ЗАСЛУ́ЖАНЫ ЭКАНАМІ́СТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафесійным эканамістам і фін. работнікам прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, органаў дзярж. улады і кіравання, якія працуюць па спецыяльнасці 15 і больш гадоў, за заслугі ў галіне эканомікі, дзярж. і фін. дзейнасці, у развіцці эканам. навукі, падрыхтоўцы кадраў. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 6.11.1970 існавала званне засл. эканаміст БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя эканамісты Рэспублікі Беларусь

1971. Ф.​З.​Аблавацкі, М.​І.​Аксючыц, А.​Ф.​Аляксееў, А.​А.​Ганчарэнка, А.​А.​Глазянкоў, В.​С.​Гук, В.​П.​Дымовіч, К.​І.​Жмачынскі, Т.​А.​Зіміна, Л.​М.​Карзо, З.​З.​Клугман, Я.​В.​Кухаваранка, В.​В.​Лапаціна, К.​В.​Локцева, М.​А.​Лугаўцоў, А.​Дз.​Лялін, Д.​А.​Лятвішка, А.​І.​Малахава, К.​І.​Маркоўская, В.​П.​Марчук, І.​П.​Маскалёў, В.​Дз.​Мінееў, Р.​Л.​Нескаромная, В.​І.​Новікаў, П.​В.​Памялова, Б.​Е.​Панурын, Т.​М.​Пятроў, В.​Ф.​Рамашкін, Н.​А.​Рашчакатаева, В.​В.​Саўчанкава, У.​М.​Скуратовіч, Н.​С.​Тандава, Н.​В.​Удавічэнка, А.​І.​Цітова, П.​В.​Цярэшка, А.​М.​Чубрык, В.​І.​Шувалава, П.​М.​Шэлег, М.​П.​Яцкоўскі.

1972. С.​Р.​Аўсянікаў, В.​С.​Маўрышчаў.

1973. Б.​І.​Баброў, К.​І.​Берднікава, Г.​У.​Брыкач, М.​А.​Гарбуз, У.​І.​Жыватчэня, Г.​І.​Зундаль, М.​Р.​Канавалаў, Т.​П.​Красоўская, У.​Ф.​Лузгін, М.​І.​Мікулініч, А.​Ф.​Міхалкевіч, В.​М.​Мягкая, Б.​М.​Розенблюм, В.​М.​Цалко, А.​І.​Цімошчанка, І.​І.​Ядзела, К.​Ф.​Якаўцава.

1974. Н.​П.​Антонава, А.​П.​Гуносава, М.​Я.​Каган, Г.​А.​Прахарэнкава, Х.​С.​Хрышчановіч, А.​А.​Чыжоў, П.​А.​Юніцкі.

1975. Г.​С.​Біскупскі, Ф.​М.​Бялкоў, Л.​А.​Горкая, С.​А.​Ліцвін, М.​В.​Паўлава, Л.​М.​Паўлючэнка, І.​П.​Плятнёва, Ю.​С.​Рэут, В.​А.​Сямыніна, К.​М.​Трыгубаў, А.​І.​Федаровіч.

1976. М.​Н.​Альтшулер, В.​А.​Астапенка, І.​С.​Баркун, В.​А.​Канаш, А.​М.​Копач, Я.​М.​Махлін, П.​Ф.​Патапенка, М.​П.​Супінская, К.​Х.​Уладзімірская, Ц.​Г.​Хрыпач.

1977. Л.​М.​Красільнікаў, В.​С.​Ляўчук, П.​І.​Шварцбург.

1978. Л.​М.​Гірэйка, А.​Р.​Данілаў, Л.​І.​Каганская, М.​Р.​Казачонак, І.​П.​Калеснікава, П.​Л.​Коханаў, Н.​Ф.​Маркоўская, М.​В.​Мораў, А.​М.​Пшонка, І.​М.​Сімуткін, У.​І.​Страчук.

1979. М.​В.​Адамовіч, Ф.​М.​Іваноў, Р.​І.​Малчанаў, А.​Л.​Петухоў, Ф.​І.​Самоўк, Б.​І.​Шаціла.

