род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).
Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Бываюць аналагамі прыродных злучэнняў, лёгка ўключаюцца ў натуральны кругаварот і утылізуюцца ў экасістэмах або чужароднымі для прыроднага асяроддзя і з цяжкасцю разбураюцца пад уплывам біятычных фактараў. Да чужародных належаць многія т.зв. ўстойлівыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, якія нярэдка аказваюцца небяспечнымі для існавання жывых арганізмаў (напр., радыеактыўныя ізатопы з працяглым перыядам паўраспаду). Усяго вядома каля 100 тыс. відаў антрапагенных рэчываў, сярод іх шмат сінтэтычных, якія ніколі не існавалі ў прыродным асяроддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАМЯРО́ЎСКАГА У. ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае бел. выдавецтва ў Вільні ў 1920-я — сярэдзіне 1930-х г. Заснавальнік У.Б.Знамяроўскі. Выдавала арыгінальную і перакладную л-ру, падручнікі, слоўнікі (усяго каля 20 назваў). Сярод іх «Беларускі каляндар на 1920 г.», «Сцэнічныя творы» Л.Родзевіча, «Дзед Завала» Ядвігіна Ш. (2-е выд.), «Руска-беларускі слоўнік» М. і Г.Гарэцкіх (2-е выд.), «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ў.Ігнатоўскага (4-е выд.) і інш. За выпуск «Беларускага дэкламатара» (1928) Знамяроўскі быў прыцягнуты ўладамі Польшчы да суд. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎКА (Cauca),
рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс.км². Пачынаецца на ПдЦэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміж Цэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА», Кніга Эльблонгская,
умоўная назва зборніка польскага права, складзенага на тэр.Тэўтонскага ордэна ў канцы 13 — пач. 14 ст. на ням. мове. Рукапіс «П.п.», выяўлены ў 1868 у г. Эльбланг (Польшча), уключае запісы звычаяў і суд. рашэнняў (усяго 29 арт.). Некат. звычаі на момант складання зборніка выйшлі з ужытку. У «П.п.» адлюстраваны агр. адносіны, адрозненні ў прававым становішчы розных пластоў грамадства, дадзены тлумачэнні па пытаннях абавязацельнага, сямейнага, спадчыннага права і працэсу. Арыгінал рукапісу загінуў у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАТЭРАПІ́Я,
метад прамянёвай тэрапіі, заснаваны на выкарыстанні рэнтгенаўскага выпрамянення. Ажыццяўляецца з дапамогай спец.мед. рэнтгенатэрапеўт. апаратаў. Прыгнечвае жыццядзейнасць клетак паталагічна змененых тканак або цалкам іх разбурае. Пры непухлінных захворваннях Р. накіравана на спыненне запаленчай рэакцыі, зніжэнне болевай адчувальнасці і сакраторнай актыўнасці залоз. Адрозніваюць Р. глыбокую (уздзеянне на органы і тканкі, размешчаныя ў глыбіні цела), мясцовую (асобнага органа або абмежаванага ўчастка цела), агульную (усяго цела). Пашырана пры лячэнні захворванняў скуры, слізістых абалонак і інш. Часам спалучаецца з антыбактэрыяльнай тэрапіяй і інш. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІТО́З (ад а... + мітоз),
прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ,
помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932—35 (арх. С.Прэзьма) як жылы дом для вядучых спецыялістаў горада. Дамы такога тыпу ў СССР (усяго 66, з іх 3 у БССР) ствараліся па спец. праектах, якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, палепшанае абсталяванне быт. памяшканняў. У кампазіцыі будынка выкарыстаны прыём вылучэння вуглавой павярховай часткі, якой проціпастаўляецца прадаўгаваты 4-павярховы аб’ём. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, балконаў з глухімі агароджамі, лоджый, эркераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КАМБІНА́Т ШАЎКО́ВЫХ ТКАНІ́Н.
Створаны ў 1955 у Віцебску як шаўкаткацкая ф-ка. У 1965—72 уведзена аддзелачная вытв-сць. З 1968 шаўковы камбінат, з 1976 сучасная назва. У 1984—85 рэканструяваны, расшырана ткацкая вытв-сць. З 1994 — калектыўнае прадпрыемства. Цэхі: падрыхтоўчы, ткацкі, аддзелачны. Асн. прадукцыя (1996): шаўковыя тканіны (усяго 6 млн.м гатовых тканін), з прымессю штучных валокнаў, з сінт. нітак і валокнаў, з штучных і з сінт. нітак з інш. валокнамі, з штапельнага валакна; сукеначныя, парцьерныя, касцюмныя і блузачныя, падкладачныя, а таксама тэхнічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСТО́РИЯ ФА́БРИК И ЗАВО́ДОВ»
(«ИФЗ»),
назва спецыялізаванай серыі кніг па гісторыі рас. і сав. прадпрыемстваў і выдавецтва ў Маскве, якое яе выпускала ў 1931—38. Засн. пісьменнікам М.Горкім. У выданні серыі ўдзельнічалі Саюз пісьменнікаў СССР, Т-ва гісторыкаў-марксістаў, Ін-т гісторыі Камуніст. акадэміі і інш. На месцах дзейнічалі рэсп., абл. і заводскія камісіі «ИФЗ». Усяго за час існавання выд-ва выдадзена больш за 30 кніг серыі: зб-кі дакументаў, успаміны рабочых, нарысы і навук.-маст. манаграфіі. У 1938 выд-ва «ИФЗ» ліквідавана.