МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),

змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.

Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10​−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10​−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.

Літ.:

Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎКСАТРО́ФЫ [ад грэч. auxō вырошчваю, павялічваю + ...троф(ы)],

арганізмы (часцей мікраарганізмы), якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць адно з рэчываў, неабходных для іх росту (амінакіслату, вітамін, азоцістую аснову і інш.). Могуць жыць толькі на тым пажыўным асяроддзі, куды гэтае рэчыва прыўнесена. Аўксатрофы шырока выкарыстоўваюць у генет. і іншых біял. даследаваннях. Гл. таксама Прататрофы.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (стараж.-яўр. чалавек),

у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́РА СІ́ЛА,

сіла, што дзейнічае на элемент правадніка з токам у магн. полі. Вызначаецца формулай: dF→ = ( j→ × B→ ) dV , дзе j→ — шчыльнасць эл. току ў правадніку, B→ — магн. індукцыя ў тым пункце прасторы, дзе знаходзіцца элемент аб’ёму правадніка dV, j→ × B→ — вектарны здабытак вектараў j→ і B→. Названы ў гонар А.М.Ампера.

Ампера закон.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1963 аб цывільнай адказнасці за шкоду,

міжнародны акт, прыняты на міжнар. дыпламатычнай канферэнцыі па цывільнай адказнасці за ядзерную шкоду 29.4—19.5.1963. У сувязі з тым, што ядзерныя аб’екты з’яўляюцца крыніцамі павышанай небяспекі, канвенцыя прадугледжвае абсалютную адказнасць за ядзерную шкоду незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці віны. Заключаны акт канферэнцыі падпісаў СССР.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЛАГІ́ЧНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ Сусвету,

нестацыянарнасць Сусвету, якая выяўляецца ў яго расшырэнні. Характарызуецца тым, што адлегласць паміж кожнымі двума яго пунктамі (скопішчамі Галактык) павялічваецца паводле пэўнага закону. Прыводзіць да эфекту «разбягання» галактык са скарасцямі, якія павялічваюцца з павелічэннем адлегласцей да галактык, што ўстаноўлена па наяўнасці чырвонага зрушэння ліній у іх спектрах (гл. Хабла пастаянная).

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭРАМАТО́РНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́ (ад лац. ponus вага, цяжар + motor які рухае),

механічнае ўздзеянне аптычнага выпрамянення (святла) на целы, часцінкі, асобныя атамы і малекулы. Выяўляецца ў тым, што святло надае целу імпульс пры апрамяненні (светлавы ціск) або пры выпрамяненні (светлавая аддача), а таксама момант імпульсу пры апрамяненні эліптычна палярызаваным святлом (гл. Садоўскага эфект).

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЕРЭ́НЦ-ЭЛІПСО́ІД (ад лац. referens які паведамляе, дапаможны),

зямны эліпсоід з пэўнымі памерамі і становішчам у целе Зямлі. Служыць дапаможнай матэм. паверхняй, да якой зводзяць вынікі ўсіх геад. вымярэнняў на зямной паверхні і тым самым праектуюцца пункты апорнай геадэзічнай сеткі. У геад. і картаграфічных работах розных краін карыстаюцца рознымі Р.-э. Гл. таксама Красоўскага эліпсоід.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ТРЭ́НЕР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным трэнерам-выкладчыкам па спорце, у т. л. тым, што працуюць са спартсменамі-інвалідамі не менш за 4 гады, за паспяховую вучэбна-трэніровачную і выхаваўчую работу па падрыхтоўцы выдатных спартсменаў і каманд; трэнерам нацыянальных (зборных) каманд Рэспублікі Беларусь, якія маюць стаж работы з гэтымі камандамі не менш за 4 гады, за падрыхтоўку і паспяховае выступленне гэтых каманд на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы; першым трэнерам спартсменаў, якія дасягнулі выдатных поспехаў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы, і тым, што працуюць з гэтымі спартсменамі не менш за 2 гады, пачынаючы з вучэбна-трэніровачнага этапу; трэнерам спарт. школ і арг-цый, што раней прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы перададзеных у вышэйшае звяно спартсменаў, пры ўмове работы з імі не менш за 4 гады. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя трэнеры Рэспублікі Беларусь

1995. В.​А.​Няфёдаў, М.​Б.​Парахоўскі, Ю.​М.​Тарасюк.

т. 6, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)