1980. І.​І.​Бабіч, П.​Дз.​Гаман, Н.​П.​Ганчарова, Ю.​І.​Гірба, І.​С.​Гушчык, І.​Ф.​Ермакоў, Н.​С.​Максімаў, У.​М.​Мураўскі, М.​С.​Сачко, В.​А.​Язерская.

1981. А.​А.​Асокіна, Г.​С.​Барадулькіна, М.​Дз.​Гарбачоў, А.​С.​Дзякаў, Т.​Ф.​Кісель, М.​М.​Лапіцкая, Г.​П.​Лямцюгіна, Я.​Р.​Мерзаў, В.​А.​Нядзелька, Б.​П.​Палыгала, Т.​А.​Паўлоўская, Э.​Л.​Пацэвіч, А.​Е.​Стукач, З.​І.​Тарасенка, В.​А.​Трапашка.

1982. Н.​П.​Бусько, Н.​М.​Бяляева, М.​Л.​Лебедзеў, Л.​Ф.​Лутохіна, В.​А.​Міхайлава, С.​Г.​Таўпялёў.

1983. У.​Ф.​Барташ, В.​І.​Выбарнаў.

1984. Г.​П.​Астроўскі.

1985. Ф.​А.​Дронаў, С.​П.​Падабед, А.​А.​Папасёмаў.

1986. В.​М.​Ажэгаў, Б.​А.​Дуко.

1988. В.​Дз.​Жарыкаў, Л.​П.​Кулакоў.

1989. Г.​І.​Жмакіна, В.​П.​Яцкевіч.

1990. Л.​Л.​Ермаловіч, М.​З.​Фрэйдзін.

1991. М.​І.​Ціхонка.

1994. Р.​М.​Вячорка, Л.​Р.​Кандратаў, М.​С.​Куняўскі.

1995. М.​В.​Айдарава, У.​П.​Кулакоў.

1996. А.​А.​Коўшар, Л.​П.​Падгурскі.

1997. Г.​С.​Алейнікаў, М.​У.​Амельяновіч, Н.​П.​Гайдучэнка, А.​П.​Дудкін, М.​Р.​Румас, М.​С.​Слесараў, В.​Г.​Шабека.

т. 6, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЧЫ,

горад на Пд Пакістана, на ўзбярэжжы Аравійскага м. Адм. ц. прав. Сінд. 9,7 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Гал. эканам. (выпускаецца каля 50% прамысл. прадукцыі краіны), фін. (месцазнаходжанне гал. айчынных і замежных банкаў), гандл. і трансп. цэнтр; марскі порт, праз які праходзіць больш за 70% знешнегандл. абароту Пакістана, база марскога рыбалоўства. Міжнар. аэрапорт. У раёне К. першая ў краіне экспартна-вытв. зона свабоднага гандлю. АЭС. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (суднабудаванне, эл.-тэхн., зборка матацыклаў і матаролераў), металаапр., хім., нафтахім., дрэваапр., папяровая, гумава-тэхн., цэм., шкляная, швейная, гарбарна-абутковая, харчасмакавая, у т. л. рыбаперапрацоўчая, тытунёвая. Акадэмія Кваід-і-Азам. 3 ун-ты. Нац. музей.

Засн. ў пач. 18 ст. інд. купцамі на месцы рыбацкага пасёлка. У 1843 захоплены англічанамі, стаў адм. ц. прав. Сінд, ваенна-марской базай Вялікабрытаніі. У 1947—59 сталіца Пакістана.

Стары горад з вузкімі вуліцамі, 1—2-павярховымі дамамі, кірмашамі, майстэрнямі рамеснікаў. Дзелавы цэнтр К. — гал. вуліцы Бандэр-род і Маклеад-род з пабудовамі пераважна 19—20 ст.: палац Фрырхол (1865, цяпер Нац. музей; неаготыка), будынак Вярх. суда (пач. 20 ст.; неакласіка), ун-т (засн. ў 1951, франц. арх. М.​Экашар і інш.), маст. цэнтр (1960), дзяржбанк (праект 1954, італьян. арх. Дж.​Л.​Рычы, А.​Каюм; пабудаваны ў 1961), атэль «Інтэркантыненталь» (1962, арх. У.​Таблер, З.​Патхан), маўзалей М.А.Джыны. За р. Лаяры прамысл. раён Сінд (забудоўваецца з 1947), гар. парк.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІЧЫ́,

аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс. н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс. н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (ПнПд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн. гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс. н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.

Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр. паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.​А.​Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.​М.​Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.

Літ.:

Этногенез белорусов: Тез. докл. Мн., 1973;

Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.​У.​Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.​П.​Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.

т. 8, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТВЕ́РПЕН, Анвер (флам. Antwerpen, франц. Anvers),

горад у Бельгіі. Адм. ц. аднайменнай правінцыі. Другі па велічыні пасля Бруселя горад краіны; 467,8 тыс. ж. (з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж., 1992). Размяшчаецца за 88 км ад Паўночнага м. на р. Шэльда, даступнай для марскіх суднаў, і Альберта-канале. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада. Буйнейшы ў Еўропе гандл.-фінансавы цэнтр. Гал. кірункі эканомікі — знешнегандл. і фін. аперацыі, міжнар. транзітныя перавозкі. Антверпен — трэці пасля Ротэрдама і Марселя марскі порт Еўропы (грузаабарот за год больш за 90 млн. т). Вузел перасячэння чыгунак, аўтадарог, нафта- і прадуктаправодаў. Гал. прамысл. горад краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем партовай гаспадаркі і апрацоўкай прывазной сыравіны, асабліва нафты (магутнасць нафтаперапр. з-даў да 36 млн. т за год). Развіты машынабудаванне, трактара- і аўтазборка, радыёэлектроніка і інш., каляровая металургія, хім., тэкст., вытв-сць алмазнага інструменту. АЭС. Антверпен — найбуйнейшы ў свеце цэнтр агранкі алмазаў і гандлю брыльянтамі. Антверпенская алмазная біржа мае ў абароце каля 70% апрацаваных алмазаў свету.

Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. З 1291 горад. З 1315 у Ганзейскім саюзе гарадоў. З 16 ст. буйны гандл. і фін. цэнтр Зах. Еўропы. У 1579 далучыўся да Утрэхцкай уніі. У 1585 захоплены іспанцамі, у 1794 — французамі. Паступова страціў эканам. значэнне. З 1814 у складзе Нідэрландаў, з 1830 — гандл. порт Бельгіі.

Гіст. ядро Антверпена на правым беразе р. Шэльда: познагатычныя збудаванні з багатым дэкорам (сабор Онзе-ліве-Враўэкерк, 1352—1616; замак Стэн, перабудаваны ў 1520—21, шматлікія дамы і цэрквы ў стылях готыкі і барока). На пл. Гротэ-маркт помнікі фламандскага рэнесансу: ратуша (1561—65, арх. К.​Флорыс), дамы гільдый, Дом П.​П.​Рубенса (1611—18), каралеўскі палац (1743—45) — усе ў стылі барока. На месцы гар. сцен 16 ст. паўкальцо бульвараў, за іх мяжой — новыя жылыя раёны з эклектычнымі забудовамі ў стылях мадэрн і функцыяналізму.

Літ.:

Герман М. Антверпен. Гент. Брюгге: Города старой Фландрии. Л., 1974.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Антверпен. Від на сабор Онзе-ліве-Враўэкерк. 1352—1616.
Антверпен. «Вялікі рынак» з будынкамі гільдый (16 ст.).

