ПАЎЛО́ВІЧ (Эдвард Баніфацы Францавіч) (7.6.1825, Тургеляй Вільнюскага пав., Літва — 10.2.1909),

мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб. АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз. т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.​Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЖНЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),

бел. тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл. т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел. драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.​Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.​Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.​Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.​Дзюшэна (паст. ў Бел. дзярж. вандроўным т-ры У.​Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​В.​Мальцаў.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),

бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар. АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.​Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ. т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.​Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.​Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.​І.​Герцэнам.

Тв.:

(Из заметок Шевченко). // Т.​Г.​Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.

Літ.:

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)