КАПІЛЯ́РНЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць фіз. з’яў, абумоўленых сіламі паверхневага нацяжэння на мяжы падзелу паміж асяроддзямі, якія не змешваюцца; асобны выпадак паверхневых з’яў. Адкрыты і даследаваны Леанарда да Вінчы, Б.​Паскалем і Дж.​Журэнам; тэорыя К.з. распрацавана ў работах П.​Лапласа, Т.​Юнга, Дж.​Гібса і інш.

Да К.з. звычайна адносяць з’явы ў вадкасцях, выкліканыя скрыўленнем іх паверхняў, якія мяжуюць з інш. вадкасцямі, цвёрдымі целамі, газам ці ўласнай парай. Напр., падыманне змочвальнай (гл. Змочванне) ці апусканне нязмочвальнай вадкасці ў тонкіх (капілярных) трубках або сітаватасцях цвёрдага цела; гідрастатычны ціск у гэтым выпадку ўраўнаважваецца капілярным ціскам (гл. Лапласа закон). Ва ўмовах бязважкасці пры адсутнасці датыкання да інш. цел абмежаваны аб’ём вадкасці прымае пад уздзеяннем паверхневага нацяжэння форму шара (гл. Кропля). Такую ж форму вадкасць набывае і ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ўнутры інш. вадкасці, якая мае такую ж шчыльнасць. К.з. значна ўплываюць на ўласцівасці сістэм, што складаюцца з дробных кропель (эмульсіі, вадкія аэразолі, пены), а таксама ўмовы іх утварэння; вызначаюць умовы ўтварэння зародкаў кандэнсацыі, кіпення, крышталізацыі і адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (асабліва ў водным рэжыме глебы і абмене рэчываў у раслін), тэхніцы (напр., у працэсах сушкі, прамочвання) і інш.

Літ.:

Современная теория капиллярности. Л., 1980.

П.​С.​Габец.

Да арт. Капілярныя з’явы: а — капілярнае падняцце змочвальнай вадкасці; б — апусканне нязмочвальнай вадкасці.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.​І.​Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАЧЫРВО́НАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, інфрачырвоныя прамяні,

нябачнае электрамагнітнае выпрамяненне аптычнага дыяпазону з даўжынёй хваль ад 0,74 мкм да 1—2 мм (ад чырв. канца бачнага спектра да найб. кароткіх радыёхваль). Выпрамяняецца ўсякім целам, асабліва нагрэтым. Складае значную ч. выпрамянення Сонца, большую ч. выпрамянення лямпаў напальвання, розных газаразрадных крыніц святла. Шырока выкарыстоўваюцца спец. крыніцы І.в. — стрыжні на аснове вокіслаў рэдказямельных элементаў і карбіду крэмнію, перспектыўныя лазерныя крыніцы І.в. Адкрыта ў 1800 У.Гершэлем.

І.в. вылучаюць таксама касм. целы: халодныя чырв. карлікі (зоркі з т-рай паверхні 1000—1500 К), шэраг планетарных туманнасцей, пылавыя воблакі, ядры галактык (у т. л. нашай), квазары. Спектр І.в. (як і бачнага, ультрафіялетавага) можа складацца з асобных ліній, палос або быць неперарыўным у залежнасці ад прыроды крыніцы. Аптычныя ўласцівасці рэчываў (празрыстасць, каэф. адбіцця і пераламлення) у інфрачырв. вобласці спектра звычайна адрозніваюцца ад уласцівасцей у бачнай і ультрафіялетавай абласцях. Многія рэчывы, празрыстыя ў бачнай вобласці, непразрыстыя ў некаторых абласцях І.в. і наадварот У большасці металаў адбівальная здольнасць для І.в. значна большая, чым для бачнага. Вылучыць І.в. з агульнага патоку выпрамянення можна з дапамогай прызмаў, дыфракцыйных рашотак, дысперсійных фільтраў і інш. Для выяўлення і вымярэння І.в. выкарыстоўваюцца цеплавыя і фотаэлектрычныя прыёмнікі (балометры, тэрмаэлементы), оптыка-акустычныя і піраэлектрычныя прыёмнікі, фотаэлементы і фотапамнажальнікі, электронна-аптычныя пераўтваральнікі і фотарэзістары, спец. фотаматэрыялы. І.в. выкарыстоўваецца ў навук даследаваннях, прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ваен. справе — для ідэнтыфікацыі і вывучэння будовы хім злучэнняў, якаснага і колькаснага спектральнага аналізу (гл. Інфрачырвоная спектраскапія), сушкі і нагрэву, дэфектаскапіі вырабаў (гл. Інфрачырвоная дэфектаскапія), фатаграфавання ў цемнаце, у начнога бачання прыладах і цеплапеленгацыі, саманавядзення снарадаў і ракет, наземнай і касм. сувязі, у лакатарах, дальнамерах і інш. (гл. таксама Інфрачырвоная тэхніка).

