НАРО́ДНАЯ ПЕ́СНЯ,
музычна-паэтычны твор; найб. пашыраны від вак. народнай музыкі; песенны фальклор. Адзін з найб. старажытных відаў музычна-слоўнай творчасці народаў свету. Адлюстроўвае нац. характар народа, звычаі, гіст. падзеі. Адрозніваецца своеасаблівасцю жанравага зместу, муз. мовы, структуры. Існуе пераважна ў вуснай форме, перадаецца дзякуючы выканальніцкім традыцыям і майстэрству таленавітых народных спевакоў. Бел. Н.п. вядомы з глыбокай старажытнасці, ахопліваюць некалькі гіст. пластоў. Склаліся на адзінай усх.-слав. глебе і маюць шмат агульнага з рус., укр., а таксама польск. і літоўскімі Н.п. Гл. таксама Этнамузыкалогія.
т. 11, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л. больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.
т. 3, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГА́ ((Būga) Казімерас) (6.11.1879, в. Пажыеге Зарасайскага р-на, Літва — 2.12.1924),
літоўскі мовазнавец. Праф. Пермскага (1918), Томскага (1919) і Ковенскага (1922) ун-таў. Даследаваў слав.-балтыйскія моўныя сувязі (у т. л. літоўска-беларускія) і балт. міфалогію; запісваў фальклор; вывучаў літ. геагр. назвы і ўласныя імёны, узаемаадносіны літоўцаў і беларусаў («Літоўска-беларускія ўзаемаадносіны і іх старажытнасць», 1925). Сабраў вял. картатэку (каля 500 тыс. картак), якая пакладзена ў аснову акад. слоўніка літоўскай мовы. Аўтар працы «Мова і старажытнасць» (1922).
Тв.:
Rinktiniai raštai. T. 1—3. Vilnius, 1958—62.
т. 3, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРНАНВІ́ЛЬ ((Bournonville) Аўгуст) (Агюст; 21.8.1805, Капенгаген — 30.11.1879),
дацкі артыст, балетмайстар, педагог. Скончыў школу Парыжскай оперы (1826). З 1830 саліст і балетмайстар Каралеўскага дацкага балета, выкладаў танцы пры двары. У 1848—77 (з перапынкамі) гал. балетмайстар Каралеўскай оперы ў Капенгагене. У пастаноўках спалучаў класічны і характарны танцы, шырока выкарыстоўваў фальклор. Паставіў больш за 50 балетаў, пераважна на музыку дацкіх кампазітараў, фарміраваў своеасаблівасць дацкага балета, распрацоўваў мімічную выразнасць, віртуознасць мужчынскага танца. Стварыў методыку выкладання танца, т.зв. «ўрок Бурнанвіля» (запісаны яго вучнямі і ўвайшоў у балетную пед. практыку).
т. 3, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗА ((Groza) Аляксандр Караль) (30.6.1807, в. Закрынічча Вінніцкай вобл., Украіна — 3.11.1875),
польскі паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Віленскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1838—42 рэдагаваў і выдаваў у Вільні альманах «Rusałka» («Русалка»). Прадстаўнік т.зв. «украінскай школы» ў польскай л-ры. Збіраў і апрацоўваў укр. і бел. фальклор. Выкарыстоўваючы сюжэты нар. паданняў, напісаў паэмы «Канеўскі стараста» (1836), «Сарока» (1838), «Пра памерлыя душы» (1848), «Марцін» (1849), «Смяцінскі» (1860), драму «Грыць» (1858). У альманаху «Rubon» («Рубон») апублікаваў тэксты бел. нар. песень, матэрыялы пра бел. вяселле, святкаванне Сёмухі і інш.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЖНІ́ЛКІ,
кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.
т. 6, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Мікалай Міхеевіч) (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіцця». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.І.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.
М.Б.Ласінскі.
т. 6, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЦЯЛЯ ((Setälä) Эміль Нестар) (27.2.1864, г. Кокемякі, Фінляндыя — 8.2.1935),
фінскі мовазнавец, дзярж. дзеяч; заснавальнік фіна-угорскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. У 1913—14 прэзідэнт Фінл. акадэміі навук і л-ры, у 1893—1929 праф. Хельсінкскага ун-та. У 1925 міністр асветы, адначасова ў 1925—26 міністр замежных спраў Фінляндыі. З 1926 канцлер ун-та ў г. Турку. У 1888—90 ажыццявіў паездкі да ліваў, вотаў, вепсаў, вывучаў іх мовы і этнаграфію. Упершыню выкарыстаў метад аналогіі ў фіна-угразнаўстве. Распрацаваў транскрыпцыю для фіна-угорскіх моў. Вывучаў фальклор, гісторыю, этнаграфію фіна-угорскіх народаў.
т. 14, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),
гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткі газ. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел. нар. муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел. муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.
Тв.:
Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомости. 1878. № 1—2;
Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;
1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;
О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г. М., 1880. Т. 3, ч. 1;
О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Прадвесне навукі. Мн., 1990.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБА́ШНІКАЎ (Канстанцін Паўлавіч) (н. 24.7.1927, г. Гомель),
бел. фалькларыст. Д-р філал. н. (1971), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1951). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе казкі, рэв. і рабочую паэзію, праблемы параўнальнага вывучэння бел. фальклору ў яго слав. узаемасувязях («Беларуская казка ў казачным эпасе славян», 1968; «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні», 1981; «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ва ўсходнеславянскай народнай паэзіі Вялікай Айчыннай вайны», 1982; «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе», абедзве 1988). Адзін з аўтараў кніг «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), «Сучасны стан беларускай паэтычнай творчасці» (1973), «Беларуская народнапаэтычная творчасць», «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (абедзве 1979), «Сустрэчы з казкай» (1984), «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (1993). Складальнік зб-каў «Казкі і легенды роднага краю» (1960), «Беларускія народныя песні. Са зборнікаў П.В.Шэйна» (1962), тамоў «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Казкі ў сучасных запісах» (1989) з серыі «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Чл. бюро Камісіі па слав. фальклоры пры Міжнар. к-це славістаў, бюро Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і пашырэнні слав. культур (МАІРСК), якая працуе пад патранажам ЮНЕСКА.
Тв.:
Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі. Мн., 1969;
Методыка збірання беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці. Мн., 1978.
І.У.Сааамевіч.
т. 7, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)