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ СПАРТЫ́ЎНЫЯ АБ’ЯДНАННІ,

сусветныя і рэгіянальныя міжнар. арг-цыі ў галіне фіз. культуры і спорту. Іх членамі з’яўляюцца міжнар. і нац. спарт. арг-цыі, асобныя ўстановы і асобы. Адрозніваюць М.с.а.: універсальныя і спецыяльныя агульнага характару (напр., Міжнар. алімп. к, Міжнар. савет фіз. Выхавання і спорту і інш.); па відах спорту; па галінах ведаў і дзейнасці, якія маюць дачыненне да фіз. культуры і спорту (напр., міжнар. федэрацыі спарт. медыцыны, спарт. прэсы і інш.); аб’яднанні спартсменаў па прафесійнай прыналежнасці (напр., Міжнар. федэрацыя універсітэцкага спорту, Міжнар. спарт. саюз чыгуначнікаў і інш.), рэлігійнай — Міжнар. каталіцкі саюз фіз. выхавання і спорту і інш. Большасць М.с.а. кіруюць развіццём аматарскага спорту, некат. аб’ядноўваюць арг-цыі аматараў і прафесіяналаў (напр., міжнар. федэрацыі тэнісу, футбольных асацыяцый). Існуюць М.с.а. прафесійнага спорту (напр., Міжнар. федэрацыя барацьбы). Задачы М.с.а.: садзейнічанне спарт. арг-цыям асобных краін у стварэнні нац. федэрацый, іх прызнанне, устанаўленне і ўмацаванне сувязей з імі, практычная дапамога ў іх дзейнасці, кантроль за выкананнем гэтымі арг-цыямі прынятых статутаў; вывучэнне і распаўсюджанне міжнар. вопыту; утварэнне матэрыяльна-фін. базы развіцця фіз. культуры і спорту; удасканаленне, тлумачэнне афіц. міжнар. палажэнняў пэўнага віду спорту; планаванне і арг-цыя міжнар. спаборніцтваў (чэмпіянатаў свету, кантынентаў і інш.); рэгістрацыя і зацвярджэнне рэкордаў (свету, кантынентаў) і інш. Бюджэты М.с.а. складаюцца з членскіх узносаў нац. спарт. арг-цый, прыватных ахвяраванняў, субсідый урадаў і міжурадавых арг-цый, адлічэнняў ад даходаў пры правядзенні спаборніцтваў, ад выдавецкай дзейнасці, платы за права трансляцыі спаборніцтваў па тэлебачанні і інш.

Першыя М.с.а. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (міжнар. федэрацыі веславання, гімнастыкі, міжнар. саюзы канькабежцаў і веласіпедыстаў, Міжнар. алімп. к і інш.). Існуе больш за 200 М.с.а., у т. л. больш за 100 па асобных відах спорту. У 1960-я г. з мэтай кансалідацыі нац. спарт. арг-цый і М.с.а. створаны ў якасці кансультатыўных арг-цый Ген. асацыяцыя Міжнар. спарт. федэрацый. Ген. асамблея нац. алімп. к-таў і Пастаянная кансультатыўная канфедэрацыя нац. алімп. к-таў Еўропы.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КАС (Caracas),

горад, сталіца Венесуэлы. Знаходзіцца ў горнай даліне Карыбскіх Андаў, за 13—14 км ад узбярэжжа Карыбскага м. Адм. ц. Федэральнай (сталічнай) акругі. 3007 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Майкетыя. Марскі аванпорт К. на Карыбскім м. — Ла-Гуайра. Гал. эканам., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, хім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гумава-тэхн., цэлюлозна-папяровая, маш.-буд. (у т. л. зборка аўтамабіляў), шкляная, цэментная. Метрапалітэн. 4 ун-ты, у т. л. дзяржаўны (з 1725). Музеі, у т. л. прыгожых мастацтваў, музей С.​Балівара. Нац. тэатр.

Засн. ў 1567 іспанцамі на месцы спаленага пасялення індзейцаў племя каракас. У 16—17 ст. на горад напалі піраты. З 1577 рэзідэнцыя ісп. губернатара, з 1777 сталіца генерал-капітанства Венесуэла. З 1810 цэнтр барацьбы за незалежнасць Венесуэлы, з 1811 яе сталіца (акрамя 1812—24). Неаднаразова знішчаўся землетрасеннямі (1812, 1900, 1967). У 20 ст. пачалося хуткае эканам. развіццё горада.

Многія старыя пабудовы К. амаль цалкам зруйнаваны землетрасеннямі. На цэнтр. плошчы захаваўся сабор (пачаты, верагодна, у 1614, будаваўся пераважна ў 1664—74, арх. П. дэ Медына). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. створана Ла Пастора — квартал шматкватэрных дамоў і асабнякоў, грамадскіх будынкаў (Нац. каліголій, арх. Л.​Урданета, Р.​Гарсія; Нац т-р, 1905, арх. А.​Чатаінг). З 1936 вядзецца рэканструкцыя старых і ўзвядзенне новых парадных ансамбляў грамадскіх і дзелавых будынкаў грамадскі цэнтр «Сімон Балівар» (1938, арх. С.​Дамінгес), універсітэцкі гарадок (1944—57, арх. К.​Р.​Вільянуэва), плошчы ўздоўж гал. магістралі Авеніда Балівар (Эль-Сіленсіо), Пласа Венесуэла з вышынным домам Эдыфісіо полар (1952—54, арх. ХМ. Галія, М.​Вэгас Пачэка); азелянёныя раёны Сера-Грандэ, Эль-Параіса з сучаснымі будынкамі і віламі. На зах. ускраіне — рабочыя кварталы, хаціны беднаты.