Літ.:

Леконт Ж. Инфракрасное излучение: Пер. с фр. М., 1958;

Марков М.Н. Приемники инфракрасного излучения. М., 1968;

Хадсон Р.Д. Инфракрасные системы: Пер. с англ. М., 1972;

Левитин И.Б. Применение инфракрасной техники в народном хозяйстве. Л., 1981.

Р.​Г.​Жбанкоў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, якая аб’ядноўвае прадпрыемствы па здабычы сыравіны і вытв-сці грубай керамікі (гліняная цэгла, керамічны камень, абліцовачная плітка, кафля, дахоўка, дрэнажныя трубы, сан.-буд., кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і інш.), тонкай керамікі (фарфора-фаянсавыя вырабы: прадметы прыкладнога характару, гасп. і лабараторны посуд і інш.), керамзіту, вырабаў эл.-тэхн. і радыётэхн. прам-сці, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вытв-сць вырабаў з керамікі заснавана на ўласцівасці гліністых матэрыялаў утвараць з вадой пластычнае цеста, з якога можна рабіць патрэбную форму і абпальваць. Керамічная вытв-сць разнастайная, зводзіцца да працэсаў апрацоўкі керамічнай сыравіны, падрыхтоўкі масы, афармлення вырабаў, іх сушкі і абпальвання.

На Беларусі вытв-сць глінянага посуду пачалася ў неаліце (5—4 тыс. г. да н.э.). З пашырэннем тут у 10 ст. н.э. ганчарнага круга вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў спец. рамяство — ганчарства. У 16—18 ст. існавалі дзесяткі асяродкаў вытв-сці керамічных вырабаў, пераважна розных відаў гасп. посуду. З 16 ст. інтэнсіўна развівалася і вытв-сць кафлі (буйным. яе цэнтрам пазней стаў Копысь). У 1742 кн. М.​Радзівіл заснаваў у Свержані першую на Беларусі фаянсавую мануфактуру, дзе выпускалі сталовы посуд, дэкар.-маст. вырабы. Фаянс выраблялі мануфактуры ў Гродне, Целяханах, Урэччы, Слуцку. З даўніх часоў як цэнтры керамічнай вытв-сці вядомы Пружаны, Дуброўна, Івянец, Радашковічы, Ракаў, Гарадная (Столінскі р-н). У 1950—60-я г. на Беларусі арганізаваны выпуск керамічных дрэнажных труб, абліцовачнай пліткі, керамічнай пліткі для падлогі, дахоўкі. У 1974 вытв-сць дахоўкі была спынена, адноўлена ў 1990-я г. Сярод краін свету вытв-сцю керамічных вырабаў вылучаюцца Кітай, ЗША, Расія, Італія, Іспанія, Чэхія.

На Беларусі (1995) выпушчана 5426 тыс. м² керамічнай пліткі для ўнутр. абліцоўкі, 1071 тыс. м² керамічнай пліткі для падлогі, 1679 тыс. м² фасаднай керамічнай пліткі розных колераў, 433,6 тыс. шт. сан. керамічных вырабаў, 20,2 тыс. м² дахоўкі, 21 млн. шт. фарфора-фаянсавага посуду, у т. л. 409 тыс. камплектаў чайных і кававых сервізаў. Найбольшае прадпрыемства па выпуску розных відаў буд. керамікі ВА «Керамін» (раней «Мінскбудматэрыялы»). Буд. кераміку выпускаюць таксама ВА «Кераміка» ў Віцебску, Обальскі керамічны з-д, ВА «Оршабудматэрыялы», Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Скідзельскі камбінат буд. матэрыялаў, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Магілёўскі камбінат буд. матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны з-д, з-д абліцовачнай фасаднай керамікі «Гарынь» у Столінскім р-не, малыя прадпрыемствы «Архіпласт» (Ліда), «Маналіткерам» (Талачынскі р-н) і інш. Гатункавы посуд, маст. кераміку выпускаюць Мінскі фарфоравы з-д, вытв. гандл. фірма «Фарфор» (Добруш), Радашковіцкі керамічны з-д. Экспартуюцца абліцовачная керамічная плітка, гатунковы посуд, вырабы маст. керамікі.

С.​І.​Сідор.

Да арт. Керамічная прамысловасць. Ліцейны ўчастак завода «Будфарфор» ААТ «Керамін».

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),

галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).

Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.​К.​Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с. англ. М., 1981.

У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

Да арт. Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,

Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-т ядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.​М.​Кржыжаноўскага (з 1986 Бел. н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар. час. «Heat and Mass Fransfer» і амер. час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц. тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым. даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМ СССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.​П.​Валошын (дырэктар у 1952—56), акад. АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац. Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).

У.​Л.​Драгун.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),

тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м²кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).

Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.

П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст. н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст.мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).

На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.

Літ.:

Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;

Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;

Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;

Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).
Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯПРО́ЎЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш. усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.​Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.​Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.​Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.​Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)