КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс. км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс. выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ра лют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт. Сахалінская вобласць.

Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.М.Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.Ф.Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б. ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.

Літ.:

Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;

Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка); М.Г.Нікіцін (гісторыя).

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),

частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс. км. Пл. 91,6 млн. км², аб’ём вады 329,7 млн. м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).

Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).

Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс. км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).

Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд. ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр. ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс. км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.

Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58° паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.

Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50° паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60° паўн. ш. І -1 °C на 60° паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30° паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35° паўд. ш.

Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м. вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна ​2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60° паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс. км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).

Літ.:

Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;

Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.

А.М.Вітчанка.

Рэльеф дна Атлантычнага акіяна.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́ЛА (Angola),

Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 1246,7 тыс. км². Нас. 11,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г. Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.

Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб. выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ра найб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.

Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.

Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас. р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач. еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш. Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.

З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.

У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац. ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.

У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд. дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн. т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн. кВт·гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс. т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс. км) і аўтамаб. (каля 80 тыс. км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс. т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.

Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г. асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.

Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;

Хазанов >А.М., Притворов А.В. Ангола. М., 1979.

У.С.Кошалеў (гісторыя), М.С.Вайтовіч (гаспадарка).

Герб і сцяг Анголы.
Ангола. Эразійны каньён каля г. Луанда.
Сталіца Анголы г. Луанда.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)