МУЧНІ́СТАЯ РАСА́, папяліца, бель,

хвароба вышэйшых раслін, якая выклікаецца мучністарасянымі грыбамі. Пашырана амаль усюды. Найб. развіваецца ў засушлівыя гады. Пашкоджвае многія с.-г. і дзікарослыя расліны, напр.: бабовыя, злакавыя, парасонавыя, буракі, капусту (узбуджальнікі — грыбы роду эрызіфе), гарбузовыя, маліны, ружы, сунічнік, агрэст і парэчкі, Хмель (сфератэка), ігрушы, яблыні і інш. пладовыя культуры (падасфера), дубы і інш. лясныя дрэвы (мікрасфера). Расліны заражаюцца вясной (азімыя і ўвосень) аскаспорамі, пазней канідыямі грыба. На маладых надземных органах паяўляюцца плямы мучніста-белага парашкападобнага або павуціністага налёту з міцэлію і канідыяў грыба, які паступова разрастаецца, робіцца больш шчыльным (лямцавым) і цёмным. Хворыя органы дрэнна растуць і развіваюцца, дэфармуюцца, засыхаюць, плады могуць растрэсквацца і загніваць. У канцы вегетац. перыяду на паверхні міцэлію ўтвараюцца клейстатэцыі, у якіх выспяваюць (звычайна зімой) аскаспоры; зімуе таксама міцэлій (на азімых культурах і шматгадовых раслінах).

Літ.:

Головин П.Н. Мучнисторосяные грибы, паразитирующие на культурных и полезных диких растениях. М.; Л., 1960.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СКА (Lemna),

род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.

Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

Раска: 1 — маленькая; 2 — трохдольная.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТЭРАМІЦЭ́ТЫ (Gasteromycetes),

група парадкаў базідыяльных грыбоў. 11 парадкаў, 23 сям., 145 родаў, больш за 1000 відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў цёплых і ўмерана цёплых засушлівых раёнах (стэпах, паўпустынях і пустынях), ёсць трапічныя роды і віды, таксама касмапаліты. На Беларусі 5 парадкаў — нідулярыяльныя, дажджавіковыя, гіменагастральныя, склерадэрматальныя, фаляльныя, 23 роды (найб. вядомыя вясёлка, галавач, гняздоўка, дажджавік, порхаўка, зорачнік, тыгельчык несапраўдны дажджавік, міцэнаструм, гіменагастэр, каранёвец, кілішак, лангерманія), каля 60 відаў. У асноўным глебавыя сапратрофы і ксілатрофы, некаторыя мікарызаўтваральнікі, ёсць каранёвыя паразіты. Растуць у лясах на глебе і подсціле, рэштках драўніны, на лугах і палях. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.

Характэрныя прыкметы гастэраміцэтаў — замкнёнасць пладовых цел да поўнага выспявання базідыяспор. Пладовыя целы сядзячыя або на ножцы, розныя па форме (шара-, клубне-, груша-, яйца-, кубачка-, зоркападобныя і інш.), памерах (дыям. 1—70 см), масе (да 12,5 кг). Бываюць наземныя, паўпадземныя, падземныя. Пладовыя целы ўкрыты адна-, двух- або шматслаёвай абалонкай (перыдыем). Мякаць (глеба) у маладым узросце белая або шараватая, рыхлая, у пераважнай большасці відаў з камерамі, у якіх развіваюцца базідыі з базідыяспорамі, потым парашкападобная, слізкая ад аліўкавага да карычневага колеру, зрэдку застаецца шчыльнай. Сярод гастэраміцэтаў — ядомыя (маладыя галавачы, дажджавікі і інш.), ядавітыя (несапраўдны дажджавік), лек. (вясёлка) грыбы.

В.​С.​Гапіенка.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІДО́Р, тамат (Lycopersicon),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 3 віды (па інш. звестках 7). Радзіма — Паўд. Амерыка. Культывуюць усюды П. звычайны (L. esculentum) і каля 2000 яго сартоў і форм. Вядомы інкам як лек. і дэкар. расліна. З сярэдзіны 16 ст. — у Паўд. Еўропе, дзе яго пачалі ўжываць у ежу. На Беларусі вырошчваюць з 1830-х г.

