспадарцы Беларусі паглыбіліся крызісныя з’явы. Для выйсця з крызісу ажыццяўляецца новая агр. рэформа, сутнасць якой у ліквідацыі манапольнага права калгасаў і саўгасаў на карыстанне зямлёй, у развіцці ў агр. сектары розных формаў гаспадарання пры поўнай іх самастойнасці як суб’ектаў рыначнай эканомікі.

Літ.:

Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Афанасенка И.Д., Давыденко Л.Н. Новый способ производства продовольствия. М., 1992;

Ленін У.І. Зямельнае пытанне ў Расіі // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);

Кэмпбел Р. Макконнелл, Стэнли Л. Брю Экономикс: принципы, проблемы и политика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1992.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс. км². Нас. 319 тыс. чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г. Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.

Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На З ўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.

Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст. н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст. тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч. феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.​Ц.​Разіна і Е.​І.​Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ. Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.

4.11.1920 утворана Калм. аўт. вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн. кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс. т (1996). Вытв-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар. маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс. т, настрыг воўны 5,7 тыс. т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн. га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс. т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс. км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд. руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд. руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.

Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст. калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм. л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.​Канукава, Н.​Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.​Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.​Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.​Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.​Каляеў (вершы, паэмы), Х.​Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.​Сусееў, Л.​Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.​Джымбінаў, драматург Б.​Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял. Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.​Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.​Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.​Дарджыева, Інджыева, А.​Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.​Звонак, Р.​Барадулін, А.​Грачанікаў, М.​Чарняўскі, Ю.​Свірка, Броўка, М.​Танк, Пысін, С.​Грахоўскі, М.​Аўрамчык, К.​Камейша, Г.​Бураўкін, І.​Калеснік).

Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.​Калмык і жывапісец А.​Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.​Пюрвеевы, В.​Цялегін, В.​Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.​Альдаеў, Г.​Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.​Сычоў, графік Б.​Данільчанка, скульптар М.​Санджыеў і інш).

Музыка. Да пач. 1920-х г. нар. муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац. муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.​Гайгерава, А.​Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.​Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.

Літ.:

Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;

История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;

Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,

горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс. ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.

Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс. чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл. «Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс. чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.

С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.​М.​Фантана і Г.​Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.​Матарнові, Н.​Гербель, Г.​К’яверы, М.​Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.​Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.​Трэзіні, Т.​Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.​А.​Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.​Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.​Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.​Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.​Росі, майстар Г.​Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.​Фельтэн, П.​Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.​М.​Вален-Дэламот і А.​Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.​Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.​Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.​Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.​Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр. ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ, М.​А.​Кало, Ф.​Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.​Бажэнаў, В.​Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.​Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.​Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.​Клот, С.​Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.​Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.​Малышаў, А.​Парланд; мазаікі В.​Васняцова; маст. М.​Несцераў, А.​Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.​Кавас; перабудова 1863, арх. В.​Шротэр). У 19 ст, пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.​Бенуа, А.​Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.​Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.​Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.​Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.​Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх, П.​Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.​Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.​Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.​Бенуа, У.​Шчуко, С.​Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх, абодвух І.​Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял. Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.​Нікольскі, Н.​Сцяпанаў, Н.​Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.​Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.​Прыбульскі, С.​Аднавалаў, М.​Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.​Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.​Марозаў, інж. А.​Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.​Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.​Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.​Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.​Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял. Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.​Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас. АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас. пед. імя А.​Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Я.​Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В I Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас. АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.

18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.​Шастаковіча.

Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.​І.​Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.​К.​Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.​Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.​І.​Абрамовіч, мастак І.​І.​Аляшкевіч, літаратар Я.​Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.​Каліноўскі і К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.​Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.​І.​Вількіцкі, гісторык Я.​Я.​Замыслоўскі, мастакі С.​К.​Заранка, К.​Хруцкі, музыканты Т.​Юзафовіч-Бароўская, МЛ.​Зарэмба, ФА.​Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.​Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.​Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.​Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.​М.​Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.​Гартны (З.​Жылуновіч), А.​Гурло, Я.​Купала, Цётка (А.​Пашкевіч), вучоныя Я.​Ф.​Карскі, П.​В.​Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.​Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.​Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.​С.​Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.​Р.​Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.​І.​Салярцінскі, пісьменнік Л.​І.​Ракоўскі, вучоныя Б.​Р.​Галёркін, С.​Я.​Лур’е, У.​Ф.​Міткевіч, П.​Ф.​Папковіч, Л.​У.​Шчэрба, служылі контр-адміралы В.​П.​Дрозд, М.​Б.​Паўловіч, ген.-лейт. Ф.​Н.​Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс. чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны (старшыня А.​Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.​П.​Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.​Казак, В.​Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас. культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.​В.​Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.​Я.​Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.​І.​Алфёрава.

Літ.:

Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;

Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;

Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;

Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;

Захаров О.Н. Архитектурные панорамы невских берегов. Л., 1984;

Бунин М.С. Мосты Ленинграда. Л., 1986;

Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;

Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;

Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

Л.​У.​Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).

Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.
Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.
Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.
Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.
Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫМ Старажытны

(лац. Roma),

найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.​Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.

Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым. дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл. Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).

Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.

У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч. поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.

У 1 ст. да н.э. рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл. Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст. н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст. л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл. Рымскія правінцыі).

У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст. Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г. Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах. ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст. вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш. герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.

У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах. Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх. Рым. імперыі гл. ў арт. Візантыя.

Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн. рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст. н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст. н.э. асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.

У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.

Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.

Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст. н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.

Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л. стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст. н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.

Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст. н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым. навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр. еўрап. краін, у т. л. тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш. Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.

Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым. гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.

Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст. н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч. гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.

Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.

З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст. н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст. н.э. — пач. 2 ст. н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст. н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч. л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст. л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.

На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч. л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.​Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, М.​Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.​Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.​Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.​Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.​Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.​Жлутка (оды Гарацыя), У.​Караткевіч (вершы Катула) і інш.

Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар. імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст. н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.

Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым. тэатр. мастацтва да заняпаду.

Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт. муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст. н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым. маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст. н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л. стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст. н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

История Древнего Рима. СПб., 1999;

Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;

Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ. М., 2000;

Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;

Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;

Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;

Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;

Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;

Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;

Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;

Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;

Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;

Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;

Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;

Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;

М., 1997;

Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;

Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;

Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;

Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;

Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;

Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;

Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;

Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;

Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;

Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;

Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;

Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;

Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;

Из книги о римских историках: Пер. с лат. М., 1992;

Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;

Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат. М., 1981;

Тацит К. Соч.: Пер. с лат. Т. 1—2. М.; Л., 1969;

Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;

Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;

Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;

Античные писатели. СПб., 1999;

Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;

Античная музыкальная эстетика. М., 1960;

Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;

Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;

Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;

Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;

Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;

Grant M. History of Rome. London, 1978;

Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.

В.​І.​Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.​С.​Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.​Дз.​Малюковіч (літаратура), К.​А.​Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Да арт. Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.
Да арт. Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.
Да арт. Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.
Да арт. Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».
Да арт. Рым Старажытны. Арка Канстанціна.
Да арт. Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.

т. 13, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)