Каракас. Будынак Нацыянальнага кангрэса.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РСІЯ (ад лац. conversio змяненне, ператварэнне),

1) у эканоміцы — істотнае пераўтварэнне, змена ўмоў, замена адных аб’ектаў вытв-сці іншымі ці адных каштоўных папер на інш. Адрозніваюць К. пазыкі — змену першапач. умоў пазыкі, замену раней выпушчаных аблігацый дзярж. пазыкі новымі з прычыны змянення ўмоў, пераважна для паніжэння ўзроўню пазыковага працэнта ці падаўжэння тэрміну дзеяння пазыкі; К. валют і каштоўных папер — абмен адной валюты на інш. ці адных відаў акцый на інш. і зваротны абмен абавязацельстваў на каштоўныя паперы, якія выкарыстоўваюцца брокерамі для атрымання даходу (К. зваротная); К. знешняга доўгу — скарачэнне агульнай велічыні знешняй запазычанасці дзяржавы праз змену ўмоў прадастаўлення крэдыту, форм і тэрмінаў яго вяртання, працэнтных ставак. Выкарыстоўваецца ў міждзярж. адносінах, у м. ў Саюзе Беларусі і Расіі з мэтай паглыблення эканам. і паліт. інтэграцыі.

2) У ваеннай справе і ваеннай вытворчасці — палітыка прынцыповай змены ваенізаванай структуры грамадства, правядзенне яго глыбокай дэмілітарызацыі; комплекс сац.-эканам. адносін і мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў ваен.-эканам. сферы грамадства для цывільных патрэб. Адрозніваюць тыпы ваен.-эканам. К. (ВЭК): К. пасляваенная (рэканверсія), звязаная з пераводам эканомікі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць цывільнай прадукцыі; К. «мірная» — дэмілітарызацыя эканомікі, якая не звязана непасрэдна са спыненнем вайны або ваен. дзеянняў. Асн. кірункі ВЭК: у ваен. вытв-сці — перавод прадпрыемстваў на выпуск цывільнай прадукцыі, выкарыстанне ваен. і навук.-тэхн. патэнцыялу ў мірных мэтах, дэмілітарызацыя знешнеэканам. дзейнасці і працаўладкаванне работнікаў прадпрыемстваў, якія канверсуюцца; ва ўзбр. сілах — выкарыстанне ўзбраенняў, ваен. тэхнікі і маёмасці, аб’ектаў ваен. інфраструктуры і інш. сродкаў для цывільных патрэб, сац.-эканам. адаптацыя звольненых ваеннаслужачых. Ваен.-прамысл. комплексу б. СССР на тэр. Беларусі належала больш за 100 прадпрыемстваў, навук. арг-цый і ўстаноў (у т. л. навук.-вытв. аб’яднанне «Інтэграл», Мінскі з-д колавых цягачоў, Гомельскі радыёзавод, шэраг авіярамонтных і танкарамонтных з-даў), якія разам з дзесяткамі ваен. гарнізонаў і ваен. гарадкоў, ваен. тэхнікай, узбраеннем, асабовым складам вайск. часцей падлягаюць К. Рэалізацыю канверсійных працэсаў на Беларусі ўскладняюць: змяншэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў за кошт скарачэння ваен. заказаў, высокі сабекошт цывільнай прадукцыі, якая замяняе ваенную; недахоп фін. сродкаў на К. ваен. вытв-сці, а таксама дэмантаж і утылізацыю сродкаў ваен. тэхнікі і ўзбраенняў; адмоўныя наступствы працэсу знішчэння ўзбраенняў для экалогіі; сац.-эканам. і псіхал. цяжкасці, якія адчуваюць ваеннаслужачыя пры перавучванні і засваенні мірных прафесій, і інш. У перападрыхтоўцы ваеннаслужачых на мірныя прафесіі і спецыяльнасці актыўны ўдзел прымае Бел. цэнтр перападрыхтоўкі ваеннаслужачых (пас. Калодзішчы), Міжнар. ін-т менеджменту і інш. навуч. ўстановы.