Адна- і шматгадовыя (у тропіках) травяністыя і паўхмызняковыя расліны. Сцябло прамастойнае або палеглае, голае ці слабаапушанае. Лісце непарнаперыста-рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, суквецце — завіток. Плод — сакавітая ягада масай 20—900 г і болей. Адрозніваюць 3 разнавіднасці П. звычайнага: буйналісты, звычайны і штамбавы. Расліны буйналістага П. сярэдняй выш., лісце буйное. Плады круглыя або пласкакруглыя, чырв. або ружовыя. Расліны звычайнага П. карлікавыя, сярэдня- або высакарослыя, слаба- ці моцна-аблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні або буйное. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія або рабрыстыя, чырв., малінавыя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя. Расліны штамбавага П. карлікавыя ці сярэднярослыя, моцнааблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні, гафрыраванае. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія, гладкія або рабрыстыя, ружовыя, чырв., жоўтыя. На Беларусі раянаваны сарты Перамога 165, Талаліхін 186, Белы наліў 241, Даходны, Ружа, Віліна, Калінка, Раніца, Нёман і інш.

Літ.:

Брежнев Д.Д. Томаты. 2 изд. Л., 1964;

Полянская А.М. Томаты. Мн., 1973;

Тараканов Г.И., Борисов Н.В., Климов В.В. Овощеводство защишенного грунта. М., 1982.

У.​П.​Пярэднеў.

Сарты памідораў: 1 — Талаліхін 186; 2 — Белы наліў 241; 3 — Юрмалас; 4 — Перамога 165.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),

атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн. г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям. конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям. саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.

Літ.:

Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;

Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;

Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.

Т.​П.​Смірнова.

Прамакрылыя: 1 — кабылка траскучая (а — самец, б — самка); 2 — акрыда; 3 — цвыркун палявы; 4 — кабылка стракатая; 5 — кабылка бяскрылая; 6 — трыперст; 7 — цвыркун дамавы.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁР (Castor fiber),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.

У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл. Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.

Бабёр.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),

старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;

Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

Плацін.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,

зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКІ АРКТЫ́ЧНЫ АРХІПЕЛА́Г,

група астравоў каля паўн. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі. Належыць Канадзе. Пл. 1,3 млн. км². Насельніцтва некалькі тыс. чал., пераважна эскімосы. Найб. астравы: Бафінава Зямля, Элсмір, Вікторыя, Банкс, Дэван. Архіпелаг размешчаны на мацерыковай водмелі, складаная сістэма праліваў падзяляе яго на некалькі груп астравоў (Сведрупа а-вы, Пары архіпелаг і інш.). Абмываецца на Пн і У Паўн. Ледавітым ак. (м. Бофарта, Лінкальна, Бафіна, прал. Робсан, Кенэдзі, Сміт, бас. Кейна), на ПдУ і Пд — Атлантычным ак. (прал. Дэйвіса і Гудзонаў, бас. Фокса). У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны і плато выш. 200—500 м, складзеныя асадкавымі пародамі палеазою. На У — горныя масівы выш. да 2926 м (на в-ве Элсмір). Усх. ўзбярэжжы складзены са стараж. крышт. парод, глыбока расчлянёныя фіёрдамі. Паўн.-зах. ч. архіпелага нізінная, складзена з рыхлых марскіх адкладаў; пашыраны мярзлотныя формы рэльефу. Зледзяненне (агульная пл. ледавікоў 154 тыс. км²) на Пн, каля ўзбярэжжаў участкі шэльфавага лёду. Радовішчы нафты, газу, жал. руды. Клімат арктычны, суровы, на У больш вільготны, на З рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -23 °C на ПдУ да -35 °C на ПнЗ, ліп. ад 7 °C на Пд да 4 °C на Пн. Ападкаў ад 400—450 мм на ПдУ да 100 мм і менш на Пн. Усюды развіта шматгадовая мерзлата. Прыбярэжныя моры і пралівы 9—10 месяцаў укрыты лёдам. На Пн арктычныя пустыні, на Пд мохава-лішайнікавыя і мохава-кусцікавыя тундры. Фауна: паўн. алень, белы мядзведзь, пясец, лемінгі, тундравыя курапаткі; з эндэмікаў — мускусны бык. У прыбярэжных водах цюлені, кіты, маржы і інш. Нац. парк Ауюітук (в-аў Бафінава Зямля), некалькі рэзерватаў. Марскі промысел, рыбалоўства, паляванне. Найб. населеныя пункты: Фробішэр-Бей (в-аў Бафінава Зямля), Кеймбрыдж-Бей (в-аў Вікторыя), Рэзальют (в-аў Батэрст).

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ФАРТА ШКАЛА́,

служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.​Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл. табл.).

Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта Скорасць ветру, м/с Характарыстыка ветру
0 0—0,2 Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1 0,3—1,5 Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2 1,6—3,3 Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3 3,4—5,4 Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4 5,5—7,9 Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5 8—10,7 Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6 10,8—13,8 Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7 13,9—17,1 Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8 17,2—20,7 Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9 20,8—24,4 Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10 24,5—28,4 Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11 28,5—32,6 Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12 больш за 32,7 Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)