КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,

царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з уваходжаннем тэр. б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал. царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.

Літ.:

Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд. Мн., 1990);

Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;

Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Й Зоя Міхайлаўна (1.6.1902, г. Тамбоў, Расія — 21.4.1965),

украінская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1944). Скончыла Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1927). У 1928—55 салістка Кіеўскага, у 1930—34 — Харкаўскага т-раў оперы і балета. У 1947 — 65 выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1963 праф.). Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» Лысенкі), Аксана («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.​Верыкоўскага), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступала як камерная спявачка. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1933, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНІПРО́ВА ЧА́ЙКА (сапр. Васілеўская Людміла Аляксееўна; 1.11.1861, с. Зялёны Яр Мікалаеўскай вобл., Украіна — 13.3.1927),

украінская пісьменніца. Скончыла гімназію ў Адэсе (1879). Майстар інтымнай і грамадз. лірыкі. Аўтар рытмізаваных лірычных мініяцюр, адметных сац. сімволікай, рамант. пафасам і філас. роздумам аб сэнсе жыцця: «Дзяўчына-чайка» (1892), «Скала» (1893), «Буравеснік» (1900), «Плаўні гараць» (1902) і інш. Побыт укр. сялянства і інтэлігенцыі канца 19 — пач. 20 ст. адлюстраваны ў апавяданнях «Знахарка» (1885), «Крыжанос» (1896), «У школе» (1909). Вядома як збіральніца фальклору, перакладчыца.

Тв.:

Вибрані творы. Київ, 1987.

Літ.:

Пінчук В.Г. Дніпрова Чайка. Київ, 1984.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́РА Марыя Аркадзеўна (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),

украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-т нар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка, М.​Машары, А.​Стаховіча, Н.​Тарас, Э.​Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Е.​Лось, М.​Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.

В.​Я.​Буран.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА Ларыса Архіпаўна (28.1.1918, г. Макееўка Данецкай вобл., Украіна — 19.1.1981),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1940), з 1951 выкладала ў ёй (з перапынкамі; з 1978 праф.). У 1939—70 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодала моцным голасам, яркі.м драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у многіх операх укр. кампазітараў, у т. л. Уля Громава («Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса). Сярод партый; Юнона («Энеіда» М.​Лысенкі), Саламія («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча) Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1939). Здымалася ў кіно.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫПО́ЛА Гізела Альбертаўна (н. 27.9.1944, с. Гаць Закарпацкай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Украіны (1976). Нар. арт. СССР (1988). Скончыла Харкаўскі ін-т мастацтваў (1969). З 1968 салістка Укр. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Марыльца («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Аксана («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан, Тоска («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.​Пучыні), Этэры («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі) і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1968), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Токіо, 1976; 1-я прэмія). Дзярж. прэмія Грузіі 1972.

т. 17, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАХО́ЎСКАЯ Раіса Львоўна (н. 1.5.1916, г. Адэса, Украіна),

украінская і рас. артыстка балета, бел. дзяячка самадз. мастацтва, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыла Адэскі музычна-тэатр. тэхнікум (1933). З 1934 салістка балета Адэскага і Новасібірскага т-раў оперы і балета, Омскай філармоніі, педагог-балетмайстар Масюўскага т-ра імя Я.​Вахтангава. У 1956—91 арганізатар і маст. кіраўнік Мінскай дзіцячай нар. балетнай студыі «Мара» пры Палацы культуры Белсаўпрофа. Аўтар і пастаноўшчык харэаграфічных кампазіцый, танцаў, дзіцячых балетаў у студыі «Мара», лібрэта балета «Альпійская балада» Я.​Глебава. Сярод вучняў І.Душкевіч.

Тв.:

Танцевать могут все. Мн., 1973.

т. 17, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБІ́СТЫ,

украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт. газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз. Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр. камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.​М.​Блакітны (сапр. Яланскі), Р.​Ф.​Грынько, А.​П.​Любчанка, І.​В.​Міхайлічэнка, А.​Я.​Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА Бэла Андрэеўна (н. 18.8.1933, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),

украінская і расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1956). З 1956 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета, у 1973—88 — Вял. т-ра ў Маскве, адначасова з 1977 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Валодае выдатнай вак. школай, чыстым, прыгожага цёплага тэмбру голасам, артыстызмам. Сярод партый: Венера («Энеіда» М.​Лысенкі), Іолан, Ярына («Мілана», «Арсенал» Г.​Майбарады), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Людміла («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў (1957, Францыя). Дзярж. прэмія СССР 1971.

Б.А.Рудэнка.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДЭ Ірына (сапр. Палатнюк Дар’я Дзмітрыеўна; 5.5.1907, г. Чарнаўцы, Украіна — 30.10.1982),

украінская пісьменніца. У 1928—33 вучылася ў Львоўскім ун-це. Друкавалася з 1930. Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Гісторыя аднаго жыцця» (1946), «Яблыні зацвілі ў другі раз» (1949), «Ружы і церні» (1961), «Чалавечае цяпло» (1964), зб. «Мініяцюры» (1969) і інш. У рамане «Сёстры Рычынскія» (кн. 1—2, 1958—64; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1965) намалявала шырокую панараму міжваеннага дваццацігоддзя ва Усх. Галіцыі. На бел. мову творы Вільдэ перакладалі Я.​Брыль, А.​Васілевіч, Л.​Салавей, Я.​Скрыган, А.​Шарахоўская.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Киів, 1967—68.

Літ.:

І.​Вільде: Бібліогр. покажчик. Львів, 1972.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)