3) У мовазнаўстве, у сінтаксісе — прадстаўленне суб’ектна-аб’ектыўных адносін у сказе, адваротнае зыходнаму; выражаецца з дапамогай станавых форм (напр., «рабочыя будуюць дом — дом будуецца рабочымі»); у лексіцы — адносіны паміж дзвюма лексемамі (канверсівамі), якія называюць адно і тое ж дзеянне з розных бакоў ці абазначаюць процілегла накіраваныя дзеянні, прыкметы («сястра старэйшая за брата — брат маладзейшы за сястру»); у словаўтварэнні — марфолага-сінтакс. спосаб словаўтварэння, пераход слоў адной часціны мовы ў другую («кавалі́» — «кава́лі»).

М.​Р.​Лобач, Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​В.​Старыкаў, А.​Г.​Лукашанец.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ (Karl),

імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:

Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.

Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл. Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн.кастр. 1655 шведы занялі б.ч. Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.​Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч. швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.

Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр. Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).

Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр. сіл.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),

бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.​Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.​Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНІЯ́ЛІЗМ,

сістэма эканам., ваен., паліт., ідэалаг. і адм. сродкаў панавання адных краін над другімі з мэтай выкарыстання іх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў. К. як сталая з’ява ў сусв. эканам. і паліт. развіцці на працягу апошніх стагоддзяў істотна адрозніваецца ад пошуку і заснавання калоній, што мела месца ў стараж. часы ў сувязі з пазнаннем чалавекам навакольнага свету, развіццём мараплавання і заморскага гандлю. Патрэба ў выкарыстанні багаццяў інш. дзяржаў і народаў узнікла ў перыяд фарміравання і развіцця капіталіст. эканам. адносін. Таму набыццё калоній узводзілася на ўзровень дзярж. палітыкі, што найб. прыкметна ў Галандыі, Англіі, Францыі ў 18 ст., калі ўзнікла каланіяльная сістэма як арганічная частка сусв. капіталіст. эканомікі. На становішчы калоній апынуліся шматлікія краіны ў Азіі (Індыя, Бірма) і ў Афрыцы (Нігерыя). Эканамічна яны залежалі ад каланіяльных метраполій Да канца 19 ст. магчымасці тэр. каланіяльнай экспансіі былі вычарпаны, пачаўся перадзел калоній, што вяло да каланіяльных войнаў.

Абвастрэнне супярэчнасцей па.між інтарэсамі нац.-незалежнага развіцця калоній і дзяржаў-метраполій прывяло да развіцця ў калоніях нац.-вызв. рухаў. У 20 ст. пачаўся працэс паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. У 1947 у ліку першых незалежнасць атрымала Індыя. У 1950—60-я г., калі незалежнымі стала большасць б. калоній, каланіяльная сістэма ў яе традыц. разуменні практычна перастала існаваць. У працэсе дэкаланізацыі станоўчую ролю адыгралі ААН і яе спец. органы. Незалежнасць адкрыла б. калоніям больш шырокія магчымасці для эканам., паліт. і культ. развіцця. Аднак К. праяўляецца і сёння ў форме кантролю над прыроднымі рэсурсамі б. залежных краін, для чаго выкарыстоўваюцца нераўнапраўныя дагаворы, пагадненні аб «дапамозе», часам паліт. дыктат і ўзбр. ўмяшанне. Найб. важную ролю ў існаванні рэшткаў К. адыгрывае характар міжнар. эканам. адносін, калі рэсурсаздабыўныя краіны вымушаны падпарадкоўвацца інтарэсам буйных шматнац. прамысл. і фін. карпарацый (напр., праз вызначэнне рыначных цэн на сыравіну і гатовыя вырабы) і фактычна працягваюць лічыцца сыравіннай перыферыяй высокаразвітых краін.

В.​І.​Боўш.

Да арт. Каланіялізм. Насіллі іспанскіх заваёўнікаў над індзейцамі. Гравюра з кнігі «Часткі Амерыкі». 1590.

т. 